— Барэт, дык спіш ты з ёю ці не? — дапытваўся Рэй.

— Рэйманд, я цябе як сябра прашу: не пытайся.

— Вы ж з ёю адсюль днямі і начамі не вылазіце. Чым тут так доўга можна займацца?

— Тады навошта пытацца, Рэй?

— Бо ў гэтым ёсць нешта нездаровае.

— Што менавіта?

— Ды ўсё, Ол. Раней у цябе такога ніколі не было. Раней ты дзядзьку Рэю ўсё выкладваў. Ведаеш, непрыгожа гэта неяк. Дальбог, гэта нешта ў цябе хваравітае. Ну што ты ў ёй знайшоў асаблівага?

— Паслухай, Рэй, калі прыходзіць сапраўднае каханне…

— Каханне?

— Не прамаўляй гэтае слова брудна.

— Каханне? У тваім узросце? Дзед, мне за цябе страшна.

— Чаму ж гэта? Баішся, што з'еду з глузду?

— Баюся за тваю халасцяцкую свабоду… За жыццё тваё баюся!

Нябога Рэй. І праўда перапалохаўся.

— Баішся страціць добрага суседа?

— Як наконт страціць — не ведаю. А вось знайсці — дык ужо знайшоў. Суседку. Яна тут ужо, лічы, пасялілася.

Я якраз збіраўся на канцэрт, дык пара было канчаць гэтую гамонку.

— Добра, не бядуй, Рэйманд. Ноймем кватэру ў Ню-Ёрку, будзем цёлак мяняць кожную ноч. Усё пераспрабуем.

— Як гэта — «не бядуй»? Барэт, я ж бачу, што яна цябе абкруціла.

— Сітуацыя цалкам пад маім кантролем, — адказаў я. — Супакойся.

Папраўляючы гальштук, я рушыў да дзвярэй. Але Стратан ніяк не мог суняцца:

— Олі!

— Што?

— Дык вы з ёй спіце?.. Спіце ж?

— О Божа!..

На гэтым канцэрце Джэні не сядзела побач са мною — яна была на сцэне. Аркестр Бахаўскага таварыства выконваў у Данстэрскім каледжы Пяты Брандэнбургскі канцэрт, і Джэні саліравала на клавесіне. Вядома, я ўжо шмат разоў слухаў, як яна іграе, аднак ніколі — з аркестрам і на публіцы. Божа, мяне проста распірала з гонару. Я не заўважыў у яе выкананні аніводнае хібы.

— Ты нават уявіць сабе не можаш, як файна ты іграла, — сказаў я ёй пасля канцэрта.

— Дужа ты разбіраешся ў музыцы, падрыхтунчык.

— Дастаткова разбіраюся.

Мы стаялі ў двары каледжа. Быў такі красавіцкі вечар, калі ўжо верыш, што нарэшце вясна дабярэцца і да Кембрыджа. Калегі Джэні праходжваліся паблізу, у тым ліку і Марцін Дэвідсан, які выстрэльваў вачыма ў мой бок зарады нянавісці, і таму я не стаў спрачацца з Джэні наконт цяжкасцей ігры на клавішных інструментах.

Неўзабаве мы прайшлі цераз Мемарыяльныя прысады да берага ракі.

— Глядзі на рэчы цвяроза, Барэт, прашу цябе. Я іграю нармальна. Але не выдатна. Нават не на ўзроўні тваёй хакейнай зборнай, калі рабіць параўнанні. Усяго толькі нармальна. Падумай і згадзіся.

Як я мог спрачацца з ёю, калі яна ці не ўпершыню на маёй памяці не задзірала носа.

— Добра. Згаджаюся. Ты іграеш нармальна. Я толькі хацеў сказаць, што ты павінна працягваць іграць.

— Божа, а хто сказаў, што я не хачу працягваць іграць? Дзеля гэтага ж я і збіраюся займацца ў Надзі Буланжэ.

Гэта яшчэ што за навіна? Па тым, як Джэні асеклася, я адразу зразумеў, што яна прагаварылася.

— У каго? — запытаўся я.

— У Надзі Буланжэ. Гэта знакаміты педагог. Жыве ў Парыжы. — Апошнія словы яна прамовіла даволі таропка.

— У Парыжы? — запытаўся я, але ўжо досыць павольна.

— Яна набірае з Амерыкі вельмі мала вучняў. Мне страшэнна пашэнціла. І стыпендыя будзе вялікая.

— Джэніфэр… Ты ад'язджаеш у Парыж?

— Я ніколі не была ў Эўропе. Дачакацца не магу паездкі.

Я схапіў яе за плечы. Можа, занадта груба, не ведаю.

— І даўно ты так вырашыла?

Упершыню за ўвесь час нашага знаёмства яна не змагла глядзець мне ў вочы.

— Олі, ну сам падумай, — сказала яна. — Гэта непазбежна.

— Што — «непазбежна»?

— Мы атрымліваем дыпломы, і кожны ідзе сваім асобным шляхам. Ты паступіш у Юрыдычную школу.

— Чакай. Ты думаеш, што ты кажаш?

Цяпер яна паглядзела мне ў вочы. Твар у яе быў сумны.

— Олі, ты будучы мільянер, а я сацыяльны нуль.

Я ўсё яшчэ трымаў яе за плечы.

— Ну што ты раптам пра нейкія асобныя шляхі? Мы ўжо разам, мы шчаслівыя.

— Олі, прашу цябе зноў, падумай добра, — паўтарыла яна. — Гарвард — гэта ўсё роўна як торба з падарункамі ў Санта-Клаўса. Напхаць туды можна чаго толькі хочаш, хоць сама вар'яцкіх цацак. Але калі свята канчаецца, цябе вытрасаюць з гэтай торбы… — Яна запнулася. — …і тады трэба сунуцца на сваё месца.

— Ты хочаш сказаць, што ты збіраешся пячы булкі ў свайго таты ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд?

Я плёў абы-што.

— Пірожныя, — паправіла яна. — І не трэба смяяцца з майго бацькі.

— Не пакідай мяне, Джэні. Прашу цябе.

— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?

— А як жа нашае вяселле? — Я сказаў гэта, хоць у той момант не зусім быў упэўнены ў тым, што адчуваў.

— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?

— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.

— Ты хочаш ажаніцца са мною?

— Хачу.

Яна схіліла галаву набок і запыталася — проста, не ўсміхнуўшыся, аднак з вялікай дапытлівасцю ў вачах:

— Чаму?

Я зазірнуў ёй у самыя вочы:

— А таму што.

— О-о, — сказала яна. — Дужа грунтоўная прычына.

Яна ўзяла мяне за руку (не за рукаў, як зазвычай), і мы моўчкі пайшлі ўздоўж ракі. А пра што яшчэ было нам гаварыць?

7

Маёнтак Барэтаў, Іпсвіч, штат Масачусэтс, знаходзіцца хвілін за трыццаць — сорак язды ад Містык-

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату