Дый прамовіў да сьвятога: «Я — Мацей з Бару Крутога, Шмат дзяцей, паночку, маю, А карміць іх чым — ня знаю. Працаваў бы — не здалеці, Бо гультай я ў гэтым сьвеце! Красьці? — краў бы, дык баюся, Бо, крый Божа, пападуся Да пачцівых як людзей, Так паходзяць ля грудзей, Што жыць стане неахвота! Вось такія мне клапоты. Я і думаў, як мне быць, Дзе спакой сабе здабыць? Не дайшоў сам да нічога, А надумаўся — да Бога Я пайду і запытаю, Што рабіць на сьвеце маю? Ды у лесе во зблукаўся, Начаваць у ім сабраўся… Вы ж, паночак, быць павінна, Ў неба едзеце ў гасьціны? Дык мне ласку там зрабіце, Аба мне ўсё раскажыце I аб дзетках маіх разам; Што там скажуць? З пераказам Сюды едзьце проста ў лес». «Добра, добра, я увесь Для цябе гатоў служыць! Як мне толькі не забыць Тое ўсё, што ты казаў? Я б паяс расьперазаў На ўспамін, — дык меч спадзе, Што параіш у бядзе?» «Эт, панок! Я спосаб знаю, — Простым розумам параю: Каб вам мець перасьцярогу, Не забыцца б ў Пана Бога, — Адно стрэмя залатое Вы пакіньце мне на тое, Помніць будзеце ўвесь час, Што я тут чакаю вас». «Добра, розуму бярэмя Маеш, чалавеча! Стрэмя На, вазьмі  маё; сядзі Ды чакай мяне, глядзі!» I, Мацею стрэмя даўшы, Сам паехаў, паскакаўшы Зноў па лесе на каню… Бляск ідзе, маўляў з агню, Зьзяе стрэмя залатое. «Вот бы мне яшчэ другое! — Гэтак думае Мацей. — Было б хлеба для дзяцей». (Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты, Не было бацьком турботы, — Дык ня дзіва, што лазаты, Бэльзэбула сын рагаты, З гэткай думкай падступіў, А Мацей яе ўхапіў.) Потым стрэмя закапаў, Палажыўся і праспаў Аж да заўтра, да паўдня… Пралупіўшы толькі вочы, Чуе: конь ізноў грукоча. Сьвяты Юр’я то нясецца, Мацей ў вус сабе сьмяецца. Многа часу не чакаў, Хутка Юры прыскакаў; Конь пад ім гуляе, скача. «Ну, ты слухай, небарача: Аб табе з тваёю справай Я ў абедзе за расправай Богу ўсё як ёсьць сказаў; Пастараўся, як зьвязаў, I як ты жывеш, гаруеш I зь дзяцьмі сваймі бядуеш; Як галаву сваю ламаеш I які ты розум маеш! Так казаў, што ледзь-ня ледзь Сам ня плакаў. Адпаведзь Бог такую табе даць Меў мне міласьць прыказаць: Красьці — гэта грэх! Глядзі, Ты ніколі не крадзі! Калі ж будзеш ты што браць У людзей, то, каб аддаць, Надта рупіцца ня трэба, От і будзеш меці хлеба. А то часам і саўсім Не аддай нічога ім: Я ня ведаю, ня браў… Калі ж будуць набівацца, Ты ня бойся адпірацца, Шчасьце знойдзеш так сваё. А цяперака маё Стрэмя зноў ты мне зьвярні». «Стрэмя?! Я яго ня браў! Хіба ж пан мне аддаваў?!» —
Вы читаете Матчын дар
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×