долу, парослая ля парканаў сакоўнай бухматаю муравой. Хведар абмінуў кучу бярвення ля Аўдоццінага падворка (ці не думае будавацца ўдавіца?). Але што ж, што ўдавіца, мабыць жа, падраслі сыны, можа, ужо і ажаніўся каторы і будуецца. Ціхенька прайшоў каля гародчыка Зыркаша, пра якога цяпер не хацеў нават і думаць. Сапсаваў гэты Зыркаш яму ўсё жыццё (і, мабыць, не аднаму яму), быў чалавек зайздрослівы і нядобры: колісь напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Калі б не тая яго заява, можа б, усё і абышлося, і Хведар не туляўся б цяпер паначы, як злодзей, жыў бы разам з усімі, і не спазнаў бы тых пякучых няшчасцяў, якіх шчодра адмераў яму ягоны халерны лёс.

Затым ён спыніўся і пастаяў крыху, прыслухоўваючыся, ці не падасць дзе голас сабака. Але сабакі пакуль што маўчалі ці іх зусім не было ў вёсцы. Іх не было і раней, успомніў Хведар, хіба што на хутарах, у мястэчку. Вяскоўцы ж па сваёй беднасці лічылі за лепшае карміць лішняга свінёнка, чым трымаць сабаку. Мабыць, і цяпер так. Не забагацелі яго вяскоўцы. За рэдкім вішаннікам ля садка ўрасла ў зямлю нехуцавая будыніна з голымі рабрынамі крокваў — зусім без страхі. Відаць, тут ужо не жылі. Але дзе ж тады мнагадзетная сям'я Івана Пагарэльца, то ж была ягоная хата, падумаў Хведар. І яшчэ адну хату з чорным праваллем пустых вокнаў згледзеў ён за парканам, — напэўна, пакінутае жытло. Другая ж поруч утульнай завалінкай выпнулася на самую вуліцу, дзе колісь любілі пасядзець мужчыны, але цяпер пад яе скасабочанай сцяной пахіла тырчэў рад колляў-падпорак, каб не ўпала. Тут некалі жыў адзін самы гарласты актывіст камбеда, худы і вялізны, бы жардзіна, Зміцер Цыпрукоў. Ужо ён, напэўна, заслужыў лепшае хаты пры Савецкай уладзе, бо быў, мабыць, самы бедны ў вёсцы. Ды, мусіць, не заслужыў, калі дажыўся да такой во — коллем падпёртай хаціны.

Улезшы ў свежыя каровіны лепяхі, Хведар сышоў трохі ўбок, бліжэй да плота. Усё ж ён баяўся, каб з кім не сустрэцца, каб хто не пачуў яго тайную хаду злодзея. Але на начной вуліцы не было нікога, мусіць, вёска добра заснула. Толькі за сценамі бліжніх хлявоў часам уздыхалі-варушыліся сонныя каровы, ды раз у падворку на тым баку ціха стукнулі дзверы, — мусіць, нехта выходзіў па патрэбе. Ціхенька ступаючы па мяккай зямлі, Хведар мінуў знаёмую вуліцу і дайшоў да могілак.

Як і заўжды, тут панавалі ціш і спакой, хвоі сумна гулі ўгары. Зблізку бялелі свежыя крыжы ля дарогі — два большых і некалькі нізенькіх, дзіцячых. Ён трохі пастаяў ля штыкетнічка-агароджы і, знайшоўшы праход, не без хвалявання ступіў у гэтае паселішча мёртвых. Ведаў, ад праходу трэба падняцца на пагорачак, дзе хавалі даўней і дзе ён памятаў кожную магілку. Ад вуліцы ж (трохі відаць было ў змроку) магілкі занялі ўсю нізінку, далёка выйшаўшы з-пад хваёвых шатаў. Гэтых ён не ведаў ніводнай. А там, на выспачцы, колькі ён памятаў, стаялі чорныя дубовыя крыжы Шулякоў — бацькі і трох сыноў, род якіх быў, можа, самы стары ў Нялолішчы. Расказвалі некалі, што гэты сямы першы Шуляк, прыйшоў сюды з літоўскай зямлі і быў знакаміты сілаю. Праз тую сілу ён спаткаўся і з маладзенькай дзяўчынкаю, пакаёўкаю тутэйшай паненкі, да бацькі якой чагось прыязджаў той літоўскі пан, кучарам у якога служыў Шуляк. Аднаго разу, як ён запрагаў коней у брычку, з-за рога стайні выскачыў панскі бык, раззлаваны чырвонаю спаднічкаю пакаёўкі, і прыезджы фурман паказаў сваю сілу, скруціўшы таму быку рогі. Мабыць, тады ён і паклаў вока на маладую служанку. Яе паненка, адзіная панская дачушка, відаць, так даражыла ёю, што ўгаварыла бацьку аддаць тры прыгонныя сям'і за аднаго кучара, каб толькі не разлучацца з пакаёўкаю. Затым, пажаніўшыся, яны доўга жылі ў маёнтку, нажылі шэсць сыноў, тры з каторых ужо другое стагоддзе ляжалі цяпер поруч з бацькам пад смалянымі камлямі таўшчэзных хвояў. А насупраць ад іх трошкі ніжэй высіўся металічны буданчык з прыгожымі чыгуннымі слупкамі, павітымі таксама чыгунным лісцем вінаграду. Там ляжала мармуровая пліта на магіле маладога пана-паручніка, які, дужа паранены на вайне з германцамі, сканаў у сваім маёнтку. Цяпер, вядома, нікога з паноў не засталося, занядбаная магілка абрасла пустазеллем, а ў паржавелым буданчыку часам поркаліся пастушкі ці вясковыя падшыванцы, хаваліся ад дажджу прахожыя. Па другі бок ад яе, між дзвюма сукаватымі хвоямі, быў невялічкі пляц іхняга роду Роўбаў — і дзяды, і яго, Хведара, старыя, малодшая сястра Тэкля, двое малых, што яшчэ перад вайной памерлі ад дыфтэрыту. Крайняй была магілка ягонага брата Пракопкі, годам маладзейшага за Хведара, добрага, ласкавага мужчыны, які так і не ажаніўся і нікога не пакінуў пасля сябе. Сканаў у васемнаццатым ад тыфусу, калі Хведар буў у германскім палоне. Так і не пабачыліся браткі аж з чатырнаццатага, як абодвух узялі на вайну. Было б добра і яму прымасціцца побач, месца было, калі што, можна б трохі пацясніць суседнюю магілу, мабыць, той не пакрыўдзіцца. Гэта было б проста здорава! Можа, не заўжды прызнаючыся сабе, ён найбольш за тым і імкнуўся сюды — за тысячу кіламетраў, праз пяць гадоў выгнання.

Хведар нетаропка і амаль ужо не баючыся абышоў у цемры свае магілкі — чатыры радком і дзве трохі ніжэй на схіле, памацаў шурпатыя, замшэлыя крыжы. Баяўся, каб не неткнуцца на які новы, каго з ягонай радні. Але не, у гэтай мясціне новых магіл быццам не было зусім. Хаця, канешне, маглі быць і далей, дзе ў якім іншым месцы. Цяпер не тое што раней — хавалі дзе хочаш, і ў чужой зямлі. Як ягоную Ганульку. Ці Волечку. Каторы ўжо раз ён адчуў горкі дакор сабе, што так неахайна пахаваў дачушку — ні абгародкі не зрабіў, ні нават крыжа. Не было з чаго і надта спяшаўся, яго маглі чакаць плытагоны, і ён вёрст пяць берагам ракі даганяў плыты.

Ён пасядзеў на чыёйсьці старой, без крыжа, добра, аднак, абкладзенай камянямі магіле, слухаў шэпт старасвецкіх хваін угары, думаў. Дужа дапякала шматдзённая, застарэлая ўжо стома. Каб не даць сабе ўпасці ад знямогі, трэба было ўстаць і ісці. Але куды? У хату да каго не папросішся, тут жа заставацца не было як: на золку яго адразу ўбачаць. Значыць, зноў — у лес. Лес заўжды з міласэрнай гатоўнасцю прымаў яго, не тое што людзі. Тым болей знаёмы ад маленства вялікі Казённы лес, ужо ён дапаможа цяпер бяздомнаму чалавеку.

Раздзел другі

Ноч і спакой

Мабыць, ён недалёка і адышоўся ад узлеску, але сярод дрэў і драбняку-падлеску стала нібы зацішней, нават цяплей быццам, ён узлез у нейкі лісцвяны гушчар і ўпаў у нетаптаную калючую папараць. Ужо не ставала сілы — ні ісці, ні паўзці. Перад тым як заснуць-забыцца, успомніў, што сёння за дзень пратупаў, мабыць, вёрст сорак — ад золку да ночы. Болей ён бы ўжо не прайшоў нават і сорак крокаў.

Прачнуўся ад сцюжы, увесь надта скалеў, здранцвелі да калень ногі, галава была цяжкая, нібы пасля гарэлкі. Не адразу зразумеў, дзе ён, спярша падалося — на тарфянішчы пад Котласам і што спазніўся на працу. Але, расплюшчыўшы вочы, сцяміў: Котлас далёка. Ён — дома. У світальным лесе, на сваёй радзіме. На радзіме ўсіх сваіх продкаў. Гэтая думка трохі падбадзёрыла Хведара, ён устаў на калені і пачаў неяк грэцца — унутраным намаганнем бораючы сцюжу, — як гэта рабіў ужо не першы раз, акалеўшы ўранні. Там, на Поўначы, калеў амаль кожнага ранку, праўда, там не было калі заўважаць тое, там ледзьве паспяваў сабрацца, каб не спазніцца на развод, у тайгу на лесапавал ці на земляныя работы, калі рабіў на тарфянішчы. Там былі строгія нарадчыкі, крыклівыя брыгадзіры, не дай бог было прыпазніцца — заставаўся галодны на ўвесь дзень. А то яшчэ быў і пабіты.

Цела памалу грэлася, а ногі па-ранейшаму як былі акалелыя, так і засталіся, але ногі, напэўна, сагрэюцца на хадзе. Трэба некуды ісці, тут яму сядзець не выпадала. Тут было зусім блізка да вёскі, мабыць, у лес прыгоняць пасвіцца статак, могуць заўважыць. Так, статак тут добра вытаптаў дол, падумаў Хведар, згледзеўшы сляды кароўіх капытоў, а неўзабаве пачуў і галасы, — мабыць, на ржышчы пад лесам гукалі пастухі. Каб не трапіць каму на вочы, ён ускочыў і ціха падаўся кустоўем.

Памалу рабілася цяплей, у лесе ўвогуле было зацішна. За пажаўцелымі верхавінамі бяроз, між бухматых лапаў ялін праглядвала хмарнае неба, і скрозь плыў, то цішэй, то мацней, нудны лесавы шум. Дужа хацелася есці, даўно ўжо надаедна-пуста бурчэла ў жываце. Яно і не дзіва: за ўчорашні дзень у роце не было ні крошкі, ён не меў часу паклапаціцца пра тое — так імкнуўся да роднага кута. Апошнюю скарынку хлеба, здабытую ў прахожай бабкі, зжаваў пазаўчора, бульбянога палетка на поплаве, вядома, не напаткаў, мусіць увесь дзень пасціцца. Учора, аднак, неяк трываў, — можа, ад хвалявання перад хуткім спатканнем не адчуваў і голаду. Але сёння з самага рання проста не меў сілы трываць. Толькі што тут і дзе можна было здабыць з'есці? Да пастухоў не падыдзеш, пастухі могуць пазнаць. На дарогу не паткнешся таксама — можа трапіцца знаёмы, тады ўсё прапала. З незнаёмымі было лягчэй, на выпадак сустрэчы з кім меў даведку, быццам ён — Зайцаў Андрэй Фаміч, ураджэнец Смаленскай вобласці і працуе на Тасьмінскім дрэваапрацоўчым камбінаце рознарабочым. Канешне, Смаленская вобласць зусім не ў гэтым баку, і дзе той

Вы читаете Аблава
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×