На памятку, што ў час ваенны нарадзіўся),

Ну добра, мой Тадэвуш, што да нас з'явіўся,

Калі гасцюе ў нас паненак так багата,

Бо дзядзька ўжо збіраецца цябе засватаць.

А выбраць ёсць з чаго: у нас тут з'езд, спатканне

Запрошаных сюды на суд размежавання:

Старая спрэчка з Графам вырашацца будзе,

А заўтра, кажуць, і пан Граф сюды прыбудзе.

Пан Падкаморы з жонкай, з дочкамі прыехаў.

Вось моладзь пастраляць у лес пайшла на ўцеху,

А дамы і старыя ля жняцоў, няйначай,

Пад лесам, мо чакаюць юнакоў з удачай.

Калі ахвота, пройдземся, сустрэнем скора

І дзядзьку, і шаноўных дам, і падкаморых'.

Ідуць Тадэвуш з Войскім сцежкаю па полі

Пад лес, а гутаркі ніяк ім не даволі.

А сонца круг свой да краёў нябёс каціла,

Яно слабей ужо, але шырэй свяціла,

Пачырванеўшы, як здаровае аблічча

Гаспадара, якога пасля працы кліча

Спачынак і спакой. І вось круг прамяністы

Спускаецца на бор, а шэры змрок імглісты,

Запоўніўшы вяршыні і галлё да краю,

Лес звязвае ў адно, нібы яго злівае.

І бор чарнеў накшталт вялізарнага гмаху,

Над ім гарэла сонца, як пажар на даху,

Пасля апала ўглыб, паміж камлёў іскрыцца,

Як свечка вечарам са шчылін аканіцы,

І пагасае. Ўміг сярпоў звон стаў спыняцца,

І граблі ў лузе больш ужо не мітусяцца,

Бо пан Суддзя здаўна даў гэткае ўказанне,

Каб працу разам з сонцам кідалі сяляне.

'Пан свету знае, колькі працаваць нам трэба.

Калі яго работнік, сонца, сыдзе з неба,

Пара і селяніну падавацца з поля',-

Так пан Суддзя казаў заўжды, а пана воля

Выконвалася аканомам пільна, свята.

Бывала, сцірта ў полі толькі што пачата,

Калёсы ж ледзь не ўлегцы едуць праз палетак;

І цешацца валы, што везці лёгка гэтак.

А госці ўжо вярталіся вясёлай грамадою:

Наперад - дзеці пад наглядам чарадою,

За імі пан Суддзя з Падкамарынай крочыў,

А побач - Падкаморы ў акружэнні дочак.

Паненкі - за старэйшымі, а моладзь збоку

Ці ззаду за паненкамі, хоць на паўкроку

(Такі ўжо звычай). І хоць там не заклікалі

Нікога да парадку, пар не расстаўлялі,

Ды кожны сам міжвольна пільнаваўся ладу,

Які ў Суддзёвым доме меў здаўна уладу -

Усе звяртаць увагу тут былі павінны

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату