Талерак не змяніў ёй, не падаў ёй шклянкі;

Паненак ветлівай бяседай не займае,

Сталічнай адукацыі не праяўляе.

Яго пустое месца, як прынада, вабіць,

Ды ўжо яно ад думак не пустое, мабыць,-

Па ім скакалі незлічоныя здагадкі,

Нібы падчас дажджу па лузе жабяняткі;

Між іх - адна ўсё постаць, быццам дзе ў затоне

Азёраў лілія, што свеціць белай скронню.

Падалі страву трэцюю. Пан Падкаморы

Віна падліў дачушцы Ружы і ў дакоры,

Другой падсунуўшы талерку з агуркамі,

Сказаў: 'Што ж, трэба мне старэчымі рукамі

Служыць вам, дочкі'. Ўзняўся рух між панічамі,

Што нетактоўнасці сваёй не прыкмячалі.

Суддзя тым часам, на Тадэвуша зірнуўшы

І адвароты кунтуша крыху загнуўшы,

Наліў віна і так пачаў: 'Вось мы ў сталіцу,

Па новай модзе, моладзь адцаём вучыцца

І не пярэчым, што сыны і нашы ўнукі

Больш за старэйшых маюць кніжнае навукі,

Але, па-мойму, моладзь траціць шмат на гэтым,

Што школы ў нас не вучаць жыць з людзьмі і светам.

У панскі двор ішлі мы ў маладыя годы,

Я сам быў дзесяць год прыдворным Ваяводы,

Ад бацькі вашага прымаў я настаўленні

(Тут Падкаморага паціснуў за калені),

Яго няспынная парада і апека

З мяне дзяржаўнага зрабіла чалавека.

Шаную памяць я яго так, як нікога,

І за ўпакой яго душы малю век Бога.

І калі менш за іншых змог я навучыцца

І вось, вярнуўшыся дамоў, ару зямліцу,

У час, калі другія з ласкі Ваяводы

Дабіліся чыноў, пашаны, ўзнагародаў,

Прынамсі, тое вынес, што ў мяне тут дома

Сустрэнуць кожнага заўжды, як вам вядома,

З пашанай, ветліва. Няхай жа моладзь знае,

Што ветлівасць - навука ды і не малая,

Навука трудная, бо тут не ў гэтым справа,

Каб толькі дзе ўхмыльнуцца, ножкай брыкнуць жвава,

Такую ветлівасць назваў бы я мяшчанскай,

Але не старапольскай і не панскай.

Усіх трэ' шанаваць, ды кожнага іначай:

Адна ёсць ветлівасць у гутарцы дзіцячай,

Другая ў мужа з жонкай, між слугой і панам,

І ў кожнай з іх адценне іншае схавана.

Дык трэба доўга, пільна наглядаць, вучыцца,

Каб потым пры здарэнні ў чым не памыліцца.

Вучыліся ж даўней, а панскія ўспаміны

Вы читаете Пан Тадэвуш
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату