даб'юць цяжкапараненага, калі ён будзе замінаць прасоўванню арміі. Пра дабро для Супольства яны будуць меркаваць з дапамогай матэматыкі — і матэматыка будзе кіраваць імі. Ім няма выгоды ўзвышацца да нечага болей вялікаснага, чым яны самі. I таму яны ўзненавідзяць усё, што будзе розніцца ад іх, бо яны па-за межамі саміх сябе не знойдуць нічога, з чым яны маглі б зліцца. Любы чужы звычай, інакшая раса, інакшая думка непазбежна стане для іх абразай. Яны не будуць здольны прылучаць да сябе, бо кааб прылучыць Чалавека да сваёй веры, трэба не адсекчы яго, а растлумачыць яму ягоную ролю, паказаць мэту яго памкнення і даць яму магчымасць практычна выпрабаваць свае сілы. Прылучыць да сваёй веры заўсёды азначае вызваліць. Храм можа прылучаць да сябе камяні, і яны набываюць у ім сэнс. А куча камянеў нічога не прылучае да сябе, і, не ўмеючы рабіць гэтага, яна проста гняце. I гэта праўда — але чыя віна ў гэтым?
Я болей не здзіўляюся таму, што куча камянёў якая гняце ўсім сваім цяжарам, перамагла камяні, бязладна раскіданыя сярод поля.
I ўсё-такі я мацнейшы, чым яна.
Я мацнейшы, калі я зноў знайду сябе. Калі наш Гуманізм адновіць Чалавека. Калі мы здолеем заснаваць нашу Супольнасць, прымяніўшы для гэтага адзіна дзейсны сродак: самаахвярнасць. Супольнасць, створаная нашай духоўнай культурай, таксама не была сукупнасцю выгод — яна была сукупнасцю дарункаў.
Я мацнейшы, бо дрэва мацней рэчываў, што ствараюць глебу. Яно ўбірае іх у сябе. Яно ператварае іх у дрэва. Храм ззяе куды ярчэй, чым куча камянеў. Я мацнейшы, бо мая духоўная культура здольна злучыць у адно цэлае, нікога не адсякаючы, усю разнастайнасць чалавечых якасцей. Яна не толькі наталяе смагу з крыніцы сваёй моцы, яна разам з гэтым і ўлівае ў яго новае жыццё.
Вылятаючы, я хацеў нешта набыць раней, чым аддаць самому. Маё жаданне было бязглуздае. Яно нагадвала той сумны ўрок граматыкі. Перш чым набыць, неабходна аддаць, — перш чым пасяліцца ў доме, неабходна пабудаваць яго.
Мая любоў да сваіх заснавана на тым, што я гатовы аддаць за іх сваю кроў, як любоў маці заснавана на тым, што яна аддае дзіцяці сваё малако. Менавіта ў гэтым уся таямніца. Каб даць жыццё любові, неабходна пачынаць з самаахвяравання. Потым любоў можа натхніць на новыя ахвяраванні, і яны прывядуць да новых перамог. Чалавек заўсёды мусіць зрабіць першы крок. Перш чым існаваць, ён павінен нарадзіцца.
Па звароце з задання я ўжо адчуў сваю роднасць з пляменніцай фермера. Яе ўсмешка была такая чыстая, і праз гэтую ўсмешку я ўбачыў маю вёску. А праз маю вёску — маю краіну. А праз маю краіну — іншыя краіны. Бо я неаддзельны ад духоўнай культуры, якая сваёй асновай абрала Чалавека. Я неаддзельны ад групы 2/33, якая выказала гатоўнасць змагацца за Нарвегію.
Можа здарыцца, што заўтра Аліяс пашле мяне на іншае заданне. Сёння я надзяваў сваю лётную рызу, каб служыць богу, якога не бачыў — бо быў сляпы. Агонь над Арасам сарваў заслону з маіх вачэй, і я авідушчаў. Тыя, ад каго я неаддзельны, таксама авідушчалі.
I калі на досвітку я зноў узлячу ў неба, я ўжо буду ведаць, за што я змагаюся.
Але я хачу запомніць, што ўбачыў. А для гэтага я маю патрэбу ў звычайным Сімвале Веры.
Я буду змагацца за прымат Чалавека над паасобнай асобай, — як агульнага над прыватным.
Я веру, што культ Агульнага ўзвышае і яднае ў адно духоўныя скарбы паасобных асоб і засноўвае адзіную сапраўдную гармонію — гармонію жыцця. Дрэва — сама гармонія, хоць карані яго і не падобныя на крону.
Я веру, што культ паасобных асоб спавадуе толькі смерць, бо ён імкнецца заснаваць гармонію на падабенстве. Ён падмяняе адзінства Сутнасці тоесамасцю яе частак. I разбурае храм, каб выкласці ў рад складаючыя яго камяні. Пагэтаму я буду змагацца супроць кожнага, хто стане абвяшчаць перавагу нейкага аднаго абраду над другім, нейкага аднаго народа — над іншымі народамі, адной расы — над іншымі расамі, нейкай адной думкі — над іншымі думкамі.
Я веру, што прымат Чалавека закладвае аснову толькі Роўнасці і Свабодзе, адзіна якія і маюць сэнс. Я веру ў роўнасць правоў Чалавека ў кожнай асобе. I веру, што Свабода — гэта Свабода ўзыходжання Чалавека. Роўнасць не ёсць тоесамасць. Свабода не ёсць узвялічванне асобы на шкоду Чалавеку. Я буду змагацца супроць кожнага, хто задумае падначаліць свабоду Чалавека адной нейкай асобе ці сукупнасці асоб.
Я веру, што мая духоўная культура імянуе Любоўю да бліжняга дабравольную самаахвярнасць, якая прыносіцца Чалавеку, каб сцвердзіць ягонае царства. Любоў да бліжняга ёсць дар Чалавеку, які прыносіцца праз пасрэдніцтва асобы. Яна засноўвае Чалавека. Я буду змагацца супроць кожнага, хто, сцвярджаючы, што мая любоў да бліжняга ганаруе пасрэднасць, стане адмаўляць Чалавека і гэтым самым замкне асобу ў турму безвыходнай пасрэднасці.
Я буду змагацца за Чалавека. Супроць яго ворагаў. Але таксама і супроць самога сябе.
XXVIII
Я далучыўся да таварышаў. Мы ўсе павінны былі сабрацца каля апоўначы, каб атрымаць загады. Групу 2/33 цягне на сон. Полымя вялікага кастра ператварылася ў прысыпаны прыскам жар. 3 выгляду група яшчэ трымаецца, але гэта толькі здаецца. Ашэдэ тужліва паглядвае на свой знакаміты хранометр. Пеніко, прыпаўшы да сцяны, дрэмле ў кутку. Гавуаль, звесіўшы ногі, сядзіць на стале і, ледзьве стрымліваючы позяхі, крывіцца, нібы гатовае заплакаць дзіця. Азамбр клюе носам над кнігай. Адзін толькі маёр яшчэ бадзёрыцца; страшэнна бледны, схіліўшыся над асветленымі лямпай паперамі, ён ціха нешта абмяркоўвае з Жэле. Зрэшты, «абмяркоўвае» — гэта толькі вобразнае слова. Гаворыць адзін маёр. Жэле сцвярджальна ківае галавой: «Так, канечне». Жэле бы прыліп да гэтага свайго «так, канечне». Ён усё гарачэй згаджаецца з разважаннямі маёра, баючыся адарвацца ад іх, як тапелец ад шыі плыўца. На месцы Аліяса я, не мяняючы тону, сказаў бы: «Капітан Жэле, на досвітку вас расстраляюць…» — і пачакаў бы, што той адкажа.
Група не спала ўжо трое сутак і ледзьве трымаецца на нагах.
Маёр устае, падыходзіць да Лакардэра і абрывае яго сон, у якім Лакардэр, магчыма, абыгрываў мяне ў шахматы:
— Лакардэр, вы паляціце на світанні. Разведка на брыючым палёце.
— Слухаю, пан маёр.
— Вам трэба было б паспаць…
— Так точна, пан маёр.
Лакардэр зноў сядае. Маёр выходзіць з пакоя, за ім цягнецца і Жэле, як снулая рыбіна на кручку вуды. Вось ужо не трое сутак, а цэлы тыдзень Жэле не клаўся спаць. Нароўні з Аліясам ён не толькі вылятаў у разведку, але і нёс на сваіх плячах адказнасць за ўсю групу. Чалавечая вынослівасць не бязмежная. Жэле перайшоў ужо межы вынослівасці. I ўсё-такі абодва яны — плывец і тапелец — зноў адпраўляюцца па прывідныя загады.
Да мяне падыходзіць заклапочаны Вэзэн, — сам ён пры гэтым спіць на нагах, як лунацік:
— Ты спіш?
— Я…