«Вельмі шаноўны пан Рэдактар!..»

Вельмі шаноўны пан Рэдактар! Дару Вас крэйзаннем сваім. А гэта досі важны фактар — Павінны вы згадзіцца з тым, — Каб не пісаць звычайнай прозай, А ўціснуць думку ў гучны «мэтр», Хоць розум кажа мне з пагрозай — Ад дурня я на сантыметр. Ды ўсё ж хацеў бы мець надзею (Мо шчырасць гэтка пану ўперш), Што добрым будзе пан суддзею І не асудзіць гэты верш. А прачытаўшы ўважна тыя, Што я пры гэтым дадаю, І прысудзіўшы: «не благія», Ў газету змесціць іх сваю. Калі ж і ў мілы панскі кошык Перападзе якая рэч, — Не будзе крыўдна ні на грошык, Хоць стоража шкадую плеч. А нумар з творам маім першым Сюды дайшоў — прыемны яў. Але пара мне кончыць з вершам. Калі ж што лішняе сказаў, Хай мне даруецца абмылка. Затым з пашанай застаюсь Ўладзімір, сын Адамаў, Жылка, Па волі лёсу беларус.

1921

«Люблю, не знаючы пуціны…»

Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць; Спаткаць між жыта крыж пахілы І старца з хлопчыкам малым, Звычай шануючы мне мілы: «Дабрыдзень!» — прывітацца з ім; Прайсці ўздоўж вёскі беднай, шэрай З панурым радам сумных хат, І думаць: як ты тут ні мерай, А ў беднаце гаруе брат; І напаткаць руіны ў полі, Дзе мох на рэшце сцен узрос, І занудзіцца мімаволі, Згадаць замчышча сумны лёс; Не зразумець, чаму руіны Ў сабе таёмны тояць жах, І ці не светлы для Краіны Відаць наперадзе ўжо шлях?

1921

Каханне

З'явілася, і чую сіл крыніцу, І думы незвычайныя мае, — То боль жыцця, то лёгкасць смерці сніцца, І сэрца незнаёмае пяе. Яна ж красой варожыць, чараўніца: Як гады, віснуць косы з плеч яе, А вочы з-пад павек — з-за хмар зарніца, І тайнасць складак вопраткі заве.
Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату