— Канчай, Джэні, — узмаліўся я.
— Усё. Я зліньваю. Прывітанне! — сказала яна і адразу дала нырца.
Не прайшло і трох секунд, як я нырнуў у ваду ўслед за ёю, і ўжо праз імгненне мы ўчапіліся за борт яхты, смеючыся і адфыркваючыся.
— Не ведаю, як у агонь, — сказаў я, — але ў ваду ты за мяне пойдзеш.
— Не задавайся надта, — адказала яна. — Трэці — гэта ўсяго толькі трэці.
— Гэй, шкодніца! — астудзіў я яе запал.
— Што, недарэка? — адгукнулася яна.
— Я табе багата чым абавязаны, — шчыра прызнаўся я.
— Хлусіш, недалуга, хлусіш, — адказала яна.
— Чаму гэта — хлушу? — трохі замяшаўся я.
— Ты абавязаны мне ўсім…
Таго вечара мы прагулялі ажно дваццаць тры долары на вячэры з амарам у шыкоўнай рэстарацыі ў Ярмуце. Джэні па-ранейшаму ўстрымлівалася ад ацэнкі майго трэцяга месца, збіраючыся ўведаць, што ж гэта за двое джэнтльменаў, якія, паводле яе слоў, «абулі мяне».
Смешна, вядома, але я так кахаў яе, што як толькі вярнуўся ў Кембрыдж, адразу кінуўся высвятляць, хто ж былі гэтыя двое хлопцаў. І з палёгкаю даведаўся, што першым быў Эрвін Бласбэнд, які вечна не адрываў носа ад кніг, вядома, насіў акуляры, не займаўся ніякім спортам дый увогуле не быў «яе» чалавекам. Другім «хлопцам» была нейкая Бэла Ландаў — дзяўчына. Факт гэты быў мне дужа прыемны, асабліва таму, што гэтая Бэла Ландаў была даволі халодная з выгляду (такіх багата сярод студэнтак Юрыдычнай школы), і цяпер я мог дражніць Джэні, распавядаючы ёй «падрабязнасці» таго, што адбывалася ў рэдакцыі «Юрыдычнага агляду», калі прыходзіў адтуль позна ўначы — часта ў дзве, а то і ў тры гадзіны. Што зробіш: шэсць лекцый, потым рэдагаванне «Юрыдычнага агляду» і, нарэшце, праца над сваім артыкулам — «Юрыдычная дапамога незаможным грамадзянам: вопыт даследавання на прыкладзе раёна Роксбэры (Бостан)». Надрукаваны ён быў крыху пазней, у сакавіку 1966 года, у «Гарвардскім юрыдычным аглядзе», на старонках 861–908, пад маім поўным «найменнем» — Олівэр Барэт IV.
«Неблагі артыкул. І праўда неблагі», — паўтарыў некалькі разоў наш старшы рэдактар Джоэл Флайшман.
Шчыра кажучы, я чакаў ад яго лепшага камплімента… Але я так і не пачуў ад Флайшмана нічога больш… Затое Джэні сказала, што артыкул «глыбокі, разумны і сапраўды добра напісаны». Няўжо ён так мала ўразіў Флайшмана, што той не мог сказаць чагосьці лепшага?..
— Флайшман лічыць, што артыкул неблагі, Джэн.
— Што?!. І дзеля таго каб пачуць гэта, я чакала цябе начамі? — Джэні была проста збянтэжаная. — Ён што, нічога не сказаў пра твой метад даследавання, стыль ці яшчэ пра што?
— Не, Джэн. Ён сказаў: «Артыкул неблагі» — і ўсё.
— Тады чаму ты так затрымаўся сёння?
— Я мусіў прагледзець сякія-такія матэрыялы з Бэлай Ландаў, — адказаў я ёй, падміргнуўшы.
— Вось як?
Я не зразумеў яе тону.
— Ты раўнуеш?..
— Не. Ногі ў мяне нашмат прыгажэйшыя.
— А ты можаш падрыхтаваць справу да слухання ў судзе?
— А яна можа згатаваць піцу?
— Можа, — адказаў я. — Якраз сёння ўвечары частавала ёю нас у рэдакцыі. І ўсе сказалі, што яе піца такая ж добрая, як твае ногі.
— Вядома, — кіўнула Джэні.
— Ну і што ты на гэта скажаш?
— Бэла Ландаў плаціць за тваю кватэру?
— Чорт! — усклікнуў я. — Ну чаму я не магу спыніцца, калі лік у маю карысць?
— Таму, падрыхтунчык, — сказала закаханая ў мяне жонка, — што такога ніколі не бывае!
15
На фініш мы прыйшлі ў тым самым парадку.
Інакш кажучы, Эрвіна, Бэлу і мяне прызналі трыма найлепшымі студэнтамі выпускнога курса. Блізіўся час трыумфу. Запрашэнні на службу… Выдатныя запрашэнні. Куды ні глянь, з усіх бакоў мне махалі сцягамі з надпісам: «Прыходзьце да нас, Барэт!»
Аднак мяне вабілі толькі зялёныя сцягі[12].
Вядома, я не быў такім ужо зацятым прагматыкам, але я адразу адкінуў прэстыжныя варыянты — накшталт пасады сакратара суддзі альбо службы, скажам, у Міністэрстве юстыцыі, — адкінуў дзеля месца, якое дазволіла б выкінуць з нашага з Джэні лексікону гнюснае слова «эканомія».
Хоць я і быў трэцім, у барацьбе за месца пад сонцам я меў адну неацэнную перавагу. У нашай першай дзесятцы выпускнікоў я адзін не быў жыдом. Дурань той, хто скажа, што гэта не мае значэння. Прысягаю вам, што дзесяткі фірмаў расцалуюць у задніцу любога стоадсоткавага амерыканца, які ледзь-ледзь здаў экзамен на адваката. А цяпер гляньце на вашага сціплага слугу: тут вам і Гарвард, і хакейная слава, і «Юрыдычны агляд», і, самі разумееце, татуля-мільянер. Карацей, багата хто пачаў сама сапраўдную бойку за права атрымаць мяне разам з маім іменем і рэпутацыяй у свой офіс. Я адчуваў сябе дзіцянём-рэкардыстам — і меў асалоду з кожнае хвілі гэтага адчування.
Асабліва вабную прапанову зрабіла мне адна лос-анджэлеская фірма. Яе вярбоўшчык, містэр Х (імя называць не хачу: яшчэ на судовай лаве апынуся), не пераставаў паўтараць мне:
— Барэт, хлопчык ты мой даражэнькі, у нашых краёх мы атрымліваем гэта ўвесь час. І ўдзень, і ўначы. Павер мне, можна нават запатрабаваць, каб прынеслі ў кантору!
Не тое што нас с Джэні асабліва цягнула ў Каліфорнію, але нам Бог ведае як хацелася ўведаць, што ж усё-такі мае на ўвазе містэр X. Мы гадалі й гадалі, і здагадкі нашыя былі ўжо сама вар'яцкія, толькі, відаць, для Лос-Анджэлеса такімі яны не з'яўляліся. (Урэшце, каб містэр Х адчапіўся ад мяне, я быў змушаны сказаць яму, што мяне зусім не цікавіць ягонае загадкавае «гэта». Ён быў дужа засмучаны.)
Словам, мы вырашылі застацца на ўсходнім узбярэжжы. У нас былі дзесяткі фантастычных прапаноў з Бостана, Ню-Ёрка і Вашынгтона. Пэўны час Джэні аддавала перавагу сталіцы: «Ты б мог прымерацца да Белага дома, Олі», — але мяне вабіў Ню-Ёрк. І, урэшце, з жончынага блаславення, я сказаў «згодны» самавітай фірме Джонаса і Марша (апошні быў колісь, дарэчы, Генеральным пракурорам) з моцнай арыентацыяй на абарону грамадзянскіх правоў. «Можна рабіць дабро і нажываць яго адначасна», — пракаменціравала гэты факт Джэні. І потым, яны вельмі ўжо доўга ўгаворвалі мяне. Стары Джонас сам прыехаў у Бостан, пачаставаў нас абедам у шыкоўнай рэстарацыі, а назаўтра прыслаў Джэні велізарны букет кветак.
Джэні потым ажно тыдзень хадзіла і напявала песеньку з усяго толькі трох слоў: «Джонас, Марш і Барэт». Я параіў ёй крыху зменшыць імпэт, але яна і слухаць мяне не стала, сказаўшы, што ў думках я сам няйначай ёй падпяваю. Наўрад ці мне трэба казаць вам, што яна не памылялася.
Дазвольце мне яшчэ заўважыць, што «Джонас і Марш» вызначылі мне гадавы даход у адзінаццаць тысяч восемсот долараў — больш з нашага выпуску не атрымаў ніхто.
Так што, бачыце, трэці я быў толькі ў вучобе.
16