Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям'ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго — шэсць дзесяцін няўдобіцы, — што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, — без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю.

Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос — стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада — будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі — у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася — падмануўся.

Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін — на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей — ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну — была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з'еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню — аж запякло сцягно.

Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле, можа, на каго з вяскоўцаў — хоць здалёк, згадаць, як жывецца ў калгасе. Увесь час трохі лепш, чым жыў ён. Галоўнае — яны ўсе вольныя, на сваёй зямлі, пад Котласам ён не меў ніякіх звестак аб іх, толькі часам з'яўляліся чуткі — невясёлыя, аднак, чуткі. А як папраўдзе? Усё ж, мабыць, жывуць усе роўныя, не лішэнцы, як ён.

Зараснікамі ён абышоў роў і па імшарыстай балацявіне выйшаў на ўзлессе — ужо з трэцяга боку лесу. Гэтае поле звалася ў іх Сёрбава і межавала з суседняю вёсачкай Чарнаруччам, стрэхі якой відаць былі ўдалечы на пагорку. Тут і сапраўды працавалі людзі, ягоныя суседзі-калгаснікі — выбіралі бульбу. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой, усіх разам. Мо нават з песнямі. Замест таго ў ветранай палявой далечы калупаліся над баразёнкамі з дзесятак баб, і ён бачыў адсюль іх сагнутыя шэрыя спіны, вялікія галовы ў тоўста накручаных хустках, босыя ногі. Усе цягалі за сабой вялізныя кашы з бульбай, якія па адным зносілі ў кучу на сярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай у руцэ цыбаты мужчына, мабыць, учотчык, а тры іншыя ганялі плугамі барозны, надта ўжо памахваючы пугамі на коней. Коні, відаць было адсюль, ледзьве клыпалі ад ператомы, нізка коўтаючы галовамі, — худыя, знямоглыя сялянскія коні. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў — Цыпруковага Зміцера ды Ігналёнка. Іншыя ж ўсе як бы там ні жылі, а коней глядзелі, без каня якая ж гаспадарка. Тут, мабыць, глядзелі не надта. Праўда, ён пазіраў здалёк — зблізку, можа, не такія ўжо кепскія былі тыя коні; можа, і бабы рабілі весялей, чым яму здалося. Але нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Ведама, людзі былі далёка і ён не мог пазнаць хоць каторага, а пазнаць дужа хацелася. Тады ён краем лесу пайшоў у другі бок — да свае вёскі, дзе была дарога ў мястэчка, можа б, каго ўдалося падгледзець на той дарозе? Хоць бы пабачыць, пазнаць, не марачы ўжо, каб пагутарыць ці спытацца. Спытацца, канешне, няможна, трэба таіцца. Што зробіш, такі яго лёс. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. Ці мог ён назаляць каму? Набівацца? Тым болей прычыняць шкоду сваім набіваннем?

Дарога, колькі ён памятаў яе, не змянілася — была ўсё такая ж — раз'езджаны між кустоўя бальшак з застарэлымі лужынамі на выбаінах, якія, дзе можна было, відаць, аб'язджалі фурманкі. І дзве бярэзіны на тым баку стаялі, як стаялі ўвесь век, — адна прама, а другая раздзяліўшыся на дзве, віламі, — старыя, закарэлыя, тоўстыя бярэзіны з абдзёртымі і пасечанымі камлямі. Пад раўнейшаю — відаць было цераз дарогу, — мабыць, нядаўна палілі вогнішча, падпяклі бяросту, таксама як і вецце аднізу. Пастухі, напэўна. Хведар нізка прысеў за пыльным прыдарожным кустоўем, стаў назіраць. Не ведаў, куды глядзець болей — у бок вёскі ці ў дальні канец, пад мястэчка. Пакуль што ні там, ні там на дарозе ніхто не паяўляўся, мусіць, усе рабілі на полі, чаго раз'язджаць бальшаком на той час? Аднак ён цярпліва сядзеў і думаў, каго б найперш хацеў тут пабачыць. Мабыць, найперш Саўчыка Лёксу, усё ж аднагодак, сябра і ўвогуле сардэчны мужык, хай бог дасць яму шчасця. Толькі дагэтуль не надта ўжо бог надзяліў шчасцем. У мікалаеўскую вайну Лёкса быў паранены шрапнелем у плячо і, колькі яго паматаў Хведар, усё бедаваў з рукой, не мог рабіць ніякай цяжкой работы. А ў сялянстве дзе ж возьмеш лёгкую? Біўся бядак Лёкса на адным надзеле з кучай малых дзяцей, Хведар часам памагаў яму — то папілуе дровы, то паможа накідаць гною на воз. Разоў колькі пазычаў грошы. Але памагаў так, па-суседску, без вялікае шчырасці. Нават і з прыкрасцю, калі, бывала, папросіць хамут, а тут самому запрагаць трэба. А ўвогуле Хведар яго шкадаваў, бо сусед, да таго ж аднагодак, і нямала абодва натрываліся на вайне. Каб веданне, як яно абернецца далей, дык бы шкадаваў з большаю шчырасцю. Усё ж харошы быў чалавек.

Ну але, мусіць, гэта марная справа — чакаць таго, што табе хочацца.

Хведар добра наседзеўся ля бальшака і падумаў, што, мабыць, дарма ён удумаў тое, як у дальнім канцы дарогі, ад мястэчка, з'явілася фурманка. Рыжы рахманы конік даволі спраўна каціў з горкі ўніз, і за ім на возе відаць былі двое — мужчына і баба. Тое, што лейцамі кіравала жанчына і сядзела яна ў перадку, зацікавіла Хведара, хоць ён яшчэ і не пазнаў нікога. Жанчыну і праўда было не пазнаць, калі яны пад'ехалі бліжэй — тая была адвярнуўшыся на той бок калёс. А вось мужчына… Мужчына быў у калматай зімовай шапцы, з настаўленым каўняром шарачка, ён абнікла сядзеў у задку, склаўшы на каленях рукі, ногі яго былі ўхутаны стракатаю хатняй коўдрай, твар худы і белы. Увесь час бы глуха нядобра пакашліваў. Нешта дужа знаёмае здалося Хведару ў гэтым твары, калі фурманка пад'ехала бліжэй, і тут жа раптам, нібы падказаў хто, ён пазнаў чалавека. То быў Мікіта Зыркаш, ягоны, Хведараў, ліхадзей, які пісаў тады на яго за малатарню, з чаго ўсё і пачалося. Спярша цвёрдае заданне, а затым і ўсё астатняе. Але ж, мабыць, не далося жыццё і зайздросніку Зыркашу, угледзеўшы якога Хведар зразумеў усё — той быў хворы. Мусіць, яго хворага цяпер жонка везла з бальніцы ці ад доктара, і, угледзеўшыся ў чалавека, Хведар зразумеў, што не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адною нагой ён ужо там, Хведар гэта адчуваў добра. Нагледзеўся на такіх за жыццё. Трохі нават бы радасна стала ці нават зларадна: мусі, бог бачыць усё і карае па справядлівасці. У іншы час Хведар, можа, болей парадаваўся б з тае прычыны, але цяпер не хацеў. Зларадства сваё ён ужо амаль перажыў — перагарэла яно за гады ва ўласных пакутах, нікому не хацеў бяды, як і сабе таксама. Хай доўга жыве зайздроснік Зыркаш.

Але стала сумна. І гаркотна. Мусіць, дзень ужо браўся на адвячорак — канчаўся першы ягоны так доўга чаканы дзень на радзіме. Што далей?

Ён яшчэ пасядзеў троху, думаў, можа, і яшчэ каго згледзіць на вечаровай дарозе, ды болей не было нікога. Як пачало змяркацца, устаў, пайшоў краем кустоўя ў бок вёскі. Мусіць, трэба было б, пакуль не змерклася, брысці ў свае расцяробы, каб пасля не драць вочы ўпоцемку. Але яго ўсё цягнула да вёскі. І ён памалу ішоў лесам, пасля, асмялеўшы, выткнуўся на ўзлесак ля палетка з рунню, пастаяў на ўзмежку. За лагчынкаю ў вёсцы хутка гусцеў восеньскі змрок, заблішчэла некалькі агеньчыкаў у вокнах — там палілі святло. І яму захацелася ў прыцемку зазірнуць да каго ў акно, паглядзець з цемры ў хату, убачыць знаёмыя твары. Страшнавата было, ну, але, можа, не пазнаюць, калі і ўбачаць. Ён не адгукнецца нікому, толькі пройдзе па вуліцы і зазірне. Так карцела пабачыць каго жывога-наёмага. Найперш добрага чалавека, не злыдня, канешне.

Ціха, амаль крадком, часта спыняючыся, ён зноў, як і ўчора, прайшоў рунню паўз сваё нешчаслівае котлішча, паціху патупаў ля плота збоч ад дарогі. Ну во і прысадзістая Саўчыкава хата пад крывой сукаватай вербінай. Калі ўлезці ў гарод, якраз апынешся перад акном, што насупраць Лёксавай печы, там жа, у падаконні, некалі мясціўся кухонны столік, за якім елі. Зусім ужо ўпоцемку Хведар пералез цераз плот, паабстрыкаў у крапіве рукі, але няблага затуліўся ў зарасніках ад вуліцы і ад падворка. Праўда, святла ў Лёксавых вокнах пакуль што не было, ды Хведар адчуваў, што там не спалі — нейкія невыразныя гукі ўсё ж даляталі з таго боку сядзібы. І ён стаіўся ў крапіве, чакаў. І праўда, урэшце недзе глуха бразнулі дзверы, у акне ўзнікла хліпкае цьмянае святло — ад газнічкі, канешне. Мільганула ў адным акне, у другім і спынілася недзе ў дальнім кутку, ля запечча, ці што? Хведар напружана ўзіраўся — хто там? За акном каўзануўся нейкі няпэўны цень і прапаў. Хто то быў, адсюль зразумець было нельга. Як нельга было ўчуць людскога голасу ў

Вы читаете Аблава
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату