I асабліва слова 'цётка' каля вуха

Дакучліва гудзела, быццам тая муха.

Хацеў пра Талімэну ў Вознага спытацца,

Але без сведкаў не ўдалося з ім спаткацца.

І Войскага не бачыў - той без затрымання

Падаўся за гасцямі, маючы заданне

Адвесці дамам і старэйшым для спачынку

Пакоі адпаведныя ў жылым будынку.

А маладых Тадэвушу загад быў даны

Завесці ў пуню, ў сена торп падрыхтаваны.

Праз паўгадзіны ціш была вакол, якая

Мо ў кляштары, як змоўкне звон начны, бывае,

І толькі вартаўнік у цемры адзываўся.

Паснулі ўсе. А сам Суддзя яшчэ не клаўся,

Яшчэ ён планаваў наступнага дня справы

І будучыя ў полі для гасцей забавы.

Загад даў войтам, ахмістрыні, аканомам

І ўсім, хто ў доме працаваў і па-за домам,

А потым у рахунках дня стаў разбірацца.

Нарэшце клікнуў Вознага: час распранацца.

Перш Возны пояс зняў з яго шырокі, літы

Работы слуцкай - кручаны і віты,

Залататканы з кутасамі шляк багаты,

А сподам чорна-серабрысты шоўк у краты.

Той пояс носяць толькі важныя асобы -

На светлы бок днём свят, на чорны - ў дні жалобы.

Тут толькі Возны ўмеў яго завязваць, скласці,

Дык вось складаў і бараніўся ад напасці:

'I што ж, што я сталы занёс сягоння ў замак?

Ніякіх страт, а цяжбе новы дан напрамак.

За замак жа вядзецца ў нас сягоння справа.

З сягонняшняга дня - у нас на замак права,

І як бы супраціўны бок не завіхаўся,

Я маю доказы, што замак нам дастаўся,

Бо хто гасцей у замку за сталом прымае,

Той сведчыць, што бярэ яго ці што трымае.

Саміх праціўнікаў мы выставім у сведкі.

Вядомы мне ўжо не адзін выпадак гэткі'.

Суддзя ўжо спаў, дык Возны выйшаў ціха ў сені,

Ля свечкі сеў і выняў кніжачку з кішэні,

Што, быццам малітоўнік, век яму служыла.

Гартаць яе было старому вельмі міла.

Была гэта ваканда трыбунала: радам

У ёй стаялі спісы спраў, што прад урадам

Сам Возны выклікаў іх у даўнейшым часе,

Ці аб якіх пасля ўжо вестка разышлася.

Ваканда для чужога - проста спіс іменняў,

А для ўладальніка - вялікі збор здарэнняў.

Чытаў і ўспамінаў: Агінскія з Візгірдам,

Дамініканцы з Рымшам, Рымша з Вышагірдам,

Радзівіл з Верашчакам, Гедрайць з Радултоўскім,

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату