На душы пустата, немата, Не ўзрушае ні песня, ні дзейнасць. Толькі сум, як увосень слата, І спакой, і спакой — безнадзейнасць.

«Падарожным, Божанька…»

Падарожным, Божанька, Ды не легка йсці. Не відаць дарожанька — Цяжка ў беспуцці. З тропу, сцежкі роднае Збіліся дзяды, І гады нягодныя Замялі сляды. А душа мужычая І да гэтых пор Па старому звычаю Моліцца да зор. Нашы сёстры, мацеркі Сэрцам у жальбе, Пацеры у пацеркі Ніжуць да Цябе. Над мінучай славаю, Гучнаю, як звон, Над вялікай справаю, Кінутай ў палон.

«Нягоды твой не зменяць крок…»

Нягоды твой не зменяць крок, І ты пяшчотная ўсё тая ж, І радасці жыцця ў вянок, Як і калісьці, завіваеш. Я ж лёсу не асіліў жудзь І небыцця спужаўся плоймы, І страшны, палахнечы пуць Мяне вядзе ў твае абоймы. Прыходжу, як даўней, к табе, Але ўжо з іншым, горкім сказам, А ты уваж маёй жальбе І пасядзі са мною разам. Кажу, а голас мой, як брэх, — Ну што, мы толькі снім аб шчасці, Звініць дачасны рады смех, Каб абарвацца і прапасці. І мой жа праз вякі цяжар, І свет нікім не перайначан, І кожны новы людскі твар Пячаткаю трагічнай значан. А ты кажы, што любы хвор Ці нейкім чорным спален сонцам, І што адвечна ззянне зор, І б'е жыццё цурком бясконцым.

Дзень і ноч

Вы читаете Вершы
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату