VIII
Рыўер выйшаў на вуліцу. Яму хацелася трошкі пахадзіць, заглушыць тую трывогу, якая зноў завалодвала ім. Ён, чыё жыццё заўжды было прысвечана толькі дзеянню, прасякнутаму драматызмам, ён са здзіўленнем адчуў, што гэтая драма саступае месца нейкай іншай, яго асабістай драме. Ён падумаў, што жыццё абывацеляў у маленькіх мястэчках, на першы погляд такое ціхае, засяроджанае вакол танцпляцовак, — часам таксама тоіць у сабе цяжкія драмы: хваробу, каханне, смерць і, магчыма… Свая хвароба шмат чаму яго навучыла. «Быццам расчыніліся нейкія новыя вокны», — падумаў ён.
Пазней, гадзін у адзінаццаць вечара, адчуўшы сябе лепей, Рыўер пайшоў назад, у кантору. Няспешна прабіраўся сярод людзей, якія тоўпіліся ля ўвахода ў кінатэатры. Ён падняў вочы да зорак, якія зіхацелі над вузкай вуліцай, амаль непрыкметныя пры агнях рэкламы, і падумаў: «Сёння ў палёце два паштовыя. Сёння вечарам я адказваю за ўсё неба. Далёкая зорка падае мне знак, яна шукае мяне ў натоўпе — яна знайшла мяне: вось чаму я адчуваю сябе нейкім чужым, самотным».
У памяці выплыла музычная фраза: некалькі нот з санаты, якую ён слухаў учора з прыяцелямі. Прыяцелі не зразумелі музыкі: «Такое мастацтва наводзіць дакуку. І на вас таксама, толькі вы не хочаце ў гэтым прызнацца».
— Магчыма, — адказаў ён.
Як і зараз, ён тады адчуў сябе самотным, але адразу ж зразумеў, як узбагачае яго тая самота. Музыка несла яму нейкую вестку — яму аднаму сярод усіх гэтых недалёкіх людзей даверліва раскрывала сваю тайну. Гэтак, як сёння падае яму знак зорка. Цераз галовы столькіх людзей яна размаўляла з ім на мове, зразумелай толькі яму.
На тратуарах Рыўера штурхалі. Ён думаў: «Ці варта раздражняцца? Я — нібы чалавек, у якога хворае дзіця: павольна брыдзе ён у натоўпе і нясе ў душы вялікую моўчу свайго дому».
Рыўер глядзеў на людзей. Ён спрабаваў распазнаць тых, хто клапатліва аберагае ў душы сваё адкрыццё альбо сваю любоў, і думаў пра тое, якія самотныя дазорцы маякоў. Рыўеру прыйшоўся даспадобы спакой канторы. Непаспешліва ішоў ён з пакоя ў пакой, і яго крокі адзінока гучалі ў пустым будынку. Пішучыя машынкі спалі пад футараламі. За замкнёнымі дзверцамі вялікіх шафаў роўнымі радамі выстраіліся канцылярскія папкі. Дзесяць гадоў вопыту і працы! Рыўеру ўявілася, быццам ён ходзіць па каморах банка, навокал грувасцяцца незлічоныя скарбы. Ён думаў, што кожная з яго ведамасцей назапасіла нешта больш каштоўнае, чым золата, — жывую сілу. Хоць яна і заснула, як золата ў банкаўскіх скарбніцах.
У адным з пакояў ён напаткае зараз адзінага тут нядрэмніка — дзяжурнага сакратара. Той працуе, каб прадаўжалася жыццё, каб не спыняліся намаганні чалавечай волі і каб ніколі і нідзе, ад Тулузы да Буэнас- Айрэса, не разрываўся ланцуг.
«І чалавек гэты нават не здагадваецца пра сваю веліч».
Дзесьці вядуць цяпер бітву паштовыя самалёты. Начны палёт цягнецца доўга, як хвароба: каля самалёта трэба дзяжурыць, як ля пасцелі хворага. Трэба памагаць людзям, якія рукамі, каленямі, грудзьмі сустракаюць начную цемру, сутыкаюцца з ёю твар у твар і для якіх не існуе — ва ўсім свеце не існуе нічога, апрача зыбкіх, нябачных стыхій, і сілай сваіх рук, усляпую, павінны яны вырваць сябе з гэтых стыхій, як з марскога прадоння. Як страшна можа прагучаць часам прызнанне: «Каб разгледзець свае рукі, мне прыйшлося іх асвятліць…» У чырвоным святле выступае далікатны аксаміт рук, быццам кінутых у ванначку з праяўляльнікам. Гэта ўсё, што застаецца ад свету, і гэта трэба выратаваць…
…Рыўер зняў трубку і пачуў пошум начнога свету.
— Рыўер слухае.
Слабы шорах, потым голас:
— Злучаю вас з радыёстанцыяй.
Зноў шум, шчоўканне кантактаў; потым іншы голас:
— Гаворыць радыёстанцыя. Перадаём тэлеграмы.
Рыўер запісаў іх, ківаючы галавой:
— Так… Так…
Нічога істотнага. Звычайныя службовыя зводкі. Рыо-дэ-Жанейра прасіў даведку, Мантэвідэо паведамляў пра тэхнічнае абсталяванне. Звычайныя хатнія гукі.
— А самалёты?
— Навальніца. Самалётаў не чуем.
— Ясна.
Рыўер падумаў, што вось тут такая светлая, зорная ноч, а радысты ўжо ўлавілі ў ёй дыханне далёкіх навальніц.
— Да пабачэння.
Рыўер падняўся. Да яго падышоў сакратар:
— Паперы на подпіс, месье дырэктар.
— Давайце…
Рыўер раптам адчуў прыліў прыязнасці да гэтага чалавека, на якога таксама ўзвальваўся цяжар гэтай ночы. «Мы разам вядзём бітву, — думаў Рыўер. — Але ён так і не даведаецца ніколі, як моцна нітуе нас гэтая начная рупнасць».
IX
Калі Рыўер са стосам паперы ў руцэ ўвайшоў у свой кабінет, ён адчуў той востры боль у правым баку, які вось ужо некалькі тыдняў даймаў яго.
«Так і не праходзіць…»
На секунду прыхіліўся да сцяны:
«Якая недарэчнасць!»
Дабраўся да крэсла.
І зноў — каторы раз — ён, стары леў, адчуў на сабе путы, і глыбокі смутак агарнуў яго.
«Столькі працы — і прыйсці да такога завяршэння! Мне пяцьдзесят; пяцьдзесят гадоў я напаўняў сваё жыццё ўшчэрць, ствараў самога сябе, змагаўся, перайначваў ход падзей, — і вось што займае мяне цяпер, вось што поўніць мяне, вось што выцясняе ўсю рэшту свету…
Якая недарэчнасць!»
Ён выцер пот, перачакаў, пакуль боль адпусціць, і пачаў працаваць.
Няспешна гартаў паперы
«У час разборкі матора 301 у Буэнас-Айрэсе заўважана… Накласці на вінаватага строгае спагнанне».
Ён падпісаў.
«На пасадачнай пляцоўцы Фларыянопаліса насуперак інструкцыям…»
Ён падпісаў.
«У дысцыплінарным парадку замяніць начальніка аэрадрома Рышара, які…»
Ён падпісаў.
Боль у баку прытупіўся, але назусім не знікаў, ён жыў у Рыўеру як нешта новае, надаючы жыццю новы сэнс і прымушаючы Рыўера думаць пра сябе самога — думаць з горыччу.
«Справядлівы я ці несправядлівы? Не ведаю. Я караю — і колькасць аварый змяншаецца. Адказнасць за аварыі ляжыць не на чалавеку, а на нейкай безаблічнай сіле, і апанаваць ёю можна толькі тады, калі трымаеш у руках людзей. Калі б я быў заўсёды справядлівы, кожны начны палёт ператвараўся б у гульню са смерцю».