Нырцом да Княжаства Варшаўскага падходзіў,

Дзе радасны прыём у землякоў знаходзіў.

Ды перш чым адысці, з узгорка ці з каменняў

Гукнуў праз Нёман маскалям: 'Да пабачэння!'

Так перайшлі Гурэцкі, Пац і Абуховіч,

Пятроўскі, Абалеўскі, Ружыцкі, Яновіч,

Брахоцкі, Міжыеўскія, Бернатавічы

І Купсць, і Гедымін... ды ўсіх не пералічыш.

Бацькоў, край родны свой, маёмасць пакідалі,

Якую цараняты ўміг канфіскавалі.

Здаралася, ў Літву з манастыра чужога

Манах з'яўляўся і, асмелены нямнога,

Газету выпараў з-паміж сваіх шкаплераў,

А ў ёй быў спісаны дакладна лік жаўнераў

І камандзіраў прозвішчы, чыны і званні,

І іх геройстваў або смерцяў апісанні.

І першы раз за шмат гадоў сям'я пазнала,

Што сына недзе смерць ці пахвала спаткала.

Прымаў жалобу дом, не смеючы прызнацца,

Па кім яна была, і толькі здагадацца

Маглі суседзі. Толькі сум таёмны гэты

Ці радасць панская служылі за газеты.

Ксёндз Робак гэтакім манахам быў, здаецца.

Бывала, што ў пакоі ён з Суддзём запрэцца,

Пра штосьці гутарыць, а потым і навіна

Расходзіцца ў суседстве. Выгляд Бернардына

Казаў, што не заўсёды быў ён служкам Божым

І жыў не век за манастырскай агароджай.

Над правым вухам меў ён, трохі вышай скроні,

Кавалак скуры здзёрты ў шырыню далоні

І след у барадзе ад стрэлу ці мо ўдару.-

Не мог ля алтара ён так пашкодзіць твару.

І не адны шрамы, зрок, голас забіяцкі,

А кожны рух яго і голас быў салдацкі.

У час імшы, калі з паднятымі рукамі

Звяртаўся да людзей, гаворачы 'Пан з вамі',

То часам павярнуўся гэткім спрытным рухам,

Нібы яму 'кругом!' скамандваў хто над вухам,

І словы літургіі гэткім мовіў тонам,

Як быццам не служыў, а кіраваў швадронам.

Прыслужнікі заўсёды заўважалі гэта.

І ў справах палітычных, што кіравалі светам,

Больш Робак разбіраўся, чым у справах веры.

У горад часта ездзіў, нейкія паперы

Ці пісьмы атрымоўваў, ды ў чужых ніколі

Тых пісьмаў не чытаў. І іншых спраў даволі

Ў яго было: ён рассылаў ганцоў кудысьці

І часта ў ноч ішоў для нейкае карысці,

Паноў наведваў і са шляхтаю шаптаўся.

Знаёмая была яму і бедната ўся,

З сялянамі ў карчме любіў разгаварыцца

І ўсё пра розныя падзеі за граніцай.

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату