МІКАЛАЙ УЛАШЧЫК

ЭПІСТАЛЯРЫЯ

І.Б. Сіманоўскаму

Паважаны Іосіф Бенцыянавіч!

З даваеннай перыёдыкі ў мяне ёсць за некалькі гадоў «Полымя» і «Советское строительство». «Полымя» трошкі пакалечанае — Аляксандра Пятроўна вырвала з яго ўсе артыкулы Уладзіміра Іванавіча. У цяперашні час працы Уладзіміра Іванавіча перавыдаюцца (першы том выйдзе ў лютым), і таму праз нейкі час, напэўна, і гэтыя артыкулы таксама можна будзе атрымаць.

Умовы мае такія: паколькі я атрымаў гэтыя часопісы ад Аляксандры Пятроўны бясплатна, то я на тых самых умовах аддам іх Вам, за выключэннем таго, што ў Вас ёсць, бо для мяне гэта ўвогуле вялікая каштоўнасць. Апроч таго, у мяне ёсць гадавыя камплекты часопісаў «Минувшие годы» і «Голос минувшего» — гэта з бібліятэкі нябожчыка Беражкова. Гэта я таксама магу аддаць Вам, але па сабекошце. У Беражкова, спецыяліста па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, было вельмі шмат каштоўных кніг не толькі па Літве і Беларусі, але і розных зусім унікальных выданняў 1917 г. Цяпер там засталося няшмат, але калі будзеце Вы ці Ваш прадстаўнік, то можна паглядзець.

Я размаўляў з Уладзімірам Юр’евічам Гацье адносна бібліятэкі яго бацькі. Ён кажа, што кніг няшмат, але ў прынцыпе ён згодны на перадачу іх Вам. Яго адрас: Новапясчаная, д. 21, кв. 39. Карацей, гэта мой сусед.

Разам з тым, я звяртаюся да Вас з просьбай. Тут нельга дастаць беларускай літаратуры, і нават аб выданні яе даведваешся выпадкова. Мне трэба купіць два экзэмпляры «Истории Минска», два экзэмпляры кнігі Абэцэдарскага «Белорусы в Москве», экзэмпляр кнігі Ліўшыца (дакладнай назвы не памятаю, — пра Іудзею), акрамя таго, я не магу выпісаць «Літаратуру і мастацтва», бо падпіскі на яе тут няма. Магчыма, што акрамя гэтых кніг выйшла яшчэ што-небудзь, але я больш ня ведаю. Калі Вы можаце даручыць каму-небудзь зрабіць гэта, то я адразу вышлю грошы.

І.Б. Сіманоўскаму

Іосіф Бенцыянавіч,

Я спрабаваў выканаць Вашыя даручэнні, г.зн. знайсці дзеячоў, што працавалі б на ніве беларускай культуры. Размаўляў, хоць і побегам, з усімі тымі асобамі, пра якіх згадваў у размове з Вамі. Адказ у прынцыпе ўсюды аднолькавы: на варагаў спадзявацца нельга. Падрыхтаваць людзей тут мог адзін У.І.Пічэта, як падрыхтаваў супрацоўнікаў Інстытута славяназнаўства. Астатнія, што маюць якія-небудзь адносіны, глядзяць на гэта з меркантыльнага пункту гледжання, а акрамя таго, працы на гэтыя тэмы няма з кім абмяркоўваць, яны не выклікаюць масавай цікавасці, і г.д. Увогуле, надзея атрымаць што-небудзь адсюль вельмі кволая.

Я думаю, што Вам трэба ўзяцца за гэтую справу з іншага канца. У рукапісным аддзеле універсітэцкай бібліятэкі ў Вільні працуе А.К.Антановіч. Чалавек гэты выяўляе вялікую цікавасць да Вашых пытанняў і, апрача таго, ён ведае і кнігі, і рукапісы, якія ёсць у віленскіх сховішчах. Пры мне ён паказваў выданні Дуніна-Марцінкевіча, якія падабраў недзе на падлозе бібліятэкі без адной часткі пераплёту, але зусім добрыя, потым адно парыжскае выданне 30-х гадоў, шмат казаў пра рукапісы, якія ёсць у Вільні. Мне здаецца, што гэта Вам гатовы супрацоўнік, тым больш, што ён без усялякага разбегу можа пачаць працу па апісанні ці хаця б уліку рукапісаў.

Першае, што я ўбачыў, калі ўвайшоў у чытальную залу рукапіснага аддзелу бібліятэкі Акадэміі навук у Вільні, была рукапісная кніга, пісаная паўуставам на беларускай мове. З загалоўка, прыпісанага пазней, бачна, што гэта апісанне ці дзённік аднаго з дзеячоў Вялікага Княства Літоўскага, які ездзіў у Расію. На жаль, ні загалоўка, ні шыфра я не запісаў. А ўвогуле, Вільня і, напэўна, бібліятэка імя Шчадрына з’яўляюцца асноўнымі сховішчамі беларускіх рукапісаў.

Я.Л. Дыле

Шаноўны Язэп Лявонавіч!

Мінулы месяц я быў у Ленінградзе, куды мне, хоць і са спазненнем, пераслалі Ваш ліст. Я працую над справамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі і Літвы да 1861 г., і таму матэрыял 1863 г. ведаю слаба. Відаць, аднак, што асноўныя матэрыялы пра Каліноўскага, уключна з яго ўласнаручнымі паказаннямі, знаходзяцца ў Вільні. Былі яго матэрыялы і ў Маскве, ды загінулі ў час вайны, але тут, відаць, былі толькі копіі. Зразумела, гэта не азначае, што трэба занядбаць тыя дакументы, пра якія пішаце Вы. Я пытаўся ў супрацоўнікаў архіву пра іх, і яны мне сказалі, што такія ў іх ёсць, але гэта было сказана ў самай агульнай форме, а шукаць у мяне не было часу. Усё прыходзіцца адкладваць надалей, калі можа скончу сваю манаграфію пра ўмовы ў Заходняй Беларусі і Літве напярэдадні 1861 г.

Сярод іншых праблем, над якімі мне прыходзіцца працаваць у сувязі з гэтаю тэмаю, знаходзіцца і праблема абавязковых інвентароў. Уступную частку гэтага раздзелу я надрукаваў у мінулым годзе ў зборніку (Ежегодник по аграрной истории стран Востчной Европы, Таллин, 1959), рэшта чакае канца ўсяе працы. У свой час Пічэта казаў мне, што калісьці ў Інбелкульце знаходзіўся рукапіс, здаецца, Жуковіча пра тыя самыя інвентары, але яны неяк раптоўна зніклі. Ці не памятаеце Вы што-небудзь пра гэтую працу?

Праз месяц у Мінску склікаецца нарада гісторыкаў, музейных працаўнікоў і настаўнікаў школ па праблемах вывучэння гісторыі Беларусі. Дакладна яшчэ ня ведаю праграмы (яе покуль ня ведаюць і арганізатары). Магчыма, на гэтай нарадзе буду і я. Гэта першая пасля 1926 г. нарада беларускіх гісторыкаў. Перапынак надта доўгі. У ЛІМе я надрукаваў (пасля перапынку ў 30 год) артыкул пра літаратурную спадчыну Івана Грыгаровіча, выдаўцы першага беларускага археаграфічнага зборніка.

Дзякуй Вам за памяць. Людзей, якія памятаюць Інбелкульт, засталося мала.

[1960 г., не раней красавіка]

Ю.В. Бібіла

Юлія Восіпаўна!

Сёння гаварыў з акадэмікам Ціхаміравым. Ён хоча сваю калекцыю рукапісаў перадаць у Навасібірск, але сярод іх ёсць беларускія і ўкраінскія. З беларускіх ён назваў евангелле, пісанае ў канцы XIV ст. у Друцку, і евангелле, пісанае ў Мінску ў XVI ст. Ведама, што ўсё гэта трэба было б аддаць у Мінск, але каму і куды? У Віцебску ўзарвалі царкву XII ст., у Мінску разбурылі замчышча. З гэтага ён робіць зусім разумны вывад, што ў Беларусі да помнікаў культуры адносяцца па-барбарску. Я нават ня мог сказаць яму, ці ёсць у Дзяржаўнай Бібліятэцы рукапісны аддзел, ці ёсць там умовы для захавання рукапісаў, хто ведае аддзелам, калі ён ёсць, і г. д. Ён упэўнены, што ў Беларусі ёсць шмат нявыяўленых рукапісаў, а шукаць і набываць няма каму, бо няма

Вы читаете Эпісталярыя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату