Вярнуўшыся, сваякі ўжо болей не біліся, і ад таго часу, мой хлопчык, ва ўсіх сланоў, якіх ты калі- небудзь убачыш, ды і ў тых, якіх ты ніколі не ўбачыш, ва ўсіх такі самы хобат, як у гэтага дапытлівага Слоніка.

Ёсць у мяне шасцёра слуг, Рухавых, баявых, І ўсё, што бачыў я наўкруг, — Я ведаю ад іх. Яны па знаку па майму З'яўляюцца ў бядзе. Слуг гэтых клічуць: Як, Чаму, Хто, Што, Калі і Дзе. Я слуг па морах, па лясах Ганяю, крычучы. Пасля заўжды працую сам, А ім даю спачын. Я раніцой, калі ўстаю, Бяруся працаваць, А ім свабоду я даю, — Няхай крыху паспяць. Але ў мяне ёсць мілы друг, Асоба вось адна. Ёй служаць сотні тысяч слуг — Спакою ўсім няма. Яна ганяе, як сабак, Улетку і ўзіму Пяць тысяч Дзе, сем тысяч Як І сто тысяч Чаму!

Адкуль узяліся браняносцы

Мілы хлопчык, я зноў раскажу табе казку пра Далёкія і Даўнія Часы. Жыў тады Злючка-Калючка Вожык. Жыў ён на мутнай рацэ Амазонцы, еў слімакоў і розную драбязу. І была ў яго сяброўка, Чарапаха Няспешная, якая таксама жыла на мутнай рацэ Амазонцы, ела розную драбязу і зялёную салату. Усё ішло добра, ці ж няпраўда, мілы хлопчык?

Але ў тую самую пару, у Далёкія і Даўнія Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямісты Ягуар. Ён еў усё, што яму ўдасца злавіць. Не ўдасца злавіць аленя — ён з'есць малпу; не ўдасца злавіць малпу — з'есць лягушку ці казюльку. А ўжо калі няма ні лягушак, ні казюляк — ён ідзе да сваёй маці Ягуарыхі, і тая растлумачвае яму, як трэба лавіць чарапах і вожыкаў.

Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, маці навучала яго:

— Калі, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кінь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калі знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.

І ўсё ішло добра, мой мілы хлопчык.

Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы. Плямісты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык і Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглі, і вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо інакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногі і галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.

Усё ішло як трэба, мілы мой хлопчык, ці ж няпраўда?

— Слухайце мяне ўважліва! — сказаў Плямісты Ягуар. — Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялікае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калі я ўбачу Вожыка, я павінен кінуць яго ў ваду, і тады ён сам сабою выпрастаецца, а калі я ўбачу Чарапаху, я павінен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык, — клянуся маімі плямамі, не ведаю!

— Ці добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? — спытаў Злючка-Калючка Вожык. — Ці не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калі ты выпрастаеш Чарапаху, ты павінен выдрапаць яе з вады, а калі ты зловіш Вожыка, ты павінен кінуць яго на панцыр?

— Ці добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? — спытала Чарапаха Няспешная. — Ці не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калі ты змочыш вадою Вожыка, ты павінен падрапаць яго лапай, а калі сустрэнеш Чарапаху, ты павінен падкінуць яе, каб яна выпрасталася?

— Наўрад ці гэта так! — сказаў Плямісты Ягуар, але ўсё ж крыху збянтэжыўся. — Будзьце ласкавы, паўтарыце яшчэ раз, што вы сказалі зараз. І калі можна, ясней.

— Калі ты падрапаеш ваду кіпцюрамі, налі яе і выпрастай Вожыкам, — сказаў Злючка-Калючка Вожык. — Запомні гэта добра, бо гэта вельмі важна.

— Але, — сказала Чарапаха Няспешная, — калі ты выдрапаеш ваду з Вожыка, ты павінен паліць гэтай вадой Чарапаху. Няўжо ты і гэтага не ведаеш?

— У мяне ад вашай блытаніны плямы на спіне забалелі! — сказаў Плямісты Ягуар. — Я не прашу ў вас парад, я толькі пытаюся, хто з вас Вожык і хто Чарапаха.

— Не скажу, — адказаў Вожык. — Але, калі хочаш — будзь ласкаў, — паспрабуй вось выдрапаць мяне з майго панцыра.

— Ага! — сказаў Плямісты Ягуар. — Цяпер я ўжо бачу, што ты Чарапаха. Ты думала, што я не здагадаюся. А я здагадаўся.

І стукнуў Ягуар лапай з усяго маху па Вожыку, але Вожык згарнуўся ў клубочак, і ў лапу Ягуара ўпіліся вострыя калючкі Вожыка. Гэта было б, бадай, яшчэ нічога, але, на няшчасце, Ягуар ударам лапы адкінуў Вожыка далёка-далёка ў лес і не мог знайсці яго ў кустах, бо было вельмі цёмна. Тады ён сунуў лапу сабе ў рот, але ад гэтага іголкі пачалі калоць яшчэ мацней. Ад болю ён доўга не мог гаварыць, а калі загаварыў, сказаў:

— Цяпер я ўжо бачу, — то была зусім не Чарапаха. Але як мне даведацца, ці Чарапаха гэта?

І ён пачухаў патыліцу той лапай, якая не была паколата аб калючкі Вожыка.

— Я і ёсць Чарапаха, — прызналася Няспешная. — Твая матуля вучыла цябе правільна. Яна сказала табе, што ты павінен ададраць мяне ад майго панцыра. Гэта праўда. Ну, пачынай!

— Толькі што ты казала, што яна казала адно, а цяпер ты кажаш, што яна казала другое! — сказаў Ягуар, высмоктваючы калючкі з лапы.

Вы читаете Казкі
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату