Што Банапарты чараваў, так і Сувораў
Стаў чараваць супроць французскіх загавораў.
Аднойчы ў час бітвы знік раптам Банапарты,
А ён, бач, лісам стаў. Уцяміў тыя жарты
Сувораў,- стаў хартом. Пачуў француз пагоню,
Катом зрабіўся, наш тады змяніўся ў поні.
Дык гляньце ж, як закончылася гэта справа...'
Тут Рыкаў закусіў, і тут з чацвертай стравай
Слуга ўвайшоў, і дзверы адчынілі справа.
Ўвайшла прыгожая і маладая госця.
Сваім з'яўленнем нечаканым, прыгажосцю
Звярнула вочы ўсіх. Усе яе віталі,
Апроч Тадэвуша, відаць, здаўна ўжо зналі.
Яе і постаць зграбную, і бюст прывабны
Сціскаў ружовай сукні матэр'ял ядвабны.
Глыбокі горс, карункавы каўнер, рукаўкі
Кароткія. Круціла веер для забаўкі
(Бо душна не было), той веер залацісты
Пры кожным руху сыпаў зорак дождж іскрысты.
А ў косы, што сышліся ў круг, і ў завітушкі
Былі уплецены ружовыя істужкі,
З-паміж якіх брыльянт выглядваў ненарокам
I, як з каметы зорка, ззяў іскрыстым вокам.
Зусім парадны выгляд! Шэптаў адгалоскі
Пайшлі, што шыку лішне буднім днём для вёскі.
Не ўбачыш ножак, хоць кароткая сукенка,
Так хуценька перастаўляла іх паненка
І сунулася, быццам лялечка з батлейкі,
Якой, схаваўшыся, штукар кіруе нейкі.
Усіх паклонам лёгкім, бегучы, вітала,
Заняць жа тое месца, што яе чакала,
Было нялёгка. Нехапіла многім крэслаў,
Дык чэлядзь да сталоў чатыры лавы ўнесла.
Выходзіла: рад рушыць ці скакаць праз лаву.
Ўшчамілася між радам і сталом і жвава,
Заваяваўшы шлях сабе нялёгкі гэты,
Як шар більярдны, пакацілася да мэты,
Тадэвуша кранула, бо ў адно імгненне,
Заблытаўшы фальбану ў нечыя калені,
Нязручна паслізнулася і ў той хвіліне
Знайшла сабе апору ў маладым хлапчыне.
Перапрасіўшы ветліва, на месца села
Між ім і дзядзькам, але есці не хацела.
Ківала веерам у розныя кірункі,
То зноў каўнерыка брабанцкія карункі
Пагладжвала, то лёгкім дотыкам далоні
Кранала валасы і стужкі каля скроні.
Гаворка запынілася, усе маўчалі
Хвіліны тры, а потым ціха зашапталі,
І гэтак пачалося гукаў нарастанне.
Мужчыны абмяркоўваць сталі паляванне:
