Сядзеў зусім без слоў і без ніякіх рухаў,
Табаку ў шчопцях важыў, а пасля панюхаў
І чхнуў, аж памяшканне загудзела рэхам.
Тады прамовіў з лёгкім, гаркаватым смехам:
'О, як жа сумна мне старому! Я ў здзіўленні!
Бо што ж сказалі б у мінулым пакаленні,
Каб у кампаніі такой, як тут мы бачым,
Пачаў мірыць хто спрэчку аб хвасце сабачым!
І што сказаў бы Рэйтан, каб цяпер прачнуўся?
Напэўна б у свой ляхавіцкі склеп вярнуўся!
Што б Несялоўскі нам сказаў, які трымае
І зараз мо найлепшыя на свеце зграі
І мае сотні дзве стралкоў, звычаем панскім,
І сецяў сто вазоў у замку Варанчанскім,
А столькі год, як той манах, сядзіць удому,
І нельга упрасіць яго ўжо ў лес нікому -
Белапятровічу і то паслаў адмову!
Чаго ж яму чакаць ад сённяпшяга лову?
Было б прыгожа, каб ён, пан старога роду,
Ганяць па полі шаракоў, як вы, ўзяў моду!
У мой час, пане, згодна мовы паляўнічых,
Дзік, лось, мядзведзь ды воўк шляхоцкай быў здабычай
А вось без рог, клыкоў ці кіпцюроў звярына
Была здабычаю слугі ды селяніна.
Ніхто з паноў не ўзяў бы стрэльбы ў рукі потым,
Калі б яе спаганіў нехта дробным шротам!
Трымалі і хартоў, ды толькі для забавы.
Калі з-пад ног шмыгне шарак пасля аблавы,
Тады за ім сабак, бывала, выпускалі,
А следам панічы на коніках скакалі
Пад вокам у бацькоў, што ў той бок ледзь глядзелі,
Ні то што каб пасля сварыліся, гудзелі.
Дык хай яснавяльможны Падкаморы рачыць
Адклікаць той загад і мне няхай прабачыць,
Што не магу на гэта ехаць паляванне
І што ніколі там нага мая не стане!
Завуць мяне Грачэха, а ад часаў Леха
За зайцам не ганяўся ні адзін Грачэха!'
Тут смех падняўся і гучаў праз час каторы.
Усталі з-за стала. Перш рушыў Падкаморы -
За важны чын і ўзрост яму тут гонар гэткі.
Ён кланяўся старым і дамам, і падлеткам.
За ім пайшоў манах, Суддзя - пры Бернардыне.
Суддзя ў дзвярах падаў руку Падкамарыне,
Тадэвуш - Талімэне, Асэсар - Крайчанцы,
А на канцы пан Рэент - Войскай Грэчашанцы.
Тадэвуш з маладзейшымі ў гумно падаўся,
Ды быў збянтэжаны і думкай заглыбляўся
У дзень мінулы і ў здарэнняў чаргаванне:
Суседка ля стала, а перад тым спатканне,
