Бывалі ў нас жывой гісторыяй краіны
Так, як шляхоцкія - гісторыяй павету.
Такія гутаркі таксама мелі мэту
Адзначыць, што брат-шляхціц - знаны і ў пашане,
А ён, глядзіш, з таго далікатнейшым стане.
Сягоння чалавека не пытай аб родзе:
Хто ён? Дзе жыў? Ці што рабіў? Па новай модзе,
Абы не шпег ды не ў рыззі, дык кожны прыме
Яго цяпер. Як той Веспазіян у Рыме,
Не нюхаў грошай, не пытаў аб іх крыніцы.
Вось так і родам перасталі ганарыцца:
Хто важны, на кім штэмпель, той у нас харошы.
Сяброў цяпер шануюць, як габрэі грошы'.
І тут Суддзя ўсіх змераў вокам па парадку,
Бо хоць заўсёды гаварыў разумна, гладка,
Ды ведаў, што у моладзі цярпення мала,
Дык мо знудзілася ўжо, слухаць перастала,
Але ўсе слухалі, маўчалі ўсе глыбока.
Тады ён Падкаморага спытаўся вокам,
А той маўчаў і не спяшаўся з пахвалою,
І толькі патакаў паважна галавою.
Такі дазвол працягваць прачытаўшы з твару,
Суддзя падліў віна гасцю, сваю ўзяў чару
І так прадоўжыў: 'Ветлівасць - рэч немалая,
Яно бо чалавеку зважыць дазваляе
Другіх людзей узрост, заслугі, род, асвету
І ўласную сваю цану пазнаць праз гэта.
Свайго цяжару мы датуль пазнаць не зможам,
Пакуль каго супроць на шалі не паложым.
Але з увагай асаблівай і няспыннай
Пра ветлівасць к жанчынам моладзь дбаць павінна,
Тым больш, калі дом знатны і фартуны дбаласць
Ўпрыгожвае краса прыродная і ўдаласць.
Адтуль шлях да афектаў, а далей, не скрыю,-
Саюз дамоў. Так колісь думалі старыя.
Дык вось...' Тут пан Суддзя насунуў грозна бровы
І кінуў на Тадэвуша пагляд суровы,
Відаць, што падыходзіў к вывадам прамовы.
Ды ў табакерку залатую Падкаморы
Пастукаў і сказаў: 'Даўней было шмат горай!
Цяпер ці мода ўсіх вядзе другой дарогай,
Ці моладзь лепшая,- менш прыкладу благога.
Вось я успомніў зараз з гэтае нагоды
Эпоху панавання ў нас французскай моды,
Калі панічыкаў разбэшчаная зграя
Ўварвалася з чужыны к нам, накшталт нагаяў,
І ганіць пачала законы, веру ў Бога
І вопратку - усё да самага малога.
Аж жаль было глядзець на гэтых неданоскаў,
Што гаварылі ў нос, а то й зусім бязносых.
Ад іх пайшлі ў народ брашуры і газеты
