коней і тырчэла побач скалелая постаць Войціка. Той аддаў Бураву повад яго кабылкі, і яны хуткім крокам пайшлі сцежкай да лазні — Войцік спераду, Бураў ззаду. Між імі ішоў з рыдлёўкай у руцэ Сушчэня. Надзіва, Бураў ні трохі не баяўся яго, не апасаўся, што ён можа ўцячы ці нават, павярнуўшыся, секануць па галаве рыдлёўкай. Ён не так разумеў, як адчуваў, што Сушчэню нешта моцна ўтрымлівае ад варожасці да іх двух, хоць, канешне, той не мог не разумець, што справы яго былі кепскія. Праўда, на ўсякі выпадак Бураў пасунуў кабуру на дзязе бліжэй да спражкі, неўпрыкмет расшпіліў яе язычок. Карабін ён нёс на плячы і ўвесь час напружана згадваў: дзе? Дзе яму расквітацца з гэтым чалавекам, каб скінуць з сябе гнятлівы клопат і знаёмымі шляхамі-сцежкамі вярнуцца паначы ў пушчу. Штось, аднак, замінала яму, нейкая няпэўнасць у абставінах, ці што? Усё ж на іхнім шляху была рэчка з нязручнаю кладкаю, цераз якую трэба было неяк пералезці на той бок. У полі пад лесам, адчувалася, будзе трохі вальней, чым на гэтых гародах, пад носам у бобікаў. Сам не прызнаючы сабе, ён між тым усё бавіў час, міжвольна адсоўваючы кудысь той самы апошні момант. Штосьці ў ім яшчэ не саспела, каб зрабіць усё канчаткова, хутка і рашуча.

Рэчку на гэты раз яны адолелі трохі спрытней, чым нядаўна, — Войцік узлез на каня і паціху пераехаў ля кладкі, па кладцы на той бок даволі спрытна перабег Сушчэня. Каб не мачыць ногі, Бураў таксама пераехаў не на кабылцы, і яны спыніліся на дзірваністым беразе за лазнякамі. Бураў яшчэ нічога не вырашыў, а Сушчэня гэтую кароткую замінку, мабыць, зразумеў па-свойму.

— Ну што ж вы… братцы! — амаль замаліўся ён. — Бераг жа залівае… Тарфянік тут.

— А ты што — пясочку хацеў? — без пэўнага, аднак, намеру сказаў Бураў.

— А хоць бы і пясочку! Усё ж лепей, сам разумееш… Прыйдзецца ж некалі і самому…

— Пясочку? — сказаў Бураў, падумаўшы. — Ну, ладна, паехалі. У сасонніку там пясок.

— Ну, хоць у сасонніку, — дрыготкім голасам пагадзіўся Сушчэня.

У полі было надта ветрана і зусім ужо цёмна, асабліва ў доле, на чорнай мокрай раллі, толькі збоч на захмараным светлавым фоне трохі вытыркалася прырэчнае кустоўе, а далей, за полем, чарнелася сцяна сасонніку. Бураў скіраваў у той бок кабылку, і яны паехалі цераз гразкае поле; Сушчэня з рыдлёўкай на плячы шырока сігаў поруч. Ён не адставаў, стараючыся ісці ўпоравень з Буравым, нібы нават памыкаўся штосьці сказаць, ды толькі соп, стомлена, амаль знямогла. А Бураў, гойдаючыся з боку на бок на вострай хрыбціне, думаў, што, мабыць, трэба наважыцца, прыдбаць упэўненасці, крутаватай рашучасці. Мала што ён кажа: невінаваты, але ж факты! Усе факты якраз супраць яго, і з іх самы жахлівы той, што хлопцы пагінулі, а яго выпусцілі. Ну, што яшчэ трэба, якія доказы? Рэйкі развінчвалі разам з гэтым вось брыгадзірам пуцейцаў, і ён нават не адмаўляе таго, а чаму выпусцілі, растлумачыць не можа. Не знае! Але за так не выпускаюць, гэта зразумела і дурню. А то знае адно цвердзіць: невінаваты, не выдаваў нікога, але ж во ідзе! Ведае ж, куды вядуць, і нават узяў рыдлёўку, а ідзе. Не ўцякае, не спрачаецца, а ідзе. Ці ішоў бы з такой пакораю невінаваты?

А можа, менавіта так пакорна і ідзе, што невінаваты?

Чорт яго ведае, думаў Бураў, пакутна адчуваючы, што ўсё ў ягонай галаве пераблыталася, што колькі ні думай — усё роўна чагосьці не зразумееш: так усё ўскаламуціла гэтая жахлівая вайна. Ці, можа, ён, Бураў, чагосьці не ведае? Хаця што тут змяніла б, каб і ведаў усё. Ён жа прыехаў сюды не для таго, каб разбірацца ці штось зразумець, яго дзела надзвычай простае — застрэліць здрадніка. Каб іншым была навука, каб ведалі, як партызаны караюць тых, хто адступіўся ад сваіх, служыў немцам. Не, вагацца тут нельга, трэба рашучай рукой выкараняць погань.

На ўзлеску яны пераехалі пустую гравійку, і Бураў саскочыў з кабылы — ехаць па хмызняку ноччу было не надта каб зручна. Пакуль ён злазіў, Сушчэня спыніўся, хвіліну счакаў побач, Войцік таксама спешваўся ззаду. У лесе скрозь было мокра і золка, зверху з голля падалі за каршэнь сцюдзёныя кроплі, але вецер тут трохі паменшаў, і здавалася зацішней, чым у полі.

— Тут пагорак недзе, — прыпамінаючы знаёмую мясціну, сказаў Бураў. Сушчэня згодна кіўнуў галавой.

— Ды во баравінка зараз.

— Ну давай. Ідзі першы.

Сушчэня моўчкі пайшоў наперадзе, Бураў за ім, ведучы на повадзе кабылку; голле часам здзірала з галавы шапку, і ён ледзьве паспяваў адхінацца ад сучча. Раптам Бураў падумаў, што гэтак Сушчэня можа і ўцячы, і ажно спалохаўся на момант. Ды толькі на момант, бо Сушчэня ў лесе нават не прыбавіў хады, нават часам прытрымліваў у руках якую галінку, каб дужа не сцёбнуць Бурава. Але прыдарожны падлесак-хмызняк хутка скончыўся, яны выйшлі да баравінкі: засланіўшы змрочнае неба, наўкол паўсталі таўшчэзныя хвоі, іх ціхі, цягучы пошум плыў угары. Чысты, без травы, дол пад нагамі пачаў паднімацца на невысокі пагорак — прывабную баравінку ў лесе. Бураў памятаў яе з дзіцячай пары: тут вясной хлопцы палілі вогнішчы, гулялі ў вайну; улетку пад хвоямі любілі адпачыць лясныя захожыя. Баравінка невысокім валам агінала ўзлесак, далей зноў пачынаўся мешаны зараснік хмызняку, асіны і бярэзніку.

Яны ўзлезлі на самы яе верх і спыніліся. Скрозь было ціха, цёмна, патыхала лясною сырызнай, хвояй. Наўкол у доле чарнеліся тоўстыя камлі хвой, купкі ядлоўцу, нейкія незразумелыя і страхавітыя плямы, але Бураў даўно ўжо прывык да загадкавага выгляду начнога лесу, той яго мала трывожыў. Цяпер яго болей трывожыў Сушчэня.

— Ну, — знарок бадзёра сказаў Бураў. — Чым не мясціна! На любы выпадак!

— Выпадак!.. Каб мне сказалі калі… — пачаў і не скончыў Сушчэня.

Паныла апусціўшы плечы, ён стаяў на пагорку, пераводзіў дых, усім сваім апанураным выглядам сведчачы, што робіцца несправядлівасць, супраць якой ён знямогся пратэставаць і змушаны ёй падпарадкавацца. Бураў бачыў гэта, і яму ўсё болей рабілася ніякавата ад сваёй незайздроснай ролі ў гэтай гісторыі, хоць ён і гнаў ад сябе тое недарэчнае адчуванне. І ён сказаў, нібы для таго, каб трохі паспачуваць Сушчэню:

— Канешне, усё бывае. У такую вайну…

— Але ж гэта дзіка! — ледзь не закрычаў Сушчэня, і Бураў, спахапіўшыся, шыкнуў на яго:

— Ціха ты!

І азірнуўся на Войціка, які стомлена стаяў з канём трохі ніжэй ад іх на схіле пагорка.

— Войцік, ты ад'едзь там к дарозе. Пільнуй, каб чаго… Пакуль управімся.

Не адразу, па сваёй даўняй звычцы аб чымсь спачатку падумаўшы, Войцік нацягнуў повад і моўчкі павёў каня ўніз да ўзлеску і недалёкай адсюль гравійкі. Бураў пусціў долу кабылку — хай пасвіцца.

— Ну давай! Дзе ты хочаш? — проста, як пра штось малазначнае, запытаўся ён у Сушчэні. Той нібы ачнуўся ад задумення і з сілай дзеўбануў рыдлёўкай там, дзе стаяў.

— Праўду сказаў Гросмаер: у яго ўжо не выкруцішся.

«Ага, ужо і Гросмаер нейкі! — падумаў Бураў. — Вось так і высвятляецца… Ці не сувязь высвятляецца…» Ён трохі адышоўся ўбок, каб не замінаць Сушчэню, стаў на пагорку. Увогуле ён разумеў, што, пагадзіўшыся завітаць сюды, робіць не тое, растранжырвае каштоўны час ночы, за які яны ад'ехалі б адгэтуль далёка, што заўтра як бы не давялося шыбаваць павідну каля шышанскага гарнізона, павідну пераходзіць шасейку. Але міжволі ён усё нешта адцягваў, абачліва знаходзячы для таго нейкія прычыны і нават быў рады ў глыбіні душы, калі тыя прычыны знаходзіліся яшчэ і ў Сушчэні.

Моўчкі, з нейкаю нават упартай зацятасцю, Сушчэня тым часам узяўся капаць сабе яму. Адкінуўшы ўбок мох, ён дзёўб хваёвыя карані, якіх, мусіць, тут была процьма, паабсякаўшы іх, выкідваў разам з белым сухім пяском і ўжо праз некалькі хвілін да калень паглыбіўся ў зямлю. Яшчэ пакапае трохі, і, мабыць, будзе даволі, са страхавітай рашучасцю падумаў Бураў. Усё ж трэба канчаць. Як гэта зрабіць, ён так і не надумаў за вечар — ці стрэльнуць яго ў яме, ці над ямаю? Страляць у грудзі або ў патыліцу? Як лепш? Ці, можа, запытацца ў самога? Ён не хацеў, каб усё гэта было бязлітасна, са здзекам, хацеў, каб усё абышлося па справядлівасці і без крыўды. Усё ж свой чалавек, знаёмы вясковец. Ды яшчэ Анэля. І малы Грыша… «Як усё тое агідна і не па-людску, хай бы каго паслалі яшчэ», — каторы ўжо раз пачынаў злаваць Бураў.

— Ты, гэта, хоць не кажы Анэлі, — выпрастаўся ў яме Сушчэня, часта і цяжка дыхаючы ад стомы.

— Што не казаць? — насцярожыўся Бураў.

— Ды што расстраляў! Скажы, немцы забілі. Пасля ўжо, канешне, дазнаецца…

— Там відаць будзе, — няпэўна адказаў Бураў.

«Дзівак чалавек! — падумаў ён пра Сушчэню, які, трохі перадыхнуўшы, зноў лёг у работу. — Пра што клапоціцца…» На пагорку ўжо вырас ладны пясчаны гарбок, які выразна бялеўся ў доле, хутка разрастаючыся ўшыркі. Сушчэня шчыраваў як мае быць — мусіць, сапраўды клапаціўся, каб магіла была не

Вы читаете У тумане
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×