тых дзён, мне здавалася нявартай дробяззю.

Асцярожна, як змей, я папоўз да таго месца, дзе цямнела ў траве тое, доўгае. Я памятаю, што я пабойваўся засады, сам жадаў забіваць, што я плазаваў між асенніх траў, выкарыстоўваючы кожную ямінку, кожны байрак. І яшчэ я памятаю нават зараз, як смачна пах дробны палынок у траве. О, як пах тым'ян, якія скразныя блакітныя цені ляжалі на зямлі! Якое добрае было жыццё нават у гэтым агідным месцы! А чалавек быў вымушаны плазаваць, як гад, у траве, замест таго каб вольна дыхаць гэтым халодным бадзёрым паветрам, глядзець на месяц, распраўляць грудзі, хадзіць ад радасці на руках, цалаваць вочы любай.

Месяц свяціў на мёртвы твар Бермана. Вялікія рахманыя вочы былі вырачаны, твар перакрыўлены грымасай нялюдскай пакуты.

За што яго? Няўжо ён не вінен? Я ж быў упэўнены, што гэта ён. Ах, як горка, як радасна пах тым'ян! Травы, нават паміраючы, патыхаюць горка і радасна.

У тую ж хвіліну я інстынктыўна, яшчэ не разумеючы, у чым справа, паплазаваў назад. Я адпоўз даволі далёка, калі пачуў далёкія крокі. Ішлі два чалавекі. Я быў пад вялікай ніцай вярбой. Стаў на ногі (людзі не маглі мяне заўважыць, я зліваўся са сцяною лесу), падскочыў, і, падцягнуўшыся на руках, узлез на дрэва, і захаваўся ў яго гушчары, як вялізная дравесная жаба.

Два цені падышлі да забітага. Месяц свяціў проста на іх, але твары былі закрыты кавалкамі цёмнай матэрыі.

Дзіўныя гэта былі постаці: у старых капцях, у чугах, з доўгімі валасамі, на якіх ледзь трымаліся плеценыя з палосак скуры шапкі (такія можна было бачыць у музеі месца Віленскага). На плячах доўгія плашчы.

Яны падышлі да трупа і схіліліся над ім. Я чуў урыўкі іх размовы:

— Абодва трапілі на адну і тую ж вуду… Лікол… Х-хе, як яны, аднак, паверылі гэтай дзіцячай мянушцы. І той паследыш, і гэтая свіння. Лікол… даў ім Лікол.

І раптам адзін з іх не ўстрымаўся ад здзіўленага ўскрыку:

— Што такое?

— Глядзі, Пацук, гэта не той.

— Як не той, чаго ты брэшаш?

— А я табе кажу, што не той. Гэта… гэта той дзівак, што жыве ўпраўляючым у Яноўскай.

— Ах, чортава душа! Памыліліся трошкі.

— За гэтую памылку, хлопча, — змрочна адказаў адзін, — з нас Лікол галаву здыме. Непрыемна, браце. Два забітых — гэта жах. Гэтым можа і начальства зацікавіцца.

— Але чаму ён з'явіўся сюды замест таго? Другі не адказаў. Яны пайшлі ад трупа і сталі пад дрэвам пад самымі маімі нагамі. Каб я пажадаў, я мог бы апусціць нагу і стаць на галаву кожнаму з іх, па выбару, або двойчы стрэліць з рэвальвера на такой адлегласці, на якой і дзіцёнак трапіў бы. Я дрыжаў ад хвалявання, але голас халоднага розуму казаў мне, што так рабіць нельга, што я спалохаю астатніх, што з паляваннем трэба канчаць адным ударам, што зараз трэба сачыць за гэтымі. Хопіць, я нарабіў занадта многа памылак, і, калі загіне яшчэ і Надзея, тады толькі і застанецца, што пайсці ў Волатаву прорву, скокнуць туды і пачуць, як вырвецца над табою з твані з дзікім ровам паветра.

— За што ён так ненавідзіць гэтага Беларэцкага? — спытаў той, каго клікалі Пацуком.

— Думаю, за тое, што Беларэцкі хоча ажаніцца з Яноўскай. А тады палац з рук Лікола ўцячэ.

— Ды нашто ён яму, гэта ж трухлявая труна, а не будынак.

— Ну, гэта ты не кажы. Для Яноўскіх ён карысці не дае, гэта валоданне роду, а вось для старонняга гэта каштоўнасць. Да таго ж, ён любіць старажытнасць, спіць і бачыць сябе гаспадаром вялізнага замка, як продкі.

Яны памаўчалі, пасля пыхкнуў агеньчык, і да мяне пачалі паўзці сівыя кучары тытунёвага дыму. Я разумеў ужо, што пада мною стаяць шляхцюкі. Дрэнная мясцовая мова, якая зрабілася грубай ад барбарызмаў польскага паходжання, так і рэзала вуха. Галасы здаваліся мне знаёмымі.

— Мне здаецца, — буркнуў адзін пасля працяглага маўчання, — што тут яшчэ адна прычына: хлопы.

— Маеш рацыю. Калі заб'ём яшчэ і гэтага, яны прыціхнуць, як мышы пад венікам. А то дужа нахабныя сталі. Нядаўні бунт, пасля забойства ўпраўляючага Гарабурды. Глядзяць нахабна. І асабліва сапсаваліся пасля прыезду Свеціловіча. Месяц пражыў тут, падла, а нашкодзіў нам горш за пажар. Чатырох хлопаў з рук суда выдраў, паскардзіўся на двух дваран. А калі гэты Беларэцкі прыехаў — зусім дрэнна стала. Сядзіць у хлопскіх хатах, запісвае дурныя байкі, ляпае па плячы. Ну, нічога, папрыціхнуць гэтыя хамы, калі мы таго здрадніка шляхты прыдушым… Толькі трэба будзе яшчэ даведацца, хто правадыр гэтых нахабнікаў. Я яму не дарую маіх спаленых стагоў.

— А мне здаецца, што я ведаю, хто гэта. Гэта Кульшаў вартаўнік Рыгор. Гэткая нахабная мыса, як у ваўка. І павагі да цябе ніякай.

— Нічога, рыгнецца і яму.

Зноў памаўчалі. Пасля адзін сказаў:

— А ведаеш, Яноўскую шкада. Такую жанчыну давесці да вар'яцтва або забіць — глупства. Такім калісь ногі цалавалі. Памятаеш, як яна на бале ў даўняй сукні лебедзем плыла. Ух-х!

— Ды і пан шкадуе, — дабавіў другі. — Але што зробіш.

І раптам зарагатаў.

— Чаго ты?

— Не таго мы мякнулі. Не шанцуе нам, а яму яшчэ горш. Ты памятаеш, як Раман крычаў, калі яго ў дрыгву загналі, казаў, што з-за труны нас выдасць. Аж, бачыш, маўчыць.

І яны пайшлі ад дрэва. Я чуў яшчэ толькі, як Пацук сказаў басам:

— Нічога, хутка і да гэтага наведаемся.

Я саслізнуў з дрэва зусім нячутна і рушыў за імі. Бязгучна ступалі мае ногі па траве, там-сям я нават плазаваў. І, вядома, я зноў выявіўся дурнем, бо забыўся на тое, што ў іх маглі быць коні. Яны зайшлі за грыўку хмызнякоў, прыцішыў крокі, баючыся нарвацца на іх, а праз хвіліну пачуў пошчак падкоў.

Калі я выдраўся на дарогу, я пабачыў даволі далёка два цені, якія шалёна гналі коней ад крыжа Рамана на паўдзённы ўсход.

Думкі мае былі невясёлыя: даведаўся, што яны палююць за Яноўскай і за мною, што літасці чакаць нельга, выпусціў двух бандзюкоў ды яшчэ так жорстка памыліўся ў Бермане. І сапраўды, я пераканаўся ў тым, што ён цёмны чалавек, што ён ускрыў мой ліст і чагосьці пайшоў да месца, дзе і дастаў смерць. І самы факт гэтай смерці закрыў ад мяне ўсе астатнія яго правіны. Але размова дала многа цікавага, і, перш за ўсё, я ведаў зараз аднаго з дзікіх паляўнічых. Гісторыя са спаленымі стагамі выдала яго. Стагі спалілі за апошнія дні ў шляхцюка Маркі Стахевіча, якога я бачыў на гулянцы ў Дубатоўка. І гэты чалавек быў тады секундантам Вароны. Няхай я памыліўся ў Бермане, але ў Вароне я не памыляюся, здаецца. І ён будзе мой. Зараз трэба толькі больш рашучасці…

А позна ўначы дзікае паляванне караля Стаха з'явілася зноў. Зноў выў, галасіў, плакаў нечалавечы голас:

— Раман у дваццатым калене, выходзь! Мы прыйдзем! Мы скончым! Мы адпачнём пасля! Раман! Раман!

І зноў я, схаваўшыся за ганкам, страляў у лятучыя цені коннікаў, якія мільгалі ў самым канцы залітай месячным дымам алеі. Калі я стрэльнуў першы раз — коні кінуліся ў гушчар і зніклі, як быццам іх ніколі не было. Гэта было падобна на жахлівы сон.

Трэба было канчаць. Я прыпомніў словы Маркі Стахевіча, якія той сказаў пад дрэвам, наконт абяцання Рамана выдаць забойцаў пасля смерці і падумаў, што, можа, Раман пакінуў у хаце ці на месцы сваёй смерці нейкі доказ, які прагледзелі тады нават арліныя вочы Рыгора.

І калі Рыгор прыйшоў, мы рушылі з ім да месца забойства Рамана. Я добры хадок, але ледзь паспяваў за гэтай доўгай фігурай. Рыгор ішоў, як здавалася, павольна, але гэта была не павольнасць, а размеранасць рухаў. І ногі ён ставіў не так, як звычайныя людзі, а наскамі ўнутр: так ходзяць усе прыроджаныя паляўнічыя, і заўважана, што гэта робіць кожны іхні крок даўжэй прыблізна на дзюйм.

Па дарозе я сказаў яму, што чуў размову Маркі Стахевіча з нейкім Пацуком, і Рыгор злосна буркнуў:

— Людзі Вароны, — а пасля дадаў: — А мы думалі, што «Лікол…» гэта пачатак прозвішча. Пан не так

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату