Палажу на горан сталь. Што рабіць, я знаю, знаю, Нездарма куе каваль! Падзялілі чужаніцы, У няволі старана. Не скую у плуг паліцы — Не прыдасца мне яна. Закаваны люд мой, волат, Крыўд нязлічаных цяжар. Вышай, вышай, верны молат, Нестрыманы ў сэрцы жар… Хлопцы, хлопцы, — на змаганне! Гэй, крыўдзіцель, вораг, — прэч! Нездарма каваў я зрання, Недарма навостран меч.

«У сэрцы нязрадна туга аб адной…»

У сэрцы нязрадна туга аб адной, Нязнанай, адзінай, вяльможнай, А колькі было іх у далі маёй, І сэрца ўзрушалася кожнай.

«І ў сэрцы (Божа, якаво!)…»

І ў сэрцы (Божа, якаво!) — Якія спевы і маленні. О, як ні раніць хараство — Яго туга, яго баленні, Нібы празрыстых тайн пітво, — Не весць хаўтур, а знак збавення.

«Ясната, пекната…»

Ясната, пекната, Неба сінь — любата, Вось дзянёк! Цёмны гай, неўнарай, Быццам казачны рай, Вабіць нас у цянёк. Згода, ціш, не ляціш Вольнай думкаю ўвыш Ад зямлі. Добра тут. Верыш ў цуд. Свет, цяпло — родны кут Спавілі.

Безнадзейнасць

Ноч стушыла агні, пад акно Падступіла й цікуе жахліва. Што пачну выглядаць? Не відно, Не відно — за акнамі маўкліва. Без зары, без агню немага, Немага, калі ноч — як магіла. І чаго спадзявацца ільга, Калі змроку крыло атуліла?
Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату