Асэсар з Рэентам, стралкі два і гулякі,

Узнялі шум наконт куртатага сабакі,

Якім пан Рэент, гаспадар яго, хваліўся

І ўсё цвярдзіў, што ён за зайца перш хапіўся.

А вось Асэсар са свайго даводзіў боку,

Што гэту славу заслужыў яго хорт Сокал.

Дапытваліся ў іншых, але розна ў залі

Пра Сокала і курту госці меркавалі,

Адны як знатакі, а іншыя як сведкі.

Суддзя паўголасам звярнуўся да суседкі:

'Прабач, прашу, што мы з вячэрай не чакалі,

Не выпадала адкладаць, бо спагадалі,

Што госці стомленыя, ды і час не ранні.

Я думаў, мо не прыйдзеш на вячэру, пані'.

I з Падкаморым пры напоўненым кяліху

Размову палітычную павёў паціху.

Калі ўсе зноў да страў вярнуліся з ахвотай,

Тадэвуш на суседку стаў глядзець употай.

Прыпомніў, што, не могучы вачэй адвесці

Ад крэсла, адгадаў, хто тут павінен сесці,

Дык чырванеў, бо ў сэрца краўся непарадак,

Хоць з ім разгадку ўбачыў тайнаў і здагадак.

Магчыма, суджана было, каб тут ля боку

Сядзела прыгажуня, стрэтая ў паўзмроку.

Прызнацца, паказалася вышэйшай быццам,

Але ж магла ад вопраткі перамяніцца.

І колер валасоў у той, нібы, не гэткі,

А ясна-залаты, а гэта - тып брунеткі.

Ды ў тым віна, магчыма, сонца немалая -

Яно ж так чырванню пры захадзе палае.

Тады не ўбачыў твару - вельмі хутка знікла,

Але яго ўяўляць ужо душа прывыкла.

Ён там угадваў чорненькія вачаняты,

Твар белы, вусны, быццам вішанькі-блізняты.

І тут убачыў тыя ж вусны, твар і вочы,

Ды вось з узростам думка зладзіць штось не хоча

Гароднічка была дзяўчынкай загарэлай,

А гэта паняй вопытнай здалася, смелай,

Ды ў метрыкі красунь юнак не заглядае,

Для хлопца кожная жанчына маладая,

І ён прызнаць равесніцай любую можа,

Цнатлівай - кожную, што з выгляду прыгожа.

Тадэвуш, хоць налічваў тод ужо дваццаты,

У Вільні жыў, дзіцём яшчэ адбыўшы з хаты,

Пад вокам у ксяндза, што меў заданне

Яму суровае, даўнейшае даць выхаванне.

Дык вось, прывёз Тадэвуш у свой дом айчынны

Жывое сэрца, ясны розум, дух нявінны

І з тым ахвоту немалую пасваволіць.

Ужо зараней ён рашыў сабе дазволіць

Нацешыцца даўно чаканаю свабодай.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату