Чужак, а лезеце ў наша жыце…

Халоднае шаленства заварушылася ў мяне недзе пад сэрцам.

— Брудныя жарты ў хаце, у гаспадара якой ясі, трэба караць не бізуном па твары, а сумленнай куляю. Ён абражае гонар людзей, якія бездапаможныя перад ім, не могуць адказаць. Суд павінен займацца менавіта такімі справамі, змагацца за справядлівасць. Вы кажаце пра мірных абывацеляў. Чаму ж вы не звяртаеце ўвагі на тое, як гэтых мірных абывацеляў забіваюць невядомыя злачынцы. Вашу акругу тэрарызуюць, а вы седзіцё тут са сваімі ўваходзячымі і сыходзячымі… Ганьба!

— Размова пра забойства гасударственава праступніка, а аднака абыватэля і шляхціца Свеціловіча будзе весціся не з вамі, — зарыпеў суддзя. — Расейскі суд не акказвает нікаму ў абароне, дажэ праступнікам. Аднака дзела ідзе не пра тое. Вы ведаеце, што за скарбленіе прыстава мы можам… вас прысудзіць да дзвюх нядзель увязнення ілі штрафу і, как казалі продкі, баніцыі за прадзелы яноўскага наваколля.

Я раззлаваўся:

— Вы можаце зрабіць гэта сілаю. Але я знайду на вас управу ў губерні. Вы пакрываеце забойцаў, ваш прыстаў ганьбіў законы імперыі, казаў, што забойствам шляхціца Свеціловіча вы не намераны займацца!

Твар суддзі пакрыўся апаплексічнай малінавай чырванню. Ён выцягнуў шыю, як гусак, і прасіпеў:

— А свідзецялі этава разгавора, шаноўны пане Беларэцкі, у вас ёсць? Сведкі? Сведачкі? Дзе яны?

Адвакат, як дастойны прадстаўнік прыміраючага начала ў расейскім судзе, чароўна пасміхнуўся:

— Натуральна, пану Беларэцкаму нету светкі. І наогул, гэта ест глюпства: прыстаў не смог такое сказаць. Пан Беларэцкі сабе гэта проста ўявіць, апанента словы ён не схапіць.

Ён кінуў у рот манпансье, якое дастаў з бамбаньеркі, пачамкаў губамі і ціха дабавіў:

— Нам, дваранам, становішча ад пан Беларэцкі ест асабліва зразумелай. Мы не хочам вам непрыемна рабіць. Няхай вас ціха і мірна адсюль з'ехаць. Тады ўсё тут, як казаць, абразуецца, і мы справу замінаць будзем… Нун, гут?

Для мяне гэта было самым разумным выхадам, але тут мне да памяці прыйшла Яноўская.

«Што будзе з ёю? Для яе гэта можа скончыцца смерцю або вар'яцтвам. Я паеду, а яе, дурненькую, толькі лянотны не пакрыўдзіць».

Я зноў сеў у крэсла, сціснуў сківіцы і схаваў пальцы рук паміж каленямі, каб яны не выдалі майго хвалявання.

— Я не паеду, — сказаў я, — перш за ўсё, спаймайце злачынцаў, якія прыкрываюцца імем зданяў. А пасля я знікну адсюль назаўжды.

Суддзя ўздыхнуў:

— Мне кажацца, што вам прывядзецца пайсці адсюль хутчэй, ніж спаймаць гэтых мі… міхі…

— Міфічных, — падказаў адвакат.

— Вот-вот, міхічных праступнікаў. І прывядзецца пайсці атсуда не па собственнай ахвоце.

Уся кроў кінулася мне ў твар. Я адчуваў, што загінуў, што яны зробяць са мною тое, што ім захочацца, але біў ва-банк, ставіў на апошнюю карту, бо змагаўся за шчасце той, што была мне даражэй за ўсё.

Неверагодным намаганнем я прымусіў мае пальцы не дрыжаць, калі выцягнуў з партманета вялікі аркуш паперы і тыцнуў ім пад нос. Але голас мой перасякаўся ад ярасці:

— Вы, здаецца, забылі, што я з Акадэміі навук, што я член Імператарскага геаграфічнага таварыства. Вы бачыце гэта? І я абяцаю вам, што, як толькі я вызвалюся, я паскарджуся гасудару і не пакіну ад вашае смярдзючае нары каменя на камені. Я думаю, што гасудар не пашкадуе трох нягоднікаў, якія хочуць выдаліць мяне адсюль, каб уладжваць свае цёмныя справы.

У першы і апошні раз я назваў сябрам чалавека, якога саромеўся назваць нават суайчыннікам. Я ж заўжды імкнуўся забыць той факт, што продкі Раманавых паходзяць з Беларусі.

А гэтыя ёлупы не ведалі, што кожны другі член Геаграфічнага таварыства дорага даў бы, толькі б яно не звалася імператарскім.

Але я ўжо амаль крычаў:

— Ён заступіцца!

Думаецца мне, што яны трохі завагаліся. Суддзя зноў выцягнуў шыю і… усё ж шапнуў:

— А ці будзет прыятна гасудару, што член такога паважнага обшчаства знюхался з гасударственнымі праступнікамі? Многія паважныя дзедзіцы пажалуюцца на гэта таму самаму гасудару.

Яны абклалі мяне, як харты. Я сеў паклаў нагу на нагу, склаў рукі на грудзях і сказаў спакойна (я быў надта, надта спакойны, такі спакойны, хоць тапіся):

— А вы не ведаеце тутэйшых сялян? Яны, так бы мовіць, пакуль што шчырыя манархісты. І я абяцаю вам, калі вы толькі выганіце мяне адсюль — я пайду да іх.

Яны аж пазелянелі.

— Зрэшты, я думаю, што да гэтага справа не дойдзе. Вось ліст ад асобы самога губернатара, дзе ён прапануе мясцовым уладам падтрымліваць мяне. А вы ведаеце, што бывае за непаслушэнства такім загадам?

Пярун над вухам не так бы ўразіў гэту публіку, як звычайны аркуш паперы са знаёмым подпісам. А я, вельмі нагадваючы генерала на падаўленні бунту, павольна цадзіў, адчуваючы, што мая справа паляпшаецца:

— Вы што, паляцець з пасады пажадалі?! Я зраблю гэта! А за патуранне дзікім учынкам нейкіх вылюдкаў вы таксама адкажаце!

Вочы ў суддзі забегалі.

«Ну што ж, — вырашыў я, — хоць які сказ — адзін адказ».

Я паказаў астатнім на дзверы. Яны пахапцам выйшлі з пакоя. Я добра бачыў у вачах суддзі боязь, як у зацкаванага тхара, бачыў і яшчэ нешта прыхаванае, злоснае. Я падсвядома быў упэўнены зараз, што ён звязаны з таямніцай дзікага палявання, што выратавацца ён можа толькі ў тым выпадку, калі я загіну, што зараз паляванне пачне паляваць на мяне, бо гэта пытанне іхняга жыцця, і я, магчыма, яшчэ сёння атрымаю кулю ў спіну, але шалёная злосць, ярасць, нянавісць сціснулі мне глотку. Я зразумеў, чаму нашых продкаў звалі шалёнымі і казалі, што яны б'юцца нават мёртвымі.

Я зрабіў крок, схапіў чалавечка за шкірку, выцягнуў з-за стала і падняў у паветра. Патрос.

— Хто?! — раўнуў я і сам адчуў, як збялелі мае вочы.

Ён надзіва правільна зразумеў маё пытанне.

— А-вой! Не ведаю, не ведаю, пане. Ох, што мне рабіць? Яны заб'юць мяне, заб'юць.

Я шпурнуў яго на падлогу і схіліўся над ім:

— Хто?!

— Пане, пане. Ручкі-ножкі пацалую, не трэба…

— Хто?!

— Я не ведаю. Ён даслаў мне ліст і пры ім трыста рублёў з патрабаваннем выдаліць вас, бо вы перашкаджаеце. Там быў толькі адзін сказ, і там гаварылася, што ён мае цікавасць да пані Яноўскай, што яму карысна яе смерць або замужаства з ім. І яшчэ там было сказана, што ён малады і моцны і здолее ў выпадку чаго заткнуць маю глотку.

Схожасць суддзі з тхаром дапоўнілася раптам яшчэ і смуродам. Я паглядзеў на заліты слязьмі твар гэтай жывёлы і, хоць падазраваў, што ён ведае трохі больш, чым кажа, з гідлівасцю адштурхнуў яго. Не мог я пэцкаць рукі аб гэтага… Не мог. Іначай згубіў бы павагу да сябе назаўжды.

— Вы яшчэ адкажаце за гэта, — кіўнуў я ад дзвярэй. — І такой агідзе падпадаюць пад час суда людзі! Бедныя мужыкі!

…Я ехаў па дарозе праз лес і меркаваў аб усім, што здарылася. Гэта было зараз больш-менш лёгка, усё, здаецца, ставала на месцы. Вядома, натхніцель палявання не Дубатоўк: якая яму выгада, ён не спадчыннік Яноўскай. І не ахмістрыня. І не няшчасная вар'ятка ў сядзібе Кульшаў. Я перабраў усіх, нават тых, на каго нельга было і падумаць, бо стаў вельмі недаверлівы. Злачынец малады, яму карысная або смерць Яноўскай,або шлюб з ёй. Значыцца, ён мае нейкае права на спадчыну. Гэты чалавек, як падазраваў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату