нецярпення, узрушэнне калаціла яго нервовай дрыжакай, так хацелася яму згледзець хутчэй дранкавы дах з чырвоным комінам, саламяныя стрэхі хляўкоў, гародчык пад вокнамі, некалі поўны вяргіняў, яблынькі ў садку па-над сажалкай. Як садзіў ды прышчэпліваў, былі яшчэ малыя, са жменькай лісточкаў у суччы, а цяпер… Цяпер, мабыць, ужо стаяць з яблыкамі. Не дзіва, мінула столькі гадоў.

Ён выбраўся на ўзлесак ля старой, знаёмай з дзяцінства раскарэкі-грушыны, травяны дол пад якой быў спрэс абсыпаны свежымі і ўжо гнілаватымі грушамі; безліч іх жаўцела ў пажухлай лістоце. Адсюль ужо добра відаць быў вялізны прасцяг узаранага на зябліва поля. Хведар марудна клыпаў па ўзлеску, усё пазіраючы ўніз, да ручая, дзе ляжаў ягоны сіроцкі надзел. За ім віднеліся ўдалечы крайнія хаты Нядолішча — стрэхі хляўкоў, садкі і платы ля гародаў. На крайнім агародным шнурку, сагнуўшыся, поркалася жанчына ў чырвонай хусціне, мусіць, нехта з Антосевых баб выбіраў бульбу. Але дзе ж ягоная сядзіба, дзе хаты і будынкі? На раўнінным, трохі пакатым пляцы надзелу з слабенькай восеньскай рунню гойдалася на ветры некалькі велікаватых ужо дрэў садка, ніводнай жа будыніны не было побач. Скрозь ляжаў прасцяг голага поля — ад лесу аж да самай сажалкі ўнізе.

Хведар яшчэ ішоў, нязграбна шоргаючы пасталамі ў сухім быльнягу ля ўзлеску, але сілы яго ўсё марнелі, крок рабіўся ўсё цяжэйшы, і ён стаў. Пасля вяла апусціўся на ўзмежак ля альховых кустоў і знерухомеў.

Ну во і дабрыў. Дапяўся. Бадай што праз тры месяцы неверагоднага шляху, пакут і цярпення. Але на што было спадзявацца і на што наракаць? Чаго ён хацеў? На што разлічваў? Найперш, каб пабачыць. Ну вось і пабачыў… Ці тут павінен яго хто сустракаць, хто прывячаць — уцекача з таго свету? Ці хоць бы ашчаджаць яго пакінутую сядзібу — мусіць, пайшла на патрэбу іншым. Можа, кудысь перавезеная, дала прытулак добраму чалавеку. З дзецьмі і старымі. Ужо, напэўна, шчаслівейшаму, чым ён. А зямля?.. Зямля во засталася і нават зелянее рунню. Здаецца, і неблагая рунь. Толькі на тым канцы каля сажалкі зачарнелася ад вільгаці, там заўжды ўсё пасеянае вымакала. Некалі ён стараўся там саджаць бульбу, два разы сеяў каноплі. Збажына ж каля сажалкі не радзіла. Але гэтыя цяпер, мусіць, не ведаюць. Засеялі ўвесь прасцяг жытам, думаюць, будзе расці…

Ён сядзеў так, апанураны, у абсалютнай знямозе, і глядзеў на ўсё тое, чаго не бачыў гады і да чаго гэтак імкнуўся. Над полем і вёскай маркатнеў восеньскі адвячорак, з лесу плыў густы пошум ветру, і кудысь ляцелі ўгары раскудлачаныя дажджавыя хмары. На полі і паблізу не было нікога, людзі адно трохі варушыліся ў вёсцы на гародах і падворках, за платамі і парканамі. З канца вуліцы выехалі калёсы з падлеткам, які сярдзіта махаў пугаўём на гнядога кастлявага коніка — з ціхім грукатам калёсы пакаціліся ў раўчук за вёскай. Падлетка Хведар ужо не стараўся і пазнаць, хоць тут, вядома, некалі ведаў кожнага, старога і малога. Але ж мінулі гады, за якія, мабыць, сышлі на той свет старыя, павырасталі малыя. Ці ён пазнае каторага? Але не дай бог, каб тут пазналі і яго. Ці хоць бы заўважылі. Схамянуўшыся, споўз з узмежка, стуліўся, сеў ніжай. Нядаўняе ўзрушэнне патроху міналася, ён ужо болей спакойна стаў пазіраць на знаёмае з дзяцінства поле, палетак азіміны, рэдкія адзінокія дрэўцы на былых межах, кустоўе ў нізінах і каля балотцаў. У тым канцы вёскі зелянела шыракаватая купка хвоек, нешта бялелася пад імі. То былі тутэйшыя могілкі з усёй ягонай раднёй, старымі, дзядамі і прадзедамі — усім яго родам. І шмат якімі вясковымі родамі, што адышлі, аджылі сваё, адпакутавалі. Зайздросная ўсё ж доля, падумаў Хведар: навек разам з усімі, у сваім кутку. А ягоная жонка Гануля, спакутаваная вясковая кабетка, не ашчаслівілася нават і гэткаю доляй — легла ў балотную ямку пад сцюдзёным Котласам. Ці думалася калі. Ці хто чуў тут тую незразумелую назву, якая во стала яе страшным лёсам. Ды ледзьве не стала і яго таксама.

Хведар доўга сядзеў на ўзмежку з кустоўем, узіраўся ў прасцяг. Пачалі зябнуць яго мокрыя ногі, ды і самому стала халаднавата, прыкметна халаднела пад вечар. Відаць было, у вёсцы ішло звычайнае вечаровае жыццё, людзі, мусіць, прыйшоўшы з поля, ладзілі свае дваровыя клопаты. Па сцежцы на гародзе прайшла баба з каромыслам на плячах, нетаропка набрала вады са студні, паазіралася, счакала і, цяжка ступаючы, панесла ваду назад. У хатах запалілі грубкі, пачалі варыць бульбачку на вячэру, з двух ці трох комінаў вецер панёс клочча дыму. Хведар прагна азіраў наваколле, узіраўся ў падворкі, але найбольш ягоную ўвагу прыцягвала сваё колішняе жытло. Здавалася яму, што ля ўцалелага садка ўсё ж застаўся нейкі няпэўны след ад ягоных будынін, можа, не ўсё там панішчана. Адгэтуль відаць быў густы зараснік быльнягу, нешта грувасцілася там — на месцы падмурка, ці што. І ён думаў, што трэба ўсё ж дабрысці туды, паглядзець, хоць бы памацаць зямельку, якая некалі абяцала яму столькі радасці, а дала — адно гора. Але было яшчэ відна, трэба было счакаць. І ён цярпліва чакаў. Як хаты ў вёсцы трохі завалакло вечаровым сутоннем і ўжо мала што ў полі можна было згледзець, устаў. Хістаючыся, пабрыў наўкось па азіміне да ледзьве прыкметнай у ветраной шэрані купкі садовых дрэўцаў.

Як ён і здагадваўся, котлішча не было заарана, някратаным застаўся падворак, ацалелі падмуроўка ад хаты і вуглавыя камяні ад свірна… Камяні былі аграмадныя, асабліва адзін, што паклалі пад ніжні вугол будыніны. Іх прывалаклі з Гараняў. Яшчэ тады яму памагаў швагер Тамаш, і яны ўдвух ледзьве ўскацілі на калёсы гэты камень, які і цяпер гладкім бокам вытыркаўся з зарасніку крапівы, ніхто яго не зрушыў. Падмуроўка пад хатай месцамі выкрышылася, абрасла пустазеллем, ганка з трох пляскатых камянёў не было зусім, мусіць, тыя камяні ўзялі разам з хатай на новае месца. Там, дзе некалі была печ, грувасцілася аброслая палыном куча бітае цэглы — усё, што засталося ад печы. Яно і вядома, болей не магло застацца: цэгла была нехуцавая, дрэнна абпаленая, ён бачыў гэта тады, як купляў, ды на Савацееўскай цагельні не было лепшай: там не хапала паліва. Тады казалі: нічога, для печы згадзіцца. Яно і згадзілася, печ неяк праслужыла год з восем, толькі комін мусілі перакласці — на комін ён прывёз ад Тамаша сотню старых цаглін, яшчэ даўняй, царскага часу фармоўкі. Сумна яму было сланяцца па гэтым пабураным котлішчы, душа аблівалася крывавымі слязьмі. Адно што парадавала яго — дык гэта садок, дрэўцы ўвабраліся ў самую сілу і былі куды большыя за яго чалавечы рост. Яны бесклапотна ляскаталі лісцём на ветры, нібы зусім безуважныя да таго, хто даў ім жыццё. Тры антонаўкі прышчапіў на другім годзе свайго тут жыцця, дзве грушкі — праз год. Чаранкі прывёз аж з Фарынава, купіў у знаёмага настаўніка на станцыі. Першы прывой, аднак, не прыняўся, увосень прышчэпліваў зноў, тады ўдалося лепей. Цяпер ён абышоў дрэўцы, пакратаў іх таўставатыя камлі, нібы павітаўся з кожным. Было ўжо цемнавата, і яго зацікавілі яблыкі — ці было хоць што ў суччы? Паўзіраўшыся ў цёмнае лісце, пакратаў навобмацак ніжнія галіны, трошкі страсянуў крайнюю антонаўку. Не, нідзе нічога не варухнулася нават і не ўпала долу. Ці абабралі ўжо? І тады ён згледзеў апушчаны долу паламаны сук, другі, што ляжаў у траве, і зразумеў, што, мабыць, яблыкаў тут даўно ўжо няма. Як тут ім быць — садок сярод поля, неабгароджаны, занядбаны, без гаспадара і догляду. Ведаў здаўна: яблыні, як кветкі, без чалавечай любові расці не будуць.

Хведар абышоў і іншыя мясціны котлішча. Там, дзе быў калодзеж, зеўрала аброслая быльнягом яміна, ад зруба ці калаўрота не засталося і знаку; на дрывотні ў голым доле трохі прыкметны былі зляжалыя трэскі, але дроў тут не відаць было ні палена. Пастаяў, узлезшы на кучу бітае цэглы сярод быльнягу, успомніў, як некалі грэўся на печы, прыехаўшы ўзімку з лесу ці з дарогі, як тут спалі старыя ды і жонка Гануля таксама. Але бядотная яго Ганулька, можа, меней за ўсіх тут грэлася — болей тупала перад чалеснікам, кожнага рання гатуючы харч на немалую сямейку, чыгуны бульбачкі для жывёлы. Не мела часу і пагрэцца нават у маразы і сцюжу, калі сіберныя ветры выдзьмувалі іх хутар. А цяпер ужо навек супакоілася і ніколі ўжо не пагрэецца, лежачы ў чужой мёрзлай зямлі, акрай сумных балотных могілак. Хварэла яна нядоўга, перад тым як легчы, штодня цягалася на лесасекі, дзе з брыгадай такіх, як і сама, жанчын збірала і паліла суччо. Нямоглая была ўжо даўно, з грамніц, дужа кашляла ноччу, жалілася на боль у баку, але да дактароў не хацела — баялася дактароў, таксама як і начальства, старалася як мага менш з імі знацца. Узімку ёй трохі памагла загаворам старая Банадысіха, высланая аднекуль з-за Воршы зямлячка, казала тады, быццам зрабілася лепей. Але ненадоўга. Якраз у чысты чацвер, прывалокшыся з дзялянкі, лягла і болей не ўстала. Яму не было як даглядаць яе, самога выганялі штодня на тралёўку, рыхтаваліся да веснавога сплаву, трэба было назапасіць шмат дрэва да крыгаходу. Начальнік участка не даваў нікому дыхнуць, і брыгады рабілі ў лесе ад зары да змяркання. І ён, абліваючыся горкімі слязьмі ў душы, кінуў яе на малую Волечку, якая цэлы дзень то плакала, то тоненькім дзіцячым галаском пяяла маці ўлюбёную ёю «Вутачку». Мабыць, так яна і адышла з гэтага свету пад жаласны спеў дачушкі, і, як ён прыплёўся ўвечары ў барак, Волечка сядзела, ціхенькая і журботная, сказала: мамачка спіць. Ён кінуўся да Ганулькі на нары, затузаў, загукаў, пасля разгарнуў ашмоцце, якім яна была ўкручана, — Ганулька ўжо асцюдзянела. Удваіх з Волечкай пачалі плакаць — яна голасна і няўцешна, ён — моўчкі, душачыся нутранымі слязьмі.

Назаўтра яго аслабанілі ад працы, з прыкрасцю і незадаволенасцю начальнік сказаў: да паўдня. За гэтыя паўдня трэба было выкапаць магілку, змайстраваць якую труну, адвезці на могілкі акрай пасёлка, у

Вы читаете Аблава
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×