— немаведама што сталася з Буравым. Як ён раскажа аб тым у атрадзе?
Аднак у змрочным хваёвым лесе дарожка стала болей прыкметнай, ён ужо слепа не збочваў з яе і не натыкаўся на сучча падлеску. Здаецца, пачынала днець, начны змрок туманнай шэрасцю выціскаўся прэч з лесу, асядаў у голлі хваін. Як заўжды, ранак нёс трохі бадзёрасці пасля начной бессані. Войцік паспакайнеў, сагрэўся, аднак не страціў пільнасці, ступаў ціха і неяк знянацку ўчуў асцярожны старонні гук. То быў трэск галля пад нагамі — спрактыкаваным слыхам Войцік гэта вызначыў пэўна. Ён стаіўся ля маладой хваіны, паслухаў і неўзабаве згледзеў, як непадалёк у гушчары, неяк дзіўнавата-няпэўна ступаючы, нехта крадзецца — ужо ці не мядзведзь гэта? То ідзе разгоніста прама, то быццам замірае, аглядаючы шлях і ўслухоўваючыся. Во ён схаваўся за разложыстай елкай з апушчанымі долу сукамі, выйшаў зноў. І Войцік хутчэй здагадаўся, чым згледзеў у паўзмроку, што гэта ж чалавек нешта на сабе нясе. Ці не другога чалавека?
Няпэўная яшчэ здагадка стукнулася ў свядомасці Войціка, і ён, нерашуча сышоўшы з дарогі насустрач, ціха гукнуў:
— Бураў?
Чалавек, відаць было, знерухомеў, угледзеўся ў яго, але не кінуў ношу, а толькі выпрастаў з-пад яе галаву і азваўся:
— Таварыш Войцік?
— Войцік, ага. А ты…
Ужо нешта сцяміўшы, Войцік запаволеным крокам ішоў па мяккім імшарніку да начнога сустрэчнага. І перад ім усё болей выплывала з паўзмроку крутаплечая постаць Сушчэні з вінтоўкай на шыі, якую той, аднак, не спяшаўся хапаць у рукі і тым трохі супакойваў Войціка.
— Спаткаліся, называецца? — без жаднае злосці, хутчэй паныла сказаў Войцік. — Што з Буравым?
Мабыць, Бурава параніла-такі здорава: куля, здаецца, прабіла бок навылёт, і ён марудна сплываў крывёю. Прытомнасць яго знікала, растварылася ў болю, які нясцерпнай пякельнасцю ахапіў цела, сэрца захліпнулася, і ён праваліўся ў пакутны свет зданяў. Аднак тыя яго пакуты ў непрытомнасці былі зусім іншыя, чым наяве, там ён трываў болей душэўна, а фізічна адчуваў сябе хіба дашчэнту знямоглым, з ватнымі нагамі, такімі ж пазбаўленымі сілы рукамі. Аднак ён трымаўся імі за край кузава сваёй палутаркі, якая кацілася пад адхон па дарозе да Залескага возера, дзе быў масток цераз пратоку ў другое, меншае, возера. Ды ўся бяда ў тым, што масток той знік, на берагах нават не засталося ягонага следу, палутарка разгоніста набірала хуткасць, і ён не мог ускараскацца ў кузаў, каб неяк спыніць яе. Чаму яна пакацілася, таго ён не ведаў, можа, ён не паставіў на тормаз, а можа, там хто кіраваў ёю, але, так ці інакш, неўзабаве машына павінна была скульнуцца з абрыву.
Бураў енчыў, крычаў, ды крыку яго не чуў тут ніхто, хоць побач ішлі і ехалі людзі, але гэта былі дзіўныя людзі, быццам вайскоўцы, толькі ў нейкай незнаёмай форме, у рудых шынялях — японцы, ці што? І ўсе яны былі з акулярамі на плоскіх тварах і ўзіраліся ў яго, але ні адзін не памог яму. І вось урэшце машына паляцела з абрыву, і ён разам з ёю. Толькі ў пратоку яна не ўпала, яна ўзнялася ў паветра, ягоныя ногі адарваліся ад зямлі, ён падняўся, учапіўся за борт, і той іх палёт нечакана здаўся мяккім, плаўным, нават прыемным, калі б не страх вышыні. Зямля аддалілася, знікла, навакол была цёплая лагодная прастора, у якой прагырчэў чыйсьці голас і сціх. Здаецца, голас пытаўся штосьці, але Бураў не мог зразумець, хто і пра што пытаецца, тое прычыняла яму пакуты, як і яшчэ адна акалічнасць: вакол стала цёмна, і ён занепакоіўся — як жа ў цемры спусціцца яму на зямлю з няўключанымі фарамі?
Сапраўды, навокал было цёмна і сцюдзёна, ён ляжаў на зямлі, гэта пэўна, але без машыны. Палутарка яго дзесьці знікла, і нейчы інакшы голас ціха, зусім па-зямному, пытаўся: «Ты жывы, га?»
Ён хацеў сказаць, што жывы, але не разумеў, дзе ён і што з ім сталася. Чаму ён ляжыць? І хто гэта побач? Здаецца, павінен быць Войцік, з ім жа яны паехалі ў Масцішча… Нашто яны ехалі ў Масцішча?.. Ах, забіць здрадніка. Яны, здаецца, яшчэ і цяпер едуць, толькі чаму так цёмна і чаму ён гэтак няўклюдна распяты — вісіць дзесь на руках, а ногі часам валакуцца па лісцвяным доле, ногі сапраўды ватныя, без сілы, а пад шчакой штосьці мяккае і цёплае, і пахне чалавечым потам…
Толькі куды ж прапала палутарка?..
…Ах, ягоная палутарка, біты, разняшчасны грузавічок маркі «ГАЗ-АА»! Колькі ён натрываўся ад яе ды і разам з ёю, колькі ягоных спадзяванняў нарадзілася і перагарэла на гэтай машыне і як усё недарэчна скончылася…
Пра машыну ён марыў даўно, мабыць, з таго восеньскага дня, як упершыню згледзеў яе на станцыі — гэта прыехалі нейкія экспедытары з Віцебска, і яна стаяла ля прывакзальнага скверыка — магутная трохтонка на вялізных гумовых колах. У яе ўтульнай, зашклёнай кабінцы сядзеў шафёр з вялізнымі акулярамі над казырком, абапёршыся на руль, ён пазяхаў — мабыць, чакаў астатніх. Трое пасялковых сяброў-падшыванцаў спярша ўглядаліся ў яе здаля, пасля, падышоўшы бліжэй, памацалі яе тугія гумовыя колы, дашчаны кузаў, падножку. Вельмі хацелася паглядзець ім, што ў кабінцы, але яны баяліся дзядзькі- шафёра, які ўсё круціў галавой ды барабаніў пальцамі па чорным баранку-рулі. Бураў тады не зводзіў з ягонага твару ўлюбёнага позірку і, мусіць, тым дамогся свайго — шафёр павярнуў галаву і спытаў ляніва, але з жартоўнаю добрасцю ў голасе: «Што, хочаш піпікнуць?» — «Хачу», — раптам сказаў Колька, і той шырока расчыніў кабіну: «Ану, лезь сюды». Колька з дрыготкім сэрцам ускочыў на падножку, шафёр пасунуўся на мяккім сядзенні, і ён умасціўся побач, аберуч ашчаперыўшы слізкі кругляк руля. Яму ўжо ўявілася, што яны едуць — далёка і шпарка, і побач ззяюць у захапленні хлапечыя позіркі, — усе шалёна зайздросцяць яму. А тут яшчэ шафёр кажа: «Ану, ціскані гэта» — і паказвае на чорны гузачок пасярод руля. Колька ціскануў і зараз жа скалануўся ад нечаканага рыку, што пагрозліва раздаўся ў жалезным нутры машыны. Шафёр засмяяўся, паляпаў яго па плячы: «Не палохайся, падрасцеш, на шафёра вывучышся».
Кольку Бурава нібы падмянілі ў той лістападаўскі дзень, аўтамабіль для яго стаў марай, ён пільнаваў кожную машыну на вуліцы, хоць іх было яшчэ мала, і яму яшчэ мо разы чатыры шчасціла бачыць іх пераважна на станцыі, ля грузавога двара. Яшчэ гады праз чатыры, калі ён добра падрос, на машыне стаў працаваць дзядзька Ігнат, бацька ягонага аднакласніка Стася, і тут ужо Колька ўвесь вольны час прападаў на сядзібе сябра, пільнаваў ягонага бацьку, калі той прыязджаў на абед, і яны мелі кароценькую магчымасць пасядзець трохі ў цеснай, напечанай сонцам, але такой утульнай кабінцы. Але Стась не дужа захапляўся машынай, яму болей даспадобы былі трусы, якіх была працьма ў іхняй варыўні і якія зусім не цікавілі Кольку. І калі неяк летам дзядзька Ігнат узяўся за рамонт свае трохтонкі, яго першым дабраахвотным памочнікам стаў Колька. Спярша ён адціраў ад гразі рысоры, пасля мыў у газе балты і гайкі, памагаў дзядзьку Ігнату разбіраць задні мост — дзе патрымаць ключ, дзе падаць шплінт і шайбу, а то і падлезці дзіцячай рукой туды, дзе не пралазіла рука дарослага чалавека. Затым яны тыдзень корпаліся ў рухавіку, і дзядзька Ігнат тлумачыў хлопцу, навошта патрэбны шатуны і поршні і як яны круцяць каленчаты вал, як перадаецца ягоная энэргія на колы, адкуль і куды ідзе электрычнасць і як яна запальвае гаручае ў цыліндрах. Коля быў хлопец кемлівы і запамінаў усё да драбніц — слава богу, тады ўжо вучыўся ў сёмым класе. Праўда, затым у яго шафёрскай адукацыі настаў перапынак, аж гады тры ён рабіў у леспрамгасе, затое, прызваны на вайсковую службу, адразу папрасіўся ў аўташколу: сказаў камандзіру, што ведае будову аўтамабіля, трэба толькі навучыцца ездзіць. Камандзір трапіўся добры, і месяцы праз чатыры маладога чырвонаармейца Бурава залічылі ў аўташколу, дзе ён паказаў найлепшыя здольнасці і па сканчэнні атрымаў шафёрскія правы і па два трохкутнічкі ў пятліцы. Пасля ён ужо ні пра што іншае не марыў, як атрымаць машыну і ездзіць на ёй хоць да скону жыцця.
У жыцці, аднак, усё сталася болей складана і меней шчасліва, чымсь у марах. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дамоў, у мястэчка, але машын у раёне было ўсяго чатыры і на ўсіх сядзелі шафёры. Яму машыны ўжо не дасталося, і ён стаў чакаць. Каб было з чаго есці хлеб і карміць маці з сястрою, наняўся грузчыкам у райпо, там ён з год цягаў мяхі і скрынкі, нагружаў і разгружаў свае і гарадскія машыны. Неяк увосень часова падмяніў на трохтонцы Хвастова, калі той захварэў і яго старэнькая «АМО» засталася без вадзіцеля. Але Хвастоў неўзабаве паправіўся, і Бураў зноў мусіў падацца на апрыклы яму склад, грузіць нарыхтаваную за лета кару лазы і крушыны. І ён чакаў, упарта і настойліва, з роспаччу і надзеяй, аж пакуль аднойчы пад восень старшыня райпо Падабед не паклікаў яго ў кантору і не загадаў ехаць у Віцебск на станкабудаўнічы: рабочыя-шэфы выдзелілі райпо грузавы аўтамабіль. Выправіўшы дакументы, Бураў, нібы на крылах, паляцеў