бліскучай апраўцы, з выдатна распісаным пяром нумар 86. І там ужо ён пастараўся. Ён так акуратна, з палямі і выкручастымі росчыркамі вялікіх літар напісаў пратакол, што старшыня сельсавета, падпісваючы яго ў канцы, выкаціў вочы: ну і майстар! Ды і астатнія члены прэзідыума здзіўлена паўзіраліся — такога почырку яны ніколі не бачылі. Старшыня сельсавета на яго, аднак, не забыўся, і ў маі таго ж года ён ужо сядзеў у сельсавецкай хаце і пісаў. А калі таварыша Корбута пасадзілі кіраваць раёнам, Войцік таксама перайшоў у выканком — кадр ён быў ужо спрактыкаваны і даволі правераны.

Тут жа, у атрадзе, рабіць па ягонай спецыяльнасці, пэўна, не было чаго, ды ён, зрэшты, і не набіваўся на штось адметнае. Сказалі ўзяць вінтоўку і стаць у строй, ён узяў вінтоўку і стаў у строй. Праўда, і тут ён значна вылучаўся сярод малапісьменных калгаснікаў, якія ні дня не служылі ў войску і, канешне, тае вінтоўкі не трымалі ў руках. А ўжо калі разабраць і сабраць затвор… Ён жа хоць таксама не служыў абавязковай, але добра вывучыў вінтоўку на занятках Асаавіяхіма, дзе нават страляў тры разы, як здаваў нормы на значок «Варашылаўскі стралок». Значок і цяпер у яго на грудзях, бы ордэн. Хоць, можа, яшчэ заслужыць і ордэн, Чырвонай Зоркі, напрыклад, як у камандзіра. Што ён, дурнейшы за гэтага нахрапістага пяхотнага лейтэнанта? Можа, разумнейшы нават, бо старэйшы за яго аж на восем гадоў і ўсіх і ўсё тут ведае, а што радавы дагэтуль, дык гэта таму, што сціплы. Са словам не выскоквае, на бога не бярэ, усё па-добраму, паслухмяна і ціха.

Вось хоць бы і з гэтым Буравым.

Войцік яшчэ звечара, як яны пад'ехалі да сушчэнеўскай хаты, зразумеў, што Бураў нешта мудрыць, нешта цямніць ці хітруе, калі адзін ідзе ў хату і бавіцца там чорт ведае чаго, пакідаючы яго з коньмі калець у завуголлі на ветры. Усё тут можна было зрабіць проста і хутка: паклікаць на парог і стрэльнуць. Сабаку сабачая смерць, чаго валаводзіцца? Дык не, сядзеў паўгадзіны ў хаце, пасля павёў яго за раку, у лес. Магілу яму капае… Глядзі, яшчэ будзе лапкамі яе высцілаць, як той Паліванаў, калі расстрэльваў свайго сябрука Шургачова за праяўленую трусасць у баі. Абодва яны былі лейтэнанты з акружэнцаў, нядаўна прыйшлі ў атрад, і ў першым баі з кнігаўскім гарнізонам гэты Шургачоў збаяўся, уцёк з-пад агню, падставіўшы там пад агонь увесь іх узвод. Узвод, вядома, выбіла напалавіну, ну, камандзіры і рашылі, каб узводны сам выканаў прысуд, які Шургачову вынес атрад. Паліванаў загад выканаў, але, як для сябра, магілу на дне выслаў лапнікам, каб утульней было дружбаку, з якім, мабыць, хапілі ліха на фронце. Але тут не фронт — тут партызанка. Зноў жа, Сушчэня нікому з іх не дружбак, проста здраднік, хоць і колішні знаёмы Бурава. Нашто яму такая ўвага? Канешне, Войцік мог бы сказаць пра сваю нязгоду, ды ён ужо ведаў характар гэтага райпоўскага шафёра яшчэ з той пары, як той ганяў свой грузавік паміж мястэчкам і Лепелем — вазіў тавары, лён, пяньку і заўжды каго-небудзь побач — нарыхтоўшчыкаў, бухгалтараў ці начальства. Аднаго разу з ім паехаў і Войцік, трэба было тэрмінова адвезці звесткі пра тэмпы бульбаўборкі. Бураў у горадзе загрузіў сваю палутарку мяхамі з пярлоўкай, яны ўжо збіраліся ад'язджаць, як немаведама адкуль да машыны прыбілася бабка з суседняе з мястэчкам вёскі — ездзіла хаваць сына і цяпер вярталася дадому. Войцік пагадзіўся падвезці (што ж ён які злыдзень, не разумее, што і бабка — чалавек, хоць цёмная і старая, але не ісці ж ёй пехатой па гразі сорак кіламетраў). Ён яшчэ дапамог бабцы ўлезці ў машыну, і тая неяк уладкавалася там у куточку кузава ля мяшкоў і была страшэнна давольная яго дабрынёй і гасціннасцю. Тым болей, што пачынаў ісці дождж, і нідзе не было ніякай фурманкі. Але тут выскачыў з канторы запыханы, з квіткамі ў руках Бураў і, калі Войцік паказаў яму на бабку ў кузаве, закрычаў як рэзаны: «Злазь!» Бабка, вядома, злезла, а ён тады расчыняе дзверы кабіны, дзе ўжо сядзеў Войцік, і крычыць на яго: «Вылазь!» Здурнеў ён, ці што, падумаў Войцік ды вылез, і той усадзіў на ягонае месца бабку. Яны пасварыліся там, бабка сядзела, бы мыш, але не вылезла, і Войцік змушаны быў сорак вёрст трэсціся на дажджы і ветры ў дрогкім кузаве палутаркі. І ніякай увагі на яго ўсё ж раённага маштабу пасаду, на яго службовы аўтарытэт. І ўсё тое на вачах у бабкі. Войцік тады прастудзіўся, вядома, пасля з паўгода абходзіў гэтага Бурава стараной, вызнаў, ці не радня якая яму тая бабка, аказалася, не, не радня, нават не дужа знаёмая. Значыць, звычайная наравістасць, нахабнасць і хуліганства — іначай як назавеш той выбрык райпоўскага шафёра.

Цяпер во гэты Сушчэня…

Конь рупна поркаўся ў цемры ля канавы, дарога ляжала пустая, трошкі пабліскваючы ў цемры гразкімі крывулямі каляін. За полем на станцыі ўзяліся брахаць сабакі, там жа, дзесь на падворку, бліснула чырвонае святло — мусіць, з сенцаў. Там цяпер цёпла і сытна, вараць на вячэру бульбачку, падумаў Войцік, а тут во глытай слінкі ды калей на гэтым узлеску. Ён усё чакаў стрэлу на выспачцы, пасля якога яны адчулі б сябе вальней і паехалі б паначы да Зубраўкі, дзе былі свае людзі і дзе можна было б абагрэцца, паесці, пераначаваць. Мінула, мабыць, ужо з гадзіну, а стрэлу ўсё не было, і Войцік адышоўся ад хвоі, зябка патупаў нагамі — ногі зусім акалелі ў худых стаптаных гамашах. Ён наставіў каўнер воглай суконнай паддзёўкі, глыбей на вушы насунуў кепку і толькі зноў прыхінуўся да хвоі, як пачуў на дарозе галасы — якраз там, дзе поркаўся ля канавы згаладнелы конь. Ля лужыны там стаялі ўжо дзве фурманкі (і адкуль яны ўзяліся?), і з іх моўчкі ссыпаліся людзі — постацей мо з шэсць, якія неяк крадком, уроссып шаснулі ўсе за канаву ў падлесак. Адзін дык зусім блізка прайшоў ля хваіны, Войцік, абмёршы і перастаўшы дыхаць, праводзіў позіркам яго цьмяную постаць з вінтоўкаю ў руках і нават заўважыў, як ён высака ставіў ногі, мусіць, каб не надта шархацець у быльнягу пры дарозе. (Як на тую бяду, з баравінкі данеслася некалькі слоў, мусіць, Бураў нешта гукаў Сушчэню.) Спярша змярцвеламу Войціку здалося, што гэтая постаць прэ проста на яго да хваіны, але яна моўчкі і ціха падалася ў падлесак. Тады Войцік ураз апрытомнеў і, прыгнуўшыся, кінуўся за хвою, а пасля — па ўзлеску далей. У гэты час ззаду ўжо раздалося галёканне, крык і стрэлы — пругкія хлёсткія ўдары іх паласнулі па голлі — ці не над самай галавой Войціка. Ламаючы нейкі ссохлы прыдарожны быльнёг, Войцік бег як ашалелы, засцярожліва гнучыся да самай зямлі. Пасля трохі разагнуўся, няпэўна сцяміўшы, што страляюць не па ім, — кулі, чуваць было, дзігалі кудысь збоч, да выспы, там жа асядаў уначы крык ці, можа, лаянка — гучна задыханы Войцік не шмат што мог разабраць на бягу.

Унізе, якраз ля забалаці з алешнікам, ён знямогла прыпыніў свой бег, слухаючы, ці не пачуецца дзе Бураў. Але Бурава нідзе не было, навакол было ціха, спакваля спыніліся і стрэлы на баравінцы. Што там здарылася? Але што там магло здарыцца, калі абрынуліся паліцаі, — мусіць, забілі Бурава і аслабадзілі Сушчэню — трэба было яго валачы ў гэты лес! Мабыць, жонка збегала да каменданта, той і паслаў даганяць… Ну, трэба было яму ўсчынаць тую магілу! Цяпер у тую магілу Сушчэня сам скіне Бурава. Зрэшты, можа, так яму і трэба, дурню.

Горш, аднак, што ён, Войцік, застаўся без каня, якога цяпер, напэўна, падабрала паліцыя. А можа, і не падабрала, можа, ён там пасецца і спакваля яго можна будзе ўзяць? Гэтая думка змусіла яго наблізіцца да дарогі — не той, гравійкі, дзе яго напаткала бяда, а да лесавой, па якой надвячоркам яны сюды ехалі. Дарожка ціха і сонна ляжала між дзвюх змрочных сцен з хмызняку і хвой, угары светлаватай шчылінай бліскала змрочнае неба. Каб лепш чуць, Войцік прыпыніў дыханне і сціх: здалося, быццам ад баравінкі данесліся галасы. Але калі ён лепей услухаўся, галасы прапалі. Можа, тыя паехалі? Забралі забітага Бурава і паехалі на станцыю? А калі пакінулі там засаду — гэта ў тым выпадку, калі Бураў уцёк? Зрэшты, на чарта яму баравіна, яму трэба быў конь, а ягоны конь заставаўся каля гравійкі, там, дзе стаялі і іхнія дзве падводы.

Трохі пастаяўшы ў нерухомасці і пацікаваўшы навокал слыхам, Войцік яшчэ паразважаў і памалу пашкандыбаў травяністай лесавой дарожкай да недалёкай гравійкі. Паблізу ад яе ён прыпыніўся, паслухаў і зноў пайшоў, сігаючы шырокім, аднак, асцярожным крокам. Ля разложыстага ляшчынавага куста вылез на ўзлесак. Хвоя, пад якой ён стаяў, высілася крыху воддаль, да хвоі ён не пайшоў, паўзіраўся адсюль — фурманак на дарозе ўжо не было. Значыць, яны паехалі. Ці, можа, ад'ехалі куды ў іншае месца? Але не было нідзе і каня. Ён яшчэ паслухаў, паўзіраўся — шумеў голлем вецер, пачаў накрапваць сцюдзёны дожджык; станцыя ўдалечы ўжо сціхла, была, мабыць, глыбокая ноч. Ну, ведама, падумаў Войцік, каня яны не маглі абысці. Каня яны прыхапілі з сабой.

Ён яшчэ раз са злосцю памянуў гэтага недарэку Бурава і яго неразумнае патуранне Сушчэню. Падумаў, што, мусіць, няма ўжо ніякай рацыі марна тырчэць тут, у гэтым праклятым лесе, трэба, пакуль не развіднела, падавацца ў Зубраўку і далей у партызанскую пушчу. З заданнем нічога не выйшла, заданне правалілі, хай пасылаюць іншых. Ва ўсякім выпадку, віны тут за Войцікам ніякай няма, ва ўсім вінаваты Бураў.

Гэтую лесавую дарожку ён трохі запомніў з учарашняга, паселішчаў паблізу быцца нідзе не было, і, мабыць, яму можна пакуль не баяцца. Хіба што далей тут недзе былі невялічкія Бабічы, але Бабічы можна, напэўна, абысці стараной, і Войцік жвава пашыбаваў тою дарогай, прыемна саграваючыся на хаду і ўсё ж несучы ў душы агорклае адчуванне няўдачы — паехалі двое на конях, а вяртаецца адзін пёхам. А галоўнае

Вы читаете У тумане
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату