Каго шчаслівая галушка азначала.
Іначай на другім канцы стала гулялі.
Там раптам Сокала староннікі паўсталі
І на прыхільнікаў куртатага усселі.
Вялікай стала спрэчка, дык ужо не елі,
А стоячы пілі; паток слоў звонка ліўся,
А Рэент найстрашней цецеравіўся,
І не было канца ўжо тому такаванню
І рук яго нястомнаму практыкаванню.
(Даўней быў адвакатам Рэент, пан Балеста,
І меў мянушку прапаведніка за жэсты.)
Дык зразу, падагнуўшы рук абедзвюх локці
І вострыя наставіўшы на пальцах ногці,
Ён двух хартоў прысутным вобразна паказваў
І так заканчваў: 'Вычха! мы пусцілі разам
Сабак, як быццам зразу два куркі рванулі
І з двух ствалоў адначасова саданулі.
Пайшлі! А заяц - скок! І полем паімчаўся.
Сабакі вось! (гаворачы, перамяшчаўся
З рукамі ўздоўж стала, малюючы пагоню).
Сабакі - вось! ад лесу мо ўжо з гоні.
Тут Сокал - смык! Сабака добры, ды гарачы,
На палец вырваўся, не болып, я гэта бачыў
I ведаў, што дасць маху. Заяц справу знае,
Мастак! У поле рве, а псарня ж, брат, дурная!-
Уся - за ім! Ён гэта ўбачыў ды - пстрык! жвава
У правы бок, сабакі - ўслед за ім управа,
Дык ён улева раптам як махне два сусы!
Пакуль сабакі ўлева, ён - у лес, а Кусы
Мой - цап!!!' На стол далей пан Рэент нахіляўся
І пальцамі ў другі яго канец перамяшчаўся,
І 'цап!' раўнуў Тадэвушу над самым вухам.
Ад гэтакага выбуху міжвольным зрухам
Тадэвуш і суседка пасярод размовы
Падскочылі, рвануўшы ўраз свае галовы
У два бакі, нібы вяршаліны двух хвояў
Пад націскам вятроў, і з-пад стала абое
Рванулі рукі, што ляжалі ўжо бок з бокам,
А твары чырванню набеглі ў момант вока.
Тадэвуш, каб збянтэжаным не паказацца,
Прамовіў: 'Праўда, пане Рэент, мне, прызнацца,
Ваш Кусы спадабаўся, а калі ён хопкі...'
'Ці хопкі?- крыкнуў Рэент,- Гэтакі таропкі
Сабака ды каб быў не хопкі!' Дык нанова
Яму прыхільнае Тадэвуш мовіў слова
І шкадаваў, што бачыў гончага выпадкам
І часу мала меў, каб ацаніць парадкам.
Тут задрыжэў Асэсар, выпусціў кілішак
І ўбіў зрок у Тадэвуша, як базылішак.
Асэсар менш крыклівы, не такі рухавы
І шмат драбнейшае за Рэента паставы,
Быў страшны на шляхоцкіх зборышчах, бывала.
