паклаў рэвальвер на падлогу побач з целам? Калі вы абое першы раз зайшлі ў студыю, яго там не было, вы абое гатовы прысягнуць, і я веру вам. Вы выйшлі са студыі і пайшлі ўніз; вы, місіс Міён, упалі, і ён аднёс вас у ваш пакой. Вы былі непрытомная. Так?

— Не, — адказала Пегі, не адводзячы вачэй ад пільнага позірку Вулфа. — Я магла б дайсці сама, але ён — ён хацеў мяне аднесці на руках.

— Не сумняваюся. Ён так і зрабіў. Вы засталіся ў сваім пакоі. Фрэд спусціўся на першы паверх, каб скласці спіс тых, каго можна было западозрыць у забойстве, — між іншым, прадэманстраваўшы тым самым вартую захаплення прадбачлівасць, — вярнуўся, патэлефанаваў у паліцыю, потым доктару, які прыйшоў адразу, бо жыве ў гэтым самым доме. Прайшло не болей пятнаццаці хвілін паміж тым, як вы і містэр Уэплер выйшлі са студыі, і тым, як туды зайшлі ён і доктар.

У дзвярах, што вядуць са студыі ў агульны калідор, умацаваны замок, які аўтаматычна зашчоўкваецца, калі дзверы зачыняюцца, і дзверы гэтыя былі зачынены. Туды ніхто не мог зайсці на працягу тых пятнаццаці хвілін. Вы кажаце, што ўсталі з ложка і пайшлі ў залу і што ніхто не змог бы прайсці тым шляхам, не заўважаны вамі. Пакаёўка і кухар былі на кухні, не ведаючы, што адбываецца ў доме. Такім чынам, ніхто не заходзіў у студыю, і ніхто не клаў рэвальвера на падлогу.

— Нехта гэта зрабіў, — запярэчыў Фрэд.

— Мы не ведаем, у каго быў ключ, — настойвала на сваім Пегі.

— Вы ўжо гэта гаварылі, — перайшоў у атаку Вулф. — Нават калі ўсе мелі ключы, я гэтаму не веру і ніхто гэтаму не паверыць. — Ён перавёў позірк у мой бок. — Арчы, вы паверыце?

— Такое можа быць толькі ў кіно, — прызнаўся я.

— Бачыце, — звярнуўся Вулф да Пегі і Фрэда. — Містэр Гудвін не ставіцца да вас прадузята — наадварот. Ён гатовы за вас пайсці ў агонь: паглядзіце — ён не паспявае рабіць свае запісы, бо з замілаваннем сочыць, як вы пазіраеце адно на аднаго. Але ён згодны са мной, што вы хлусіце. Калі ніхто іншы не мог пакласці рэвальвер на падлогу, гэта зрабіў адзін з вас. Мне трэба гэта ведаць. Абставіны прымусілі вас гэта зрабіць альбо вы палічылі, што яны вас вымушаюць.

Вулф зірнуў на Фрэда.

— Скажам, вы выцягнулі шуфлядку туалетнага століка, шукаючы нюхальную соль, а там — рэвальвер, і па паху з дула зразумелі, што з яго нядаўна стралялі, а потым паклалі ў шуфлядку, як вы адразу сцямілі, каб выклікаць падазрэнне да яе. І што б вы зрабілі? Якраз тое, што вы і зрабілі на самай справе: аднеслі рэвальвер наверх, паклалі каля цела, не сказаўшы ёй пра гэта ні слова. Альбо…

— Лухта, — рэзка перапыніў яго Фрэд. — Абсалютная лухта.

Вулф зірнуў у бок Пегі.

— Альбо рэвальвер у сваёй спальні знайшлі вы, пасля таго як ён пайшоў уніз. Зразумела, вы…

— Гэта абсурдна, — рашуча перабіла его Пегі. — Як рэвальвер мог з'явіцца ў маёй спальні, калі толькі я сама яго там не паклала? Мой муж быў жывы а палове шостай, я прыйшла дадому яшчэ раней і была толькі ў зале і ў спальні, пакуль у сем гадзін не прыйшоў Фрэд. Так што, калі толькі вы не лічыце, што…

— Добра, — пагадзіўся Вулф. — Не ў спальні. Можа, у іншым месцы. Я не змагу працягваць расследаванне, пакуль не дазнаюся пра гэта ад вас. Не мог жа рэвальвер, каб яго чорт узяў, пераляцець з аднаго месца на другое. Я прадбачу шмат хлусні ад іншых, урэшце ад некага аднаго, але ад вас хачу пачуць праўду.

— Вы яе пачулі, — заявіў Фрэд.

— Не. Я яе не пачуў.

— Тады, значыць, мы зайшлі ў тупік, — сказаў Фрэд і падняўся. — Ну, што, Пегі?

Яны глянулі адно на аднаго, і перад іх вачыма зноў прамільгнула ўсё, што адбылося. Калі падышла чарга да слоў у сцэнарыі: «Цудоўна павінна быць заўсёды», — Фрэд зноў сеў у крэсла.

Вулф, не маючы ролі ў сцэнарыі спектакля, уварваўся туды без запрашэння.

— Я лічу, — заўважыў ён суха, — што ў выпадку тупіка ўсякая гульня спыняецца.

Карацей кажучы, усё цяпер залежала ад мяне. Калі Вулф дэманстратыўна адмаўляўся ад гульні, нічога не магло яго зварушыць. Я ўстаў, узяў з яго стала той самы прыгожы чэк ружовага колеру, паклаў на свой стол, прыціснуў яго прэс-пап'е, сеў у крэсла і ўсміхнуўся, гледзячы на Вулфа.

— Дапусцім, што праўда на вашым баку, Вулф, — заўважыў я, — што само па сабе не з'яўляецца тым, што вы называеце ападыктычным, калі-небудзь нам варта скласці спіс кліентаў, якія сядзелі вось тут і хлусілі нам. Напрыклад, Майк Уолш, і Каліда Фротс, і той тып з кафетэрыя, Прат, — ды такіх набяруцца дзесяткі. Але грошы плацілі добрыя, і я не настолькі затрымаўся ў запісах, каб не здолець нагнаць. Няўжо ўсё, што я зрабіў, было дарэмна?

— Наконт гэтых запісаў, — цвёрда заўважыў Фрэд Уэплер, — я хачу ўдакладніць адну рэч.

Вулф глянуў у яго бок. Іх позіркі сустрэліся.

— Мы прыйшлі сюды, — сказаў ён, — каб канфідэнцыяльна расказаць аб сваёй праблеме і прапанаваць вам яе вырашыць. Паколькі нас абвінавачваюць у хлусні, я засумняваўся, ці варта працягваць нашу размову, і толькі калі місіс Міён пажадае, я згодны весці гаворку далей. Але кажу вам адкрыта, калі раструбіце тое, што мы расказалі, альбо паведаміце паліцыі ці каму-небудзь яшчэ, што, згодна з нашымі словамі, рэвальвера ў студыі, калі мы туды ўвайшлі, не было, мы ад гэтых слоў адмовімся, нягледзячы на ўсе вашы чортавы запісы. Мы будзем адмаўляць, не адступаючы ні на крок! — Ён зірнуў на спадарожніцу. — Менавіта так, Пегі! Згодная?

— Ён не раскажа паліцыі, — упэўнена заявіла Пегі.

— Можа, і не. Але калі ён гэта зробіць, ты разам са мной адмовішся ад таго, што расказалі раней. Ці не так?

— Ну, зразумела, — паабяцала яна з такім выглядам, нібы ён папрасіў яе дапамагчы забіць грымучую змяю.

Вулф, сцяўшы вусны, назіраў за тым, што адбывалася. Відавочна, улічваючы тое, што чэк, які ляжаў на маім стале, быў амаль што на шляху да банка, ён вырашыў дадаць прозвішчы суразмоўцаў да спісу хлуслівых кліентаў і рухацца далей, маючы гэта на ўвазе. Зірнуўшы ў бок кліентаў шырока адкрытымі вачыма, ён прымусіў іх супакоіцца, потым зноў прыплюшчыў вочы і загаварыў:

— Мы вырашым гэта разам з астатнімі праблемамі да таго, як прыйдзем да фінішу, — запэўніў ён суразмоўцаў. — Вы, вядома, разумееце, што я зыходжу з вашай невінаватасці, але ў сваім жыцці я выказаў, відаць, тысячу памылковых меркаванняў, таму яны нічога ня вартыя. У некага з вас ёсць думка наконт таго, хто забіў містэра Міёна?

Пегі і Фрэд адмоўна пакруцілі галовамі.

— У мяне ёсць, — буркнуў Вулф.

Суразмоўцы глянулі на яго шырока адкрытымі вачыма.

— Гэта толькі меркаванне, — паківаў галавой Вулф, — але яно мне падабаецца. Трэба будзе шмат папрацаваць, каб абгрунтаваць яго. Спачатку я павінен спаткацца з людзьмі, пра якіх мы гаварылі, з усімі шасцярымі — і я не хацеў бы з гэтым марудзіць, расцягваючы сустрэчы. Паколькі вы не хочаце, каб яны ведалі, што я займаюся справай аб забойстве, мы павінны пайсці на хітрасць. Місіс Міён, ваш муж пакінуў завяшчанне?

Пегі сцвярджальна кіўнула галавой.

— Вы спадчынніца?

— Ага, я, — зажэстыкулявала яна, — мне не патрэбна спадчына, і я не хачу яе.

— Але яна ваша. Атрымліваецца цудоўна. Часткай гэтай маёмасці з'яўляецца права на кампенсацыю, якую павінен выплаціць містэр Джэймс за шкоду, прычыненую містэру Міёну ў выніку гвалтоўных дзеянняў. Вы павінны заявіць аб сваіх правах на гэтую частку маёмасці. Усе тыя шэсць чалавек, з якімі я хачу сустрэцца, нейкім чынам маюць дачыненне да гэтай справы. Я адразу ж паведамлю ім, накіраваўшы пісьмы сёння вечарам тэрміновай поштай, што дзейнічаю ад вашага імя ў вырашэнні гэтай справы і што хацеў бы, каб яны прыйшлі ў маю кантору заўтра ўвечары.

— Гэта немагчыма! — усхвалявана закрычала Пегі. — У мяне нават і ў думках не было прапанаваць Джыфу выплаціць кампенсацыю!

— К чорту! — зароў, грукнуўшы кулаком па стале, Вулф. — Гладкай вам дарогі! Бывайце! Думаеце, што расследаванне спраў аб забойствах — гэта вам гульня ў лялькі? Спярша вы мне хлусіце, а цяпер — бачыце! — вам не хочацца трывожыць людзей, сярод якіх — забойца! Арчы, выведзі іх за дзверы!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату