Дзе грэчка, быццам снег, свірэпка, як бурштыны,
I дзяцельнік гарыць румянцамі дзяўчыны
А на мяжы, што стужкай абвіла палеткі,
Маўкліва грушы ціхія паселі зрэдку.
Між гэтых ніў калісьці, над руччом на ўзвышшы
ў бярозавым гаі, у дрэў густых зацішшы
Стаяў на падмуроўцы панскі дом драўляны:
Здалёк бялелі вокны, сцены і парканы,
Бо топалі, што двор ад ветру засланялі,
Іх бель на цёмным лісці рэзка адцянялі.
Той дом, хоць невялікі, але мілы воку;
Ля пуні тры стагі стаяць непадалёку
Снапоў, якіх падстрэшша памясціць не можа.
Відаць, уся акруга тут багата збожжам,
Відаць па ліку бабак сцесненых, як зоры,
Па колькасці плугоў, што йшлі уздоўж разоры
Па чарназёмным, пэўне, дворных ніў папары,
Дагледжаным старанна скрозь на ўсім абшары
І ўзрыхленым не горай агародніх градак,
Што тут ва ўсім дастатак, рупнасць і парадак.
Расчыненая брама ўсім апавяшчае,
Што рады тут гасцям, і ў госці запрашае.
Якраз паніч з'явіўся ў параконнай брычцы:
Аб'ехаў двор, каб каля ганка запыніцца,
З сядзення злез, а коні з брычкаю тым часам
Пайшлі шчыпаць траву ўздоўж плоту самапасам.
Дом быў пусты, ўваход праз ганак быў замкнёны
На зашчапкі, а тыя - палачкай праткнёны.
Прыезджы не пайшоў да чэлядзі пытацца,
Убег, адпёршы, ў дом - хацеў з ім прывітацца,
Даўно не бачыў дому, бо далёка ў месце
Канчаў навукі і канца прыждаў урэшце.
Убегшы, прагна азіраецца навокал
I, як старых сяброў, вітае чула зрокам
Шпалеры, мэблю, ўжытку хатняга прадметы,
Якімі змалку быў акружаны, сагрэты.
Ды ўсё здалося меншым - сцены быццам селі,
Аднак партрэты даўнія на іх віселі.
Касцюшка тут у простай кракаўскай чамары
Аберуч меч дзяржыць, узняўшы вочы ў хмары.
Вось так ён прысягаў за родны край любімы
Загінуць ці прагнаць трох ворагаў радзімы.
Далей сядзіць, апрануты па-польску, ў скрусе
Пан Рэйтан, бо свабоду край утраціць мусіў,
Трымае востры нож, накіраваны ў лона,
А перад ім 'Федон' і жыццяпіс Катона.
Далей Ясінскі, юны прыгажун схмурнелы,
А поруч Корсак, сябра неадступны, смелы -
Сякуць на шанцах Прагі маскалёў заўзята,
А Прага ўжо навокал полымем абнята.
