яшчэ Алесь пакутаваў гэтым і не мог дараваць сабе, што не пайшоў у той вечар да часці, калі «мяцельшчыкаў» будуць выпускаць.
РАЗДЗЕЛ ІV
Елі і пілі ў Маскве па-рознаму. Але словы «Масква любіць і ўмее паесці», «маскоўскі культ гастраноміі», «магістры наконт пад'есці» — датычыліся той Масквы, што трымала хатніх кухараў і ела ў рэстарацыях, а не той, што купляла на «царскім рынку» па тры капейкі флякаў, загортвала іх у брудную паперу і несла, у якасці закускі, у кабак.
Першую Маскву Алесь ведаў добра. Суботнія абеды Ангельскага клуба, ягоная юшка, якую варылі раз у год і якая лічылася лепшай на свеце (нічога яна не вартая была ў параўнанні з Азярышчанскай, калі два разы ў адной вадзе вараць тэрхаляў-акунёў ды насачоў-джгіроў, а потым кладуць, пакуль у рыбіны вочы не пабялеюць, у булён сцярлядак, ды перац, ды цэльную рэпчатую цыбулю, ды яшчэ з лазовым дымком, ды з блакітам над галавою або месяцам на вадзе); Купецкі клуб, які пачынаў біць славу Ангельскага; французская кухня рэстарана «Шэўрые» ў Газетным завулку, «Дюсо» і «Ангельшчына» на Пятроўцы; сціплы, але грунтоўны стол «Яра», тады яшчэ не сапсаванага раскошай; «Эрмітаж» — дзіўнае спалучэнне тракцірных парадкаў і вытанчанай французскай кухні.
Дзівосныя па кантрастах сталы ў «Дрэздэне» і «Брытаніі» — і крыкліва-безгустоўныя, але смачныя, сталы на купецкіх банкетах: «Кансаме а-ля Барацінскі», або «Бафер дэ Пядро» з піражкамі «Рысалішасэр», або з валаванамі «фінанс'ер»; Шафруа з перапёлак з таючым страсбургскім паштэтам і падлівай правансаль; асятры «а-ля Русь» (пісьменнасць купецкая кульгала) з падлівай «Аспергез» (абы падзівосней, абы не хатні барановы бок і дзве сотні ракаў пад піва). Да асятроў — мандарынавы пунш, а пасля іх смажаніна, таксама ўся нетутэйшая: «фазаны кітайскія», «рабчыкі сібірскія», «пулярды французскія». Сярод усёй гэтай заморскай камарылы сіратліва стаялі «курапаткі чырвоныя» і «сядло з касцявым мозгам па-сялянску». А потым зноў ішло буянства «салатаў рамэн са свежымі агуркамі» і «саварэнаў з французскай садавінай».
Гасцей пасля такога цягнула на капусту і квас, які распівалі ў задніх пакоях.
Тысячы гаспадарак працавалі на гэта: аранжарэі, гароды, жыварыбныя садкі ля Маскварэцкага моста (рака была яшчэ параўнаўча чыстая, так што аршынныя жывыя сцерлядзі маглі плаваць у садках месяц- два), грыбныя кірмашы, рынкі — чэрава вялікага горада, яго абжорная душа.
І тракціры, якія, што датычыцца кухні, пабівалі рэстараны: той жа «Наватроіцкі», «Цестаўскі» ў доме Патрыкеева ды «Вялікі Маскоўскі» Гурына. Зайсці туды свежаму чалавеку было страшнавата: затхлыя брудныя сходы з дрэнным вузкім дываном, затэрханым нагамі, і поручнямі, абцягнутымі чырвоным сукном, гардэроб, прылавак з гарэлкай і перастаялай закускай, зала са столікамі і канапкамі на чатырох, кабінеты, фартэпіяна. Але затое ежа была — не ўясіся. І танна. І многа, так што нават палову порцыі мог з'есці толькі прывычны.
Малочныя парсюкі на блюдах, як немаўляты з Назарэі, сутачная капуста з кашай, падрумяненыя, тлустыя, як адкупшчыкі, расцягаі, сялянкі, пажарскія вагнедышныя катлеты, расольнік — нектар п'яных, бліны з ільснянай чорнай ікрою, падовыя пірагі, прывабныя, як смяротны грэх. І ўсё гэта ў меру нячыста або, наадварот, чыста да халоднасці, але смачна — язык праглынеш. Чыста гатавалі ў беспапоўца Ягорава, дзе было забаронена курыць і паўсюль віселі іконы старога пісьма «з негасімымі».
Затое ў Гурына курылі, і пераважна з доўгіх чубукоў самога тракціршчыка, устаўляючы толькі ў іх свежы муштук з гусінага пяра. Палавыя ў яго былі чыстыя, сцяпенные і строгія — не забалуеш. Віны — лепшых склепаў, але моладзь на віны налягала рэдка, і сучасныя амерыканцы, пэўна, страшэнна здзівіліся б, даведаўшыся, што іхнія кактэйлі маскоўская вынаходка і прыдумана маладымі заўсёднікамі гурынскага тракціра.
Сухіх гатункаў яшчэ не было, «Лампапо» пілі аматары… Відаць, усё пачалося з таго, што моладзі абрыдла цягнуць з лёду «Рэдэрэр Сілеры». Спачатку пайшлі айчынныя «яршы» накшталт «мядзведзя», сумесі гарэлкі з портэрам, а потым, ад захопленага стану, і кактэйлі.
Першапродкам, прабацькам, Адамам усіх кактэйляў быў продак сучаснага «маяка», хаця і са змененымі інгрэдыентамі. Назва ў яго была прасцецкая і неавантажная: «Турка». Бралі высокі і ёмісты, «замястоўны» келіх, да паловы налівалі яго лікёрам мараскінам, выпускалі туды сыры жаўток, далівалі каньяком і выпівалі ўсё гэта нагбом.
Тракціраў было шмат. Але Бубнаўскі быў самы адметны, самы багаты наведвальнікамі («чым горш, тым лепш») і самы страшны з усіх.
Па вузкіх, страшэнна стромых і небяспечных сходах яны спускаліся ў сутарэнне пад тракцірам, славутую «бубнаўскую яму». Недзе высока засталіся «чыстыя пакоі» з купцамі, прыказчыкамі, парай чаю і гандлёвымі здзелкамі.
— Дваццаць прыступак, — глуха даляцеў аднекуль знізу голас Чыўіна. — Лічыце там, не аступіцеся.
Ён ішоў наперадзе, як Вергілій. За ім спускаўся ў цемру Алесь: з прыступкі на прыступку. Макар замыкаў шэсце, як той анёл-ахоўнік, што збярог для культуры і паэзіі Дантаву душу.
А знізу насустрач ім усё мацней і мацней аддаваўся нейкі дзіўны гул, падобны на пякельныя скаргі: бурчанне, прагны крык, лямант адчаю, хрыплы, нібы трыумфуючы смех, брыдкая лаянка, плач.
Нехта рыдаў, нехта глуха біў чымсьці аб сталешніцу, — магчыма, галавою, — нехта скуголіў, нехта крычаў тым ачмурэлым дзікім голасам, якім крычаць, калі здасца зялёны змей ці «дэман зла».
Бу-бу-бу… Божа… Божа… Божа… Бу-бу-бу.
— Чырвоныя сабакі… як сліва… І шчыты на мордах… Біце іх, біце іх…
— Палав-вы, жалаю казённай… Салоны гурок з вяндлінай…
— Спай-маў, глядзі ты… Спаймаў… Во, поскудзь!…І язык высалапіў…
— Ты яго пад пузам паласкачы або — крыж на яго, нячыстую сілу.
— І вось, разумееш, тут табе храм мастацтва, а я бяру яе за азадак…
— Усе яны так… Ты лепей налі.
Вялізны нізкі склеп, глыбокая падземная яма без акон, з адзіным уваходам. Некалькі сталоў з абрусамі, падобнымі на анучы, «трупы» смяротна п'яных ля сцяны.
Астатняе ўсё разгароджана на маленькія каморкі, дзе з дзвярыма, а дзе і з занавескамі замест дзвярэй.
Цьмяна, як у лазні, свяцілі праз выпарэнні, туман і дым сінія газавыя ражкі.
— Як тут Бабкіна Пуда Іюдавіча знайсці? — спытаў Чыўін у палавога.
— Унь, — торкнуў пальцам у адну з каморак хлопец з разбойніцкай мордай. — Пэўна, яшчэ цвярозы. Яны пад раніцу набіваюцца гэтай гарэлкай, што больш не ўваб'еш.
Зайшлі ў аддзяленне. Газавы ражок. Стол. Чатыры крэслы. Акрамя іх — толькі-толькі стаць палавому. Перагародкі з голых дошак. Смурод і бруд. Адусюль такі крык, што молатам б'е ў галаву. За сталом, апусціўшы галаву на ліловы ад віна — хоць выціскай — абрус, спіць чалавек у кафтане старога пакрою.
Алесь адразу хацеў ісці. Але чалавек узняў галаву, і пад ёю аказалася ўцірка, складзеная ў дзесяць столак.
— Га?
Твар быў бледны ад вечнай цемры, пракуранага паветра і віна, але шырокі, разумны. Невялікая бародка. Валасы стрыжаныя ў скобку, але радок не пасярэдзіне, а трохі збоку — шыкарней.
— Што ж гэта вы сябе так забіваеце? — спытаў Чыўін. — Хіба так можна? Без паветра, без святла.
— А вам што? Вы хто такія?
— Мы ад начотчыка.
— А-а… Палавы!
Палавы з'явіўся адразу: відаць, падслухваў. Надта ўжо дзіўны быў у гэтым скляпенні Алесь.
— Бліноў на загавіны. З цешай. Усім… Ікры накладзі ў місу ды цыбулькай — ёю, родненькай… Ды гарэлкі.
— Якой загадаеце?
— Маёй… Самай таннай… З чырвонай галавою… А калі будзеш пад дзвярыма стырчаць — гарчыцай нос вымажу і прымушу з гэткім носам дзве гадзіны стаяць.
І звярнуўся да гасцей, якія ўжо расселіся:
— Ну…
Алеся муціла ад дрэннага паветра, ад дыму, ад галасу і рыку, ад гукаў непрабуднай п'янкі, якая, відаць, ніколі не канчалася.