падумаўшы, сцягнуў з нагі мокры бот.

— Во, можа, у вас якая анучына знойдзецца? Пераабуцца.

— Ануча? Зараз.

— Анэля шаснула ў запечак, чуваць было, нешта разадрала там і хутка вынесла яму дзве мяккія і нават цёплыя анучыны. Дровы ў грубцы сталі добра ўгарацца, скрозь па падлозе заскакалі барвовыя водбліскі, асвятлілі чырвоным і без таго счырванелую ад сцюжы ступню Бурава.

— А як жа мама твая? Ці жывая? — запыталася Анэля ад печы.

— Мамы няма ўжо. Тры гады як.

— А сястра ж Феня?

— І сястры няма. Забілі вясной у Лісічанскай пушчы.

Гаспадыня там часам паставіла на стол міску з цёплай смажанай бульбай, ад якой ішоў такі смачны пах, што цяжка было ўтрымацца, але Бураў пераабуваўся з абыякавым да ежы выглядам — быццам сам нядаўна ад стала. Сушчэня тым часам сігануў за посцілку і паставіў ля міскі трохі няпоўную пляшку, у якой знаёма калыхалася мутнаватая вадкасць.

— Дык, можа, прысядзеце? — амаль умольна зірнуў ён на Бурава, ды той рашуча пакруціў галавой.

— Не, не буду.

— Шкада. Ну што ж, тады я. Можна?

— Ладна, — пагадзіўся Бураў. — Толькі нядоўга.

Сушчэня наліў шклянку і выпіў, зараз, з нейкай нядобрай рашучасцю, бы кідаўся ў вір — без аглядкі, пажаваў кавалак хлеба і на момант знерухомеў каля газнічкі. Анэля ставіла і ячшэ нейкія талеркі — з салам і агуркамі, кідаючы хуткія, заклапочаныя позіркі то на мужа за сталом, то на Бурава ў прасценку.

— Эх, як не па-людску ўсё! — скрыгануў зубамі Сушчэня, і Анэля крутнулася да Бурава.

— Анягож! Ці ж мы спадзяваліся на што, ці чакалі! Як яго ўзялі, у мяне сэрца зайшлося, тыдзень спаць не магла, усе вочы праплакала… Аж выпусцілі, што ж цяпер рабіць? Ці ж па яго волі?..

Неўпрыцям глытаючы слінкі, Бураў тым часам не пераставаў сачыць за ўсім, што адбывалася ў хаце, услухоўваўся ў кожны прыцішаны гук знадворку. Але на падворку і вуліцы, здаецца, усё было ціха, у незавешаным ля парога акне ўжо чарнелася начная цемра. Грышка падлез пад сталом і ўмасціўся на лаўцы ля бацькі (бліжэй да ежы), здаецца, ужо страціўшы цікавасць да госця.

— Ён жа нічым не паграшыў супраць іх, ён жа іх выгараджваў, — ціха заплакала Анэля, і Бураў не стрымаўся.

— Але ж павесілі! А яго выпусцілі. За што?

— А хто ж іх знае, жа што…

— Так не бывае.

Сушчэня пры тых ягоных словах адхіснуўся ад стала, прыстукнуў вялікай даланёй па стальніцы.

— Ладна, Анэля, што гаварыць! Судзьба…

— Да, — няпэўна сказаў Бураў і ўстаў з лавы. Пакуль не ўсчалося горшае, тую гаворку трэба было канчаць. — Пайшлі!

Ён выйшаў на сярэдзіну хаты, трохі падцягнуў дзягу на шынялі. Сушчэня сядзеў за сталом, бы змярцвелы, наваліўшыся грудзьмі на стальніцу. Здалося, ён і не чуў тых слоў Бурава, але неўзабаве здрыгануўся, таропка наліў сабе з бутэлькі яшчэ і за адзін глык апаражніў шклянку.

— А чорт з ёй! Пайшлі!

— Куды? — узвілася Анэля. — Куды ты яго? Куды?

Яна загаласіла — не гучна, ды пакутна і роспачна, за ёй заплакаў малы, і Бураў ажно спалохаўся, што яны сваім плачам, не дай бог, паднімуць на ногі паўстанцыі. Праўда, Анэля хутка заціснула рукамі рот, заплакала цішэй, пасля падхапіла на рукі малога. Сушчэня тым часам накінуў на сябе ватоўку.

— Пайшлі. Гэта…

Нібы прыпомніўшы што, ён павярнуўся, таропка пацалаваў жонку і рашуча ступіў да дзвярэй. Яго дрыготкія рукі невідушча бегалі па грудзях у пошуках гузікаў, каб зашпіліць ватоўку.

— Куды гэта вы?! — зноў ужо другі раз узвілася Анэля і загаласіла так, што Бураў спалохаўся.

— Ну, трэба, — сказаў да жонкі Сушчэня. — Мы ненадоўга. Ты не плач, супакойся…

Ён стараўся гаварыць ціха, з набалелай добрасцю ў голасе, і, мабыць, гэта падзейнічала на жонку, тая на момант змоўкла. Яе вусны бязмоўна торгаліся, а вочы яшчэ з недаверам упіліся ў твар мужа, нібы спрабуючы дазнацца пра тое, пра што немагчыма было дазнацца.

— Тут на адно дзела трэба, — схлусіў Бураў, хоць у яго ад гэтага растання здрыганулася сэрца. — Хутка прыйдзе.

Тулячы да сябе малога, яна ўжо з усяе сілы таропілася позіркам у Бурава, што тупаў каля парога. Таму дужа не цярпелася скончыць усё гэта і выйсці на двор.

— Прыйду, ага, — спакайней пацвердзіў Сушчэня.

— Дык гэта ж… Як жа ты?.. Нічога не ўзяўшы, — спахапілася Анэля. — Гэта ж хоць сала вазьмі…

Мабыць, яна ўсё ж паверыла, выпусціла з рук малога, памкнулася да стала, пачала мітусліва кроіць хлеб, сала, загарнула ўсё ў нейкую паперыну, кінулася да мужа.

— Во, перакусіць. А то як жа, калі не еўшы… І гэта… Цыбуліну даць?

— Ат, не трэба, — махнуў рукой Сушчэня, другой няўважліва запіхваючы пакунак у цесную кішэню. І Анэля зноў насцярожылася.

— Ты ж любіў, каб з цыбуляй? — напялася яна, перастаўшы выціраць вочы і гатовая зноў заплакаць.

— Калі любіў, дык вазьмі, — сказаў Бураў. — Ага, дай і цыбуліну. З цыбуляй смачней. Калі сала, дык добра з цыбуляй.

Недзе пад прыпечкам яна знайшла пару цыбулін, адну сунула ў рукі мужа, другую падала Бураву. Той узяў, пахваліў цыбулю.

Анэля паспакайнела, падобна, зусім паверыла падману, хоць усё яшчэ была напятая ад хвалявання ці насцярожанасці і раз-пораз выцірала вочы. Хоць ужо і не плакала.

— Калі задоўжуся, мыйцеся без мяне, — сказаў Сушчэня.

Яны выйшлі з хаты — Сушчэня наперадзе, Бураў за ім. На дварэ ўжо сцямнелася, дзьмуў рэзкі вецер, але дажджу не было. Сушчэня зрабіўся нейкі роспачна-рэзкі ў руках свайго дужага цела, рашуча сігануў з ганка і спыніўся на гразкім двары.

— Куды?

— Туды, туды, — паказаў Бураў у бок дрывотні. Гаспадар, хіснуўшыся, ступіў крокаў пяць і спыніўся.

— Лапату ўзяць?

— Вазьмі, што ж, — падумаўшы, пагадзіўся Бураў і пільна пасачыў, як Сушчэна перабраў у падстрэшшы нейкія палкі, выцяг з-пад іх рыдлёўку.

— Што ж, сам разумееш, — ціха, нібы вінавата нават сказаў Бураў. — Калі выдаў…

Сушчэня рэзка павярнуўся да яго — Бураў з нечаканасці аж адхіснуўся — і са сцішанай ярасцю кінуў яму ў твар:

— Я не выдаваў!

— А хто ж выдаў? — спыніўся Бураў.

— Не знаю. Не знаю!

— Але ж цябе выпусцілі?

— Выпусцілі, сволачы, — роспачным шэптам выдыхнуў Сушчэня і зусім паныла дадаў: — Лепш бы павесілі. Разам!

Апошнія словы ён кінуў цераз плячо, нібы з рэштаю слабай надзеі апраўдацца, ці што. Але цяпер што карысці апраўдвацца, падумаў Бураў, хіба ён следчы? Бураў не следчы, ён выканаўца прысуду, а прысуд гэтаму чалавеку зроблены там, у лесе, ці яму перайначваць яго. Але як было і выконваць, калі выканаўца таксама пахіснуўся ў адчуванні свае праваты, нейкая яна не такая аказалася, тая яго правата.

Часу, аднак, у іх было мала, нават зусім не было часу. Тым болей, адчуваў Бураў, што ён проста можа завязнуць у гэтай заблытанай справе Сушчэні і праваліць заданне.

Яны паропка абышлі грувасткую кучу дроў і завярнулі на дрывотню, дзе ціха тупалі ў змроку двое

Вы читаете У тумане
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×