— Брава, — прамармытаў я ў адказ.

Мне таксама ўсё гэта паспела надакучыць.

— Паспрабуйце пашукаць дапамогі ў Арміі Ўратавання, — прапанаваў я, зыркнуўшы ў бок кандыдатаў у кліенты. — Яны сталыя спецыялісты па аказанні дапамогі тым, хто трапіў у непрыемнае становішча. Можаце прыхапіць з сабой блакноты, усяго па дваццаць пяць цэнтаў за штуку. Запісы аддаём у якасці бясплатнага дадатку.

Пегі і Фрэд пераглянуліся.

— Як я разумею, ён хоча сустрэцца з імі заўтра, — пачаў саступаць Фрэд. — Для гэтага ў яго павінна быць зачэпка, і, трэба прызнаць, ён яе знайшоў, і вельмі ўдалую. Ты ім нічога не павінна — нікому.

Пегі здалася.

Пасля высвятлення шэрага дэталяў, самай важнай з якіх былі адрасы, місіс Міён і містэр Уэплер пайшлі. Калі меркаваць па тым, як яны выходзілі за дзверы і як мы іх прыспешвалі, зусім не сардэчна, можна было падумаць, што яны не кліенты, а хутчэй — ахвяры. Але чэк застаўся на стале. Калі, вывеўшы іх за дзверы, я зайшоў у кабінет, то ўбачыў, што Вулф сядзіць, адкінуўшыся ў крэсле з заплюшчанымі вачыма, і хмурыцца, відаць, нечым незадаволены.

Пацягнуўшыся і пазяхнуўшы, я сказаў бадзёрым голасам:

— Здаецца, атрымаецца даволі цікава. Зрабіць выгляд, што справа датычыцца толькі жадання атрымаць кампенсацыю. Калі забойца знойдзецца сярод гасцей, паглядзім, колькі часу вы здолееце ўтойваць ад яго сваю здагадку. Іду ў заклад, ён заглыне кручок раней, чым прысяжныя абвесцяць свой прыгавор.

— Змоўкні! — рыкнуў Вулф. — Ідыёты!

— Ну, будзьце міласэрнымі, — запярэчыў я. — Ад закаханых нельга патрабаваць, каб яны думалі — таму яны і наймаюць кваліфікаваных мысліцеляў. Вы павінны радавацца і ганарыцца, што яны выбралі вас. Ну, схлусілі яны раз-другі, дык што з таго, калі яны закаханы адно ў аднаго? Калі я ўбачыў…

— Змоўкні, — паўтарыў Вулф і расплюшчыў вочы. — Вазьмі блакнот. Пісьмы трэба адаслаць тэрмінова.

Сустрэча, што адбылася ў панядзелак вечарам, доўжылася цэлых тры гадзіны, і за ўвесь гэты час пра забойства не было сказана ні слова. Тым не меней нельга сказаць, каб яна была вясёлая. У пісьмах было выразна заяўлена, што Вулф, дзейнічаючы па даручэнні місіс Міён, хацеў бы даведацца, ці можна атрымаць ад Джыфарда Джэймса пэўную суму, не звяртаючыся да паслуг адвакатаў ці ў суд, і якая сума будзе вызначана.

Вядома, адпаведны душэўны настрой быў у кожнага прысутнага: у самога Джыфарда Джэймса, у яго дачкі Клары, у яго адваката суддзі Генры Арнольда, у Адэлі Бослі з інфармацыйнай службы, у доктара Нікаласа Лойда, тэхнічнага эксперта, і ў Руперта Гроўва, імпрэсарыо Міёна. Такім чынам, усяго іх было шэсць чалавек — якраз столькі, каб стварыць утульную атмасферу ў нашым вялікім кабінеце. Фрэда і Пегі не запрасілі.

Уся троіца з боку Джэймсаў прыйшла разам і была настолькі пунктуальная, з'явіўшыся дакладна ў дзевяць гадзін, што мы з Вулфам не паспелі нават выпіць у кабінеце традыцыйнага вячэрняга кубка кавы. Мне так карцела іх убачыць, што я сам пайшоў адчыняць дзверы замест Фрыца — кухара і апекуна ўсёй хатняй гаспадаркі, які дапамагае ператварыць дні і гады жыцця Вулфа ў суцэльную радасць амаль у той жа ступені, што і я.

Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што барытон першы пераступіў парог, пакінуўшы ззаду дачку і адваката. Так як я часам згаджаўся з прапановай Лілі Роўман заняць адно з двух яе крэслаў у оперным тэатры, то шырокія плечы Джэймса, яго рост пад метр дзевяноста і фанабэрыстая, як у пеўня, хада не былі для мяне нечаканымі, здзівіў жа яго маладжавы выгляд, бо было яму, відаць, пад пяцьдзесят. Ён падаў мне свой капялюш з такім выглядам, быццам я быў народжаны толькі для таго, каб у панядзелак, 15 жніўня, увечары, прыняць ад яго гэты капялюш. На жаль, я выпусціў яго з рук.

Усё гэта кампенсавала Клара, скіраваўшы ў мой бок позірк сваіх вачэй. Адно гэта сведчыла, што яна была вельмі назіральная, бо звычайна ніхто не звяртае ўвагі на таго тыпа, што адчыняе дзверы, яна ж убачыла, як я выпусціў з рук капялюш яе бацькі, глянула ў мой бок і не адводзіла вачэй практычна да таго часу, пакуль я не прачытаў у іх наступнае: «Ты што, маскіруешся? Ну, дык да сустрэчы».

Гэта паспрыяла таму, што я пачаў ставіцца да яе прыязна, хоць і з некаторай асцярожнасцю. Яна была не толькі бледная і напружаная, як гаварыла Пегі Міён, у яе ў вачах быў бляск, незвычайны як на дзяўчыну яе гадоў. Тым не менш я ўсміхнуўся, выказваючы тым самым удзячнасць за падараваны мне ўважлівы позірк.

Тым часам адвакат суддзя Генры Арнольд самастойна павесіў на вешалку свой капялюш. На працягу ўсяго дня я, зразумела, збіраў інфармацыю аб усіх запрошаных і такім чынам даведаўся, што ён меў тытул «суддзя» толькі таму, што аднойчы быў гарадскім суддзёй. І хоць гэта было даўно, тым не меней да яго звярталіся іменна так. Выгляд жа яго выклікаў расчараванне: маленькі, нібыта абрублены, карантыш з лысай пляскатай галавой, на якую хацелася паставіць попельніцу, і з кароткім уціснутым носам. Унутраныя дадзеныя былі, відаць, больш дасканалыя, чым знешнія, бо сярод яго кліентаў было багата прадстаўнікоў найбольш уплывовых колаў з Брадвею.

Я завёў прышэльцаў у кабінет, прадставіў іх Вулфу і паспрабаваў пасадзіць іх у жоўтыя крэслы, але барытон адразу ж заўважыў і захапіў чырвонае скураное крэсла. У той час, калі я дапамагаў Фрыцу вызначыць, што б яны хацелі выпіць, пачуўся званок, і я зноў пайшоў да дзвярэй.

Гэта прыйшоў доктар Нікалас Лойд. На ім не было капелюша, таму абышлося без адпаведнай працэдуры, і, на маю думку, уважлівы позірк у мой бок быў чыста прафесійны і аўтаматычны, быццам вызначаў, ці не хварэю я на анемію, дыябет ці на нешта іншае. У доктара быў прыгожы, з глыбокімі складкамі зморшчын, твар і неспакойныя цёмныя вочы, — усё ў яго вобліку сведчыла пра тое, што ён доктар, хутчэй нават хірург, які на ўсе сто адсоткаў адпавядае рэпутацыі спецыяліста высокага класа. Аб гэтым я даведаўся ў час збору інфармацыі.

Калі доктар зайшоў у кабінет і ўбачыў стол з пачастункамі, вочы ў яго загарэліся, і ён аказаўся самым актыўным спажыўцом віскі з мятнай вадою на працягу ўсяго вечара.

Апошнія двое запрошаных прыйшлі разам — прынамсі, яны аказаліся разам на ганку, калі я адчыніў дзверы. Скураное чырвонае крэсла я, напэўна, прапанаваў бы Адэлі Бослі, калі б на ім не рассеўся Джэймс. Яна паціснула мне руку і сказала, што ўжо даўно хацела пазнаёміцца з Арчы Гудвінам, але гэта быў звычайны этыкет супрацоўніка інфармацыйнай службы ў зносінах з грамадскасцю, і таму гэтыя словы не затрымаліся ў маёй галаве. Справа ў тым, што з-за свайго стала я звычайна мог бачыць твары прысутных толькі ў профіль, і толькі твары тых, хто сядзеў у чырвоным скураным крэсле, я бачыў цалкам, а гэты твар мне спадабаўся. Нельга сказаць, што Адэль Бослі была падобная на тых прыгажунь у часопісах, здымкі якіх клеяць на сценах, да таго ж, калі Клара Джэймс толькі нарадзілася, Адэль была ўжо ў пятым ці нават у шостым класе школы, але яе гладкая загарэлая скура, прыгожыя вусны і карычневыя вочы складалі выдатны антураж.

Руперт Гроўв не павітаўся за руку, і гэта мяне не засмуціла. Ён, можа, добра апекаваўся справамі Альберта Міёна, але, відаць, не вельмі клапаціўся пра свой выгляд. Мужчына можа быць мажным і тым не меней можа захоўваць цэльны воблік, як, напрыклад, Фальстаф ці Ніра Вулф, — гэтае ж стварэнне страціла ўсякае разуменне прапорцый. Ногі — кароткія, а амаль уся астатняя частка тулава месцілася ў той яго трэці, што аказалася пасярэдзіне. Для таго каб заставацца ветлівым, зазіраючы яму ў твар, даводзілася збірацца з духам. Менавіта гэтак я і зрабіў, бо мне трэба было скласці для сябе ўяўленне пра ўсіх прысутных, але я не заўважыў у Гроўве нічога вартага ўвагі, апрача праніклівых хітрых вачэй.

Калі гэтыя двое селі ў крэслы і ім падалі пітво, Вулф пачаў размову. Ён папрасіў прабачэння за тое, што быў вымушаны патурбаваць іх у такую спёку, але сумленнае і справядлівае рашэнне існуючай праблемы можна знайсці толькі ў тым выпадку, калі ўсе асобы, якія маюць да яе дачыненне, змогуць выказаць свае адносіны. У адказ прысутныя замармыталі, выказваючы самыя розныя пачуцці — ад не вельмі ахвотнай згоды да гранічнай раздражнёнасці.

Суддзя Арнольд паставіўся да сказанага варожа, заявіўшы, што ніякага пытання з юрыдычнага боку не існуе, бо Альберта Міёна ўжо няма ў жывых.

— Глупства, — рэзка адказаў яму Вулф. — Калі б гэта было так, вы як адвакат не парупіліся б сюды прыйсці. Ва ўсякім разе, мэта сённяшняй сустрэчы заключаецца ў тым, каб гэтае пытанне не перарасло ў судовую справу. Чацвёра з вас сёння патэлефанавалі місіс Міён, каб спытаць, ці сапраўды я дзейнічаю ад яе

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату