імя, і атрымалі станоўчы адказ. Па яе даручэнні я хачу сабраць факты. Я магу таксама заявіць вам, ніякім чынам не замахваючыся на правы місіс Міён, што яна пагодзіцца з маёй прапановай. Калі я прыйду да высновы, што ёй павінна быць выплачана вялікая сума, вы, зразумела, можаце гэта аспрэчыць, але калі ўзнікне думка, што ў яе няма падстаў для іску, яна таксама пагодзіцца з ёю. Улічваючы такую адказнасць, я павінен мець перад сабой усе факты. Таму…

— Вы не суд, — перабіў яго Арнольд.

— Так, сэр, я не суд. Калі вы хочаце, каб справу разглядаў суд, няхай будзе па-вашаму. — Вулф перавёў позірк на іншых прысутных. — Міс Бослі, вітала б кіраўніцтва тэатра знаёмства шырокай публікі вось з такой інфармацыяй? Доктар Лойд, вы лічыце за лепшае як эксперт даваць паказанні ў судзе ў якасці сведкі ці ўсё ж абгаварыць справу тут? Містэр Гроўв, як бы паставіўся да ўсяго гэтага ваш кліент, калі б быў жывы? Містэр Джэймс, што вы думаеце наконт гэтага? Вас таксама не спакушае перспектыва публічнасці, ці не так? Асабліва таму, што ўсплыве імя вашай дачкі?

— Чаму яе імя павінна ўсплыць? — спытаў Джэймс сваім добра пастаўленым барытонам.

— У якасці доказу, — адказаў збялелы Вулф. — Такім чынам высветліцца, што якраз перад тым, як ударыць Міёна, вы яму сказалі: «Слухай, ты, вырадак, пакінь маю дачку ў спакоі».

Я сунуў руку ў кішэню, бо прытрымліваюся правіла, пацверджанага вопытам: кожны раз, калі сярод прысутных ёсць ці можа быць забойца, зброя павінна быць пад рукой. Нягледзячы на тое, што яна захоўваецца ў глыбіні трэцяй шуфляды майго стала і таму, можна сказаць, заўсёды пад рукой, я па звычцы перакладаю яе ў кішэню перад прыходам гасцей. Якраз у гэтую кішэню я і сунуў руку, ведаючы запальчывасць Джэймса. Але ён застаўся сядзець у крэсле. І толькі прамямліў:

— Гэта хлусня!..

— Гэтыя словы чулі дзесяць чалавек, — прабурчаў Вулф. — Уяўляеце, якая б пайшла пагалоска, калі б вы пад прысягай ад іх адмовіліся, а ўсе тыя дзесяць, выкліканыя ў суд у якасці сведак, заявілі б процілеглае. Я лічу, што было б лепш абмеркаваць гэта са мной.

— Аб чым вы хочаце даведацца? — спытаў суддзя Арнольд.

— Мне патрэбны факты. Першы факт ужо выклікаў спрэчкі. Калі я памыляюся, я павінен гэта ведаць дакладна. Містэр Гроўв, вы былі сведкам таго, як быў нанесены той славуты ўдар. Я дакладна пераказаў словы містэра Джэймса?

— Так, — адказаў Гроўв пісклявым голасам.

— Вы чулі, як ён гэта гаварыў?

— Чуў.

— Місіс Бослі, а вы?

Здавалася, што тая адчувае сябе няёмка.

— Можа, было б лепш…

— Калі ласка. Вы адказваеце не пад прысягай, я проста збіраю факты, апрача таго, мне толькі што заявілі, што я хлушу. Вы чулі, як ён гэта гаварыў?

— Так, я чула. — Адэль зірнула ў бок Джэймса. — Прабач, Джыф.

— Але гэта няпраўда! — ускрыкнула Клара Джэймс.

— Мы што, усе хлусім? — накінуўся на яе Вулф.

Я мог папярэдзіць Клару, калі яна падаравала той погляд у калідоры, каб была асцеражнейшая з Вулфам. Яна была не толькі вытанчаная маладая жанчына, мела не толькі незвычайны бляск у вачах, але ў дадатак — худзенькая, і было відаць, што яе хударлявасць з'яўляецца вынікам абмежавання ў ежы, а Вулф зусім не мог трываць людзей, якія мала ядуць. Я з самага пачатку ведаў, што рана ці позна ён накінецца на яе.

Але Клара перайшла ў контратаку.

— Я не маю на ўвазе гэта, — сказала яна пагардліва. — Навошта так хвалявацца! Я маю на ўвазе, што я схлусіла бацьку. Тое, што ён падумаў наконт мяне і Альберта — гэта няпраўда. Я проста выхвалялася перад ім, таму што… не мае значэння чаму. Ва ўсякім разе, тое, што я яму гаварыла, — няпраўда, я так і сказала яму ў той вечар!

— Які вечар?

— Калі мы вярнуліся дадому з вечарыны за кулісамі пасля спектакля «Рыгалета». Менавіта там мой бацька накаўціраваў Альберта, як вы ведаеце, проста на сцэне. Калі мы вярнуліся дадому, я паведаміла, што ўсё тое, што я расказала яму пра нас з Альбертам, — няпраўда.

— Калі ж вы хлусілі, у першым выпадку ці ў другім?

— Не адказвай на гэтае пытанне, мая дарагая, — умяшаўся суддзя Арнольд, дзейнічаючы ў якасці адваката. Ён сурова глянуў на Вулфа. — Гэта ўсё не мае дачынення да справы. Калі ласка, цікаўцеся фактамі, але фактамі, што маюць непасрэднае дачыненне. Тое, што міс Джэймс сказала бацьку, — неістотна.

— Ну, не, — пакруціў галавой Вулф. Ён перавёў позірк справа налева, потым зноў направа. — Відаць, я невыразна ўсё растлумачыў. Місіс Міён пажадала, каб я вырашыў, ці ёсць у яе падставы для прад'яўлення іску, і не столькі юрыдычныя, колькі маральныя. Калі высветліцца, што гвалтоўныя дзеянні містэра Джэймса супраць містэра Міёна мелі маральныя падставы, гэта будзе фактарам, які я ўлічу, прымаючы рашэнне.

Вулф засяродзіў увагу на Клары.

— Мела маё пытанне дачыненне да справы ці не, міс Джэймс, я згодны з тым, што яно было не вельмі далікатнае, і таму выклікала ў адказ няшчырасць. Я здымаю гэтае пытанне. Паспрабуйце замест яго адказаць вось на такое. Ці намякалі вы бацьку да той вечарыны за кулісамі, што містэр Міён спакусіў вас?

— Ну, — засмяялася Клара. Смяялася яна звонка і прывабна. — Што за цудоўная старасвецкая манера пытацца пра такое. Так, я намякнула. Але гэта — няпраўда.

— Але вы паверылі, містэр Джэймс?

Джыфард увесь гэты час ледзь стрымліваўся, і я хацеў бы заўважыць, што цярпець такія навадныя пытанні ад незнаёмага пра дачку, відаць, было цяжка. Але, зрэшты, астатнія прысутныя не пачулі нічога новага, а ўсё гэта, як бы там ні было, сапраўды мела дачыненне да справы. Ён прымусіў сябе гаварыць спакойна.

— Я не паверыў таму, што мне паведаміла дачка.

Вулф кіўнуў галавой.

— На гэтым можна спыніцца, — сказаў ён з палёгкай. — Я рады, што з гэтай часткай размовы скончана. — Вулф спыніў позірк на Руперце Гроўве.

— Цяпер, містэр Гроўв, раскажыце мне пра гутарку, якая адбылася ў студыі містэра Міёна за некалькі гадзін да яго смерці.

Містэр Руперт Тлушч, які сядзеў, схіліўшы галаву на бок, сустрэўся позіркам сваіх праніклівых чорных вачэй з позіркам Вулфа.

— Яна адбылася з мэтай, — сказаў ён высокім голасам, — абмеркаваць патрабаванне Міёна аб кампенсацыі за прычыненую яму шкоду.

— Вы былі там?

— Зразумела, я там прысутнічаў. Я быў кансультантам і імпрэсарыо Міёна. Разам са мной былі міс Бослі, доктар Лойд, містэр Джэймс і суддзя Арнольд.

— Хто наладзіў сустрэчу, вы?

— Нейкім чынам, так. Суддзя Арнольд прапанаваў, а я паведаміў пра гэта Міёну і патэлефанаваў доктару Лойду і міс Бослі.

— І што вырашылі?

— Нічога. Альбо нічога канкрэтнага. Узнікла пытанне наконт памеру прычыненай шкоды — паколькі Міён павінен быў хутка зноў заспяваць.

— Як паставіліся да гэтага вы?

— Хіба я не гаварыў, што быў імпрэсарыо Міёна, — сказаў ён, прыплюшчыўшы вочы.

— Несумненна. Але я маю на ўвазе, як паставіліся вы да самой кампенсацыі?

— На маю думку, трэба было неадкладна выплаціць папярэднюю суму ў пяцьдзесят тысяч даляраў. Нават калі б у Міёна і хутка аднавіўся голас, ён ужо паспеў за гэты час страціць столькі ж і нават болей. Было скасавана яго турнэ па Паўднёвай Амерыцы, і ён не змог зрабіць шмат запісаў па кантрактах…

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату