Бабкіна Пуда Іюдавіча… Скажы, «начотчык загадаў прыкалоць флейты ад кіслай воўны па ер-ведзі-он».

«Вось табе і «пры Богу», — падумаў Алесь.

А стары ўсміхнуўся:

— Дык ты, калі наконт тайніцкіх надумаеш, — прыходзь.

Калі яны выходзілі — у спіну ім зноў грымела «сіцэ-абіе-ізыдох…».

Чыўін з сумненнем круціў галавою:

— Не лезці б нам у тую дзірку. Бубнаўскі тракцір — страхоцце. А тут яшчэ гэты Іюдавіч з ягонымі тракцірнымі ўцехамі.

— Рызыкнем, Авакумыч, цікава.

— Ну й што ж, — уздыхнуў стары. — Давай рызыкнем. Толькі з сабою Макара возьмем.

— Што гэта ён сказаў? — спытаў Алесь. — Ну ясна, «начотчык» гэта ён сам… «Флейты ад кіслай воўны»— салдацкія стрэльбы.

— А «прыкалоць» — гэта прадаць. А «ер-ведзі-он» — гэта па два рублі дзевяноста восем капеечак стрэльба. Танна! Ды, уласна кажучы, куды яны іх прададуць? Як армію рабавалі, то нахапалі ўсяго, нават і непатрэбнага, па прагнасці сваёй.

У галерэі стаяў шум. Прыказчыкі давалі таску суседскаму хлопчыку-навічку, цягалі яго за валасы. Відаць, свае прыказчыкі паслалі хлопца да суседзяў «купіць на дзве капейкі парасячага віску», і той, неабазнаны ў гасцінадворскіх жартах, пайшоў і вось цяпер вішчэў, як парсюк.

— Не трэба, — спыніў Чыўін Алеся. — Лепей вы яму не зробіце. Тут ужо заўсёды так. Мяшчаноту ды купцоў нашых — вешаць трэба. Злы народ — вой, нялітасцівы. Вось хоць бы кулачныя бойкі. На Маскве-рацэ, на лёдзе, або ў Прэабражэнскім як фабрычныя з Котаўскіх, Балашоўскіх ды Носаўскіх фабрык б'юцца.

— Гэта і ў нас ёсць. Чаму не?

— Ёсць, ды не так. Мне веткінскія казалі. У вас гэта «з бацу», каб пагрэцца. Ды ў рукавіцах. А ў нас носаўскія «суконшчыкі» супраць гучкоўскіх «хустачнікаў». Ды загадзя, за тыдзень абмяркуюць. Ды з кожнага боку тысячы па дзве чалавек. Вайна! А правіла адно: «не бі ляжачага» ды «закладачніка» — бі да паўсмерці, хаця і свой». «А «закладка» — кавалак свінцу з завостраным канцом, каб канец з кулака тырчаў. Ды гэтым канцом — у скронь. І вось, скажы ты, як спаймаюць такога, то нават свае б'юць да смерці. І ўсё адно дзесяткамі такое сцерво знаходзіцца… Ну і ясна. У апошняй такой бойцы дзесяць на самай справе забітых, дваццаць — да паўсмерці ды трыццаць два — скалечаныя да непазнавальнасці. Гэта ўжо не кажучы аб сківіцах, вачах ды зубах.

…У Бубнаўскі тракцір пайшлі пехатою, кінуўшы Кірдуна на козлах. Чыўін усё яшчэ бурчаў:

— А заб'юць каторага смерцю храбрых на Бажанінаўскай вуліцы — на фабрыцы заўтра новы Сідар знаходзіцца. І паліцыя гэтым не цікавіцца, і гаспадары маўчаць: нашто ім на сваю завядзенію гэткую мараль пушчаць. Прыстаў лефортаўскі, Шышкоў, паспрабаваў быў іх разганяць, то ў астатнія дні яны — авечкі: хвашчы, калі ласка, хочаш, то нават порткі сам здыму, а тут палезлі на пралетку. «Бі яго!» А пры Шышкове фурман ды мушкецёр — от і ўся табе баталія. Шчасце, што фурман знайшоў ход. Устаў на козлах: «Бацюхны, пажар!» А мушкецёр здагадаўся: «Унь! Носаўская фабрыка гарыць!» Тыя глядзяць, а фурман — па конях! Ды пару чалавек — пугай! Ды некалькіх стапталі. Так і вырваліся. А то, можа, і смерць прынялі б… Ды ты унь сам зірні…

Пасярэдзіне вуліцы некалькі чалавек замяталі мётламі гразь. Былі сярод іх два масцеравыя, абцёрханы фацэт, старая ў лахманах і нават маладая жанчына з празрыстым тварам. На спіне ў кожнага крэйдай быў намаляваны крыж, заключаны ў кола. А вакол стаяў і смяяўся народ:

— Гэй там, франта, аптэкар, ты як мятлу трымаеш?

— Кіньце яму, хлопцы, пячонкі. Не нажэрся.

У маладой жанчыны твар быў чырвоны, а вочы вільготныя.

— Гэй, шлюшка, табе кажу. Ты, як адпусцяць, адрасок запомні. На Пятніцкай вуліцы, дом ягонага сцяпенства Плытава… Гэта лягчэй, прыемней.

— Укралі, — змрочна сказаў Чыўін. — Учора ля часці падмяталі, начаваць ішлі ў астрог — на вяроўцы. Сёння вось ля ўстаноў мятуць, а вечарам трапяць у спіскі зладзеяў і — на ўсе чатыры бакі. А куды ім цяпер?… Вось хаця б гэтая. Што яна магла ўкрасці? Булку, пэўна? Здарылася нешта з прыстойнай дзеўкай, работы няма. На вуліцу такой ісці — за смерць страшней.

— Дальбог, прыходзь, — пацяшаўся «сынок». — Што табе на мост ісці? Масква-рака цяпер халодная. У мяне — цяплей будзе.

— А пойдзе, — ціха сказаў Чыўін. — Пойдзе на мост. З такім тварам — пойдзе.

Твар у жанчыны, сапраўды, быў страшны. Змардаваны ганьбою і сорамам, чорны ад сарамотнейшага здзеку.

— На Пятніцкай, — скаліў зубы «сынок».

Але не паспеў апамятацца. У паветры раптам мільганулі ногі сцяпенства. У наступны момант ён усім целам ляснуўся аб ліпучы брук. Чыўін зноў узняў яго і, з дыхаўкай — адкуль набраліся старэчыя сілы? — шыбануў, упоперак, аб мур. Той толькі вякнуў, як кацянё, выпускаючы апошні дух.

— Навалач, — сычэў Чыўін. — Б… і замаскварэцкія. Г…, душамі гандляры. Мразь масляная… «Сцы з убоінкай».

Твар яго быў чырвоны. Баючыся, каб старога не хапіў удар, Алесь адцягваў яго ад нерухомага цела. Адцягнуў. Трымаючы за рукі. шэптам сказаў «мяцельшчыцы»:

— Жанчына. Ты, калі выпусцяць, не ідзі на мост… не ідзі да гэтай свалаты… Ідзі ў гасцініцу «Дрэздэн». Спытай Загорскага… Мы табе месца знойдзем, работу.

Яна ўзняла вочы, але сказаць нічога не магла, бо калаціліся вусны. Толькі схіліла галаву.

А між тым ужо разануў па цішыні свісток. Нехта свідраваў натоўп: магчыма, будачнік. І тады Макар рашуча і даволі бесцырымонна ўзяў абодвух за плечы, штурхнуў у натоўп, прыкрыў, павёў.

— Давайце, давайце адсюль. Тут зараз не абярэшся.

Ішлі нібыта нават не сваімі нагамі, так спрытна ён іх вёў. Увесь час мяняў кірунак, як качка ў асацэ. Выпхнуў за рог белага будынка службовых устаноў, пацягнуў падапечных Васкрасенскай плошчай, паўз біржу рамізнікаў, да вадамёта. І толькі тут спыніўся, шумна перавёў дух.

— В-вось табе на… Цяпер давайце адсюль хутчэй… Дарэмна вы, барын, гэтай «мяцельшчыцы» прозвішча сказалі.

— Яна не скажа.

— Адна надзея… І тое: першы чалавек па-чалавечы… Не павінна сказаць.

Алесь ужо і сам лаяў сябе. Зноў наслядзіў, дурань. Уся гэтая паездачка такая: на рызыцы, на скоках над прорвай. Трэба будзе з тыдзень пасядзець ціха. Іначай быць бядзе. І, аднак, ён ведаў, што сядзець ціха — нельга. Усе яны ведалі, што ідуць на смяротную небяспеку. Ведалі так добра, што ў душы не спадзяваліся на тое, што ўсе выйдуць адсюль жывыя. Так было трэба, падставіць пад удар свае галовы, каб потым шматлікія сябры не падстаўлялі свае галовы пад кулі, не гінулі безабаронныя.

— Госпадзі, Госпадзі, — божкаў Чыўін. — Вось табе на. Грэх які на душу ўзяў, акаянны. Да смертазабойства дайшоў. Цяпер замаліць — не замоліш.

Макара прарвала:

— Кінь ты божкаць. Грэх мне яшчэ знайшоў. За поскудзь гэткую, за гніду… Ды яшчэ Бог табе за тое смертазабойства «дзякуй» скажа… Сто грахоў скіне, як за змяю… А во гэта адтуль чалавек ідзе… Гэй, барада, чаго гэта за «месцамі» народ крычыць?

— А чорт яго ведае. Купца нейкага свае памялі. Кажуць, два рабры і ключыца хрупнулі. Павезлі ў градскую.

— За што гэта яго?

— За харошыя, пэўна, справы. Відаць, было нешта на душы, бо проста так, з ляпу, падышоў ды шмякнуў. Кажуць, замаскварэцкіх лаяў. З таганскіх, відаць, купец-та. Яшчэ трохі — дух выбіў бы.

Пайшлі. Некаторы час Чыўін зітхаў з палёгкаю: абышлося, не папусціў Пан Бог, дзякуй яму. А Макар глядзеў-глядзеў на рагожскага купца ды раптам і засмяяўся:

— Ну і жох ты, Дзяніс Авакумыч. З самім царом табе ездзіць прыстала. Я-ак ты яго! Я і апамятацца не паспеў — ляжыць. Ну і спрытняга.

Чыўін толькі крэкнуў, але і па ім было відаць: адлягло ад душы.

…Жанчына, аднак, не прыйшла да гасцініцы. Магчыма, сапраўды, пайшла ад ганьбы на мост… І доўга

Вы читаете Зброя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату