Галоўку дзіўна упрыгожвалі - на сонцы
Свяцілі, як карона на святой іконцы.
Аблічча не было відаць. А той хвіліне
Яна глядзела ў поле. Убачыўшы ў даліне
Кагось, са смехам жвава пляснула ў далоні,
Зляцела з плоту белай птушкай і ў разгоне
Шугнула цераз кветкі, плоцікі, дарожкі
І ўздоўж прыстаўленай да падаконня дошкі,
Пакуль ён схамянуўся, ціхай яснай зданню
ў акно ўляцела, быццам месячнае ззянне;
ўзяла сукенку, бегла да люстэрка смела,
Ды госця ўбачыла. З рук сукня паляцела,
Сама ж яна ад страху раптам пабялела.
Твар хлопца загарэўся чырванню жывою,
Як хмарка, калі раннем стрэнецца з зарою.
Прыжмурыў вочы падарожны, засланіўся,
Хацеў перапрашаць, тлумачыць, пакланіўся,
Ступіў назад; дзяўчына ўскрыкнула нязвонка,
Як быццам бы дзіця, жахнуўшыся спрасонку.
Спалохаўся паніч, зірнуў: няма дзяўчыны.
Збянтэжаны пайшоў і нейкія хвіліны
Зусім не ведаў, ці яму цяпер смяяцца
З таго спаткання, цешыцца ці мо стыдацца.
А ў гэты час фальварка ўвагі не мінула,
Што брычка з новым госцем к ганку завярнула
І ўжо, старым звычаем, коней распрагаюць,
Даюць ім сена і аброку засыпаюць,
Бо не хацеў Суддзя, паводле новай моды,
Скіроўваць у карчму сваіх гасцей падводы.
Хоць слугі не сустрэлі госця ў той жа хвілі,
Не думай, што ў Суддзі ўсе абы-як служылі -
Яны загаду пана Войскага чакалі,
Які за домам быў, дзе страву гатавалі.
Намеснік ён гаспадара, ў адсутнасць пана
Яму прымаць гасцей спрадвеку права дана.
(Сваяк далёкі пана, верны сябра дома),
Гасця заўважыў ён у той жа час, вядома,
Але не мог яму ў кужэльным паказацца,
Дык хуценька тайком пайшоў перапранацца
У вопратку, нарыхтаваную ўжо зрання
На час вячэры між чужых паноў і паняў.
Пазнаў здалёк пан Войскі, стаў, раскрыжаваўся
І з крыкам і цалункамі з гасцём вітаўся.
Гаворка пачалася хуткая - такая,
Якая многіх год падзеі закранае
І вяжа ў рад кароткіх зблытаньк пытанняў,
Уздыхаў, выкрыкаў і новых прывітанняў.
Калі ўжо Войскі ўволю распытаў, 'навохаў',
Пачаў навіны дому выяўляць патроху.
'Ну добра, мой Тадэвуш (гэтак называлі
Гасця, яму імя касцюшкаўскае далі
