Свеціловіч, быў на бале ў Яноўскіх, ён неяк уплываў на Кульшу.

Толькі два чалавекі адпавядалі ўсяму гэтаму: Варона і Берман. Але чаму Варона так па-дурному трымаў сябе са мною? Не, хутчэй за ўсё гэта Берман. Ён ведае гісторыю, ён мог натхняць нейкіх бандзюкоў на гэта. Трэба толькі даведацца, якая яму карысць ад смерці Яноўскай.

Але хто такія Малы Чалавек і Блакітная Жанчына Балотных Ялін? Галава мая круцілася, і ўвесь час стаяла ў ёй тое самае слова. «Рука…» «Рука…» Чаму рука? Вось-вось прыпомню… Не, зноў адляцела. Ат, цёмная душа… Ну што ж, трэба шукаць дрыкгантаў і ўвесь гэты маскарад. І хутчэй.

РАЗДЗЕЛ ПЯТНАЦЦАТЫ

У той вечар з'явіўся Рыгор, увесь перапэцканы брудам, потны і стомлены. Пахмура сядзеў на пяньку перад палацам.

— Схованка ў лесе, — буркнуў нарэшце. — Сёння я даведаўся, што акрамя той сцежкі, дзе я тады вартаваў, ёсць другая, з поўдня. Толькі яна на локаць пад тванню. Я зайшоў у самую пушчу, але тут нарваўся на непраходную межытоку. І не адшукаў слядоў праз яе… Разы два ледзь не ўтапіўся. Залез на верхавіну самай вялікай хвоі і бачыў на тым баку вялізную галявіну і сярод хмызоў і дрэў страху нейкай вялікай будыніны. І дымок. І адзін раз у тым баку загігатаў конь.

— Трэба будзе пайсці туды, — заўважыў я.

— Не, толькі без глупстваў. Там будуць мае людзі. І няхай пан прабачыць, але калі мы спаймаем гэтых паршыўцаў, мы зробім з імі як з канакрадамі.

Твар яго з-пад доўгіх касмылёў глядзеў на мяне з нядобрай усмешкаю:

— Мужыкі церпяць, мужыкі даруюць, мужыкі ў нас святыя. Але тут я сам патрабую, каб з гэтымі… як з канакрадамі: прыбіць асінавымі цвікамі да зямлі рукі і ногі, а пасля такі самы кол, толькі большы, — у задні праход, да самага нутра. І ад хат іхніх нават жарынкі не пакіну, усё пушчу попелам, каб духу нават… каб духу іхняга смярдзючага не засталося. — Падумаў і дадаў: — І ты сцеражыся. Можа, і ў тваёй душы калісьці панскі дух зашыбуе. Тады і з табою так… пане.

— Дурань ты, Рыгор, — холадна працадзіў я. — Свеціловіч таксама панам быў, а ўсё сваё кароткае жыццё вас, ёлупняў, ад прагнай шляхты ды пыхатых суддзяў абараняў. Чуў, як над ім лямантавалі? І я магу так загінуць… за вас. Маўчаў бы лепей, калі Бог розуму пазбавіў.

Рыгор крыва пасміхнуўся, пасля дастаў аднекуль са світкі канверт, такі скамечаны, быццам яго з ваўчынай зяпы выцягнулі.

— Добра, не крыўдуй… Вось табе ліст. У Свеціловіча тры дні як ляжыць, бо так на канверце… І паштар казаў, што сёння занёс табе да Балотных Ялін яшчэ і другі. Бывай, заўтра прыйду.

Я на месцы раздзёр канверт. Ліст быў ад вядомага знаўцы мясцовай генеалогіі з губерні, да якога я пісаў. І ў ім быў адказ на адно з самых важлівых пытанняў: «Шматпаважаны гасудар мой, пан Беларэцкі. Дасылаю вам звесткі пра чалавека, якім вы цікавіцеся. Нідзе ў генеалагічных маіх спісках, як і ў аксамітных кнігах, пра даўнасць роду Берманаў-Гацэвічаў я не знайшоў. Але ў адным старым акце я натрапіў на звестку, не пазбаўленую цікавасці. Выяўляецца, што ў 1750 годзе ў справе вядомага вальнадумца Нямірыча ёсць звестка пра нейкага Бермана-Гацэвіча, які быў за ганебныя ўчынкі вырачаны на баніцыю — выгнанне за межы былога каралеўства польскага і пазбаўлены шляхецкіх правоў. Гэты Берман быў зводным братам Яраша Яноўскага, што насіў мянушку «Схізмат». Вы павінны ведаць, што са зменаю ўлады старыя выракі пазбаўлены чыннасці, і Берман, калі гэта нашчадак таго Бермана, можа прэтэндаваць на прозвішча «Яноўскі», калі галоўная галіна гэтага сямейства згасне. Прыміце запэўненне…» і г.д.

Я стаяў як аслупянелы і ўсё перачытваў радкі ліста, хоць ужо моцна сцямнела і літары расплываліся перад маімі вачыма.

— Ч-чорт!… Усё ясна. Берман, наследнік Яноўскай, агідны мярзотнік, адмысловы нягоднік.

І раптам мне цюкнула ў галаву:

— Рука… адкуль рука. Ага! У Малога Чалавека, калі ён глядзеў на мяне праз акно, была рука, як у Бермана, такія самыя доўгія нялюдскія пальцы.

І я кінуўся ў палац. Па дарозе зайшоў да сваёй спальні, але ліста там не было. Ахмістрыня казала, што ліст быў тут, павінен быў быць тут. Яна вінавата квахтала перада мною: яна наогул стала пасля той ночы ў архіве вельмі ліслівай і мяккай.

— Не, пан, я не ведаю, дзе ліст. Не, на ім не было паштовага кляйма. Не, хутчэй за ўсё ліст даслалі з яноўскага наваколля, а можа, з павятовага мястэчка. Не, тут не было нікога… Вось хіба толькі пан Берман, які заходзіў сюды, думаючы, што пан дома.

Я не слухаў яе далей. Вочы мае прабеглі па бюро, дзе ляжалі раскіданыя паперы, у якіх, відаць, капаліся. Пасля гэтага я выбег з пакоя і пабег да бібліятэкі. Там не было нікога, толькі кнігі цэлым стосам ляжалі на стале. Іх нечакана кінулі для нейкай больш важлівай справы. Тады я накіраваўся да Бермана.

І тут сляды паспешлівасці, нават дзверы не зачынены. Слабы агеньчык серніка кінуў кружок святла на стол, і я заўважыў на ім адну пальчатку і разарваны наўскос канверт, такі самы, як і ў Свеціловіча тады, у той жахлівы вечар.

«Пан Беларэцкі, паважаны брат. Я мала і кепска ведаю пра дзікае паляванне. Але ўсё ж я магу сказаць табе нешта цікавае. Да таго ж, я магу раскрыць табе адзін сакрэт, таямніцу некаторых цёмных падзей у вашай хаце… Магчыма, гэта проста выдумка, але мне здаецца, што ты шукаеш не там, дзе трэба, любенькі. Небяспека ва ўласным палацы пані Яноўскай. Калі хочаш ведаць тое-сёе пра Малога Чалавека Балотных Ялін — прыходзь сёння ў сем гадзін надвячоркам на тое месца, дзе загінуў Раман і дзе ляжыць яго крыж. Там твой невядомы дабрадзей раскажа табе, у чым корань смяротных падзей».

Я на хвіліну завагаўся, прыпамятаўшы лёс Свеціловіча, але доўга вагацца нельга было: гадзіннік паказваў без пятнаццаці сем. А тут яшчэ Бермана няма… Куды пайшоў? Калі ён і Малы Чалавек, і кіраўнік дзікага палявання, ён павінен вельмі занепакоіцца, прачытаўшы перлюстраваны ім ліст. Ці не пайшоў ён замест мяне на спатканне з незнаёмцам, каб замкнуць яму рот? Цалкам магчыма. А тут яшчэ вартаўнік на маё пытанне пра Бермана паказаў рукою на паўночны захад, якраз у напрамку алеі і дарогі, што вяла да крыжа Рамана Старога.

Я пабег туды ж. Ах, колькі я пабегаў за гэтыя дні і, як сказалі б зараз, патрэніраваўся! Чорт яго бяры, такі трэнінг, разам з Балотнымі Ялінамі! Ноч была трохі святлейшая, чым заўжды. Праменні вялізнага чырвонага месяца асвятлялі часам, прабіваючы хмары, зямлю, наўскос падалі паміж чорнымі стаўбурамі дрэў. Месяц стаяў над верасовымі пусткамі такі вялізны, круглы, чырвоны, такі райскі, ззяючы, такога вогненнага шчаслівага колеру была гэта планета, што туга па чымсьці светлым, пяшчотным, непадобным на гэтыя балоты і пусткі заліла маё сэрца. Быццам падплылі да зямлі і згаралі ў паветры нейкія невядомыя краіны, гарады з расплаўленага золата, і быццам было ў іх іншае, не такое, як наша, жыццё.

Месяц між тым, плывучы вышэй, паменшаў, збялеў і адразу пачаў раз-пораз засноўвацца драбнюткімі белымі хмаркамі, падобнымі на кіслае малако. І ўсё зноў стала халодным, змрочным і таемным: хоць сядай ды пішы баладу пра бабулю, якая ехала верхам, і пра таго мілага конніка, што сядзеў наперадзе.

Прадраўшыся так-сяк праз парк Балотных Ялін, я выбіўся на сцежку і ўжо амаль падыходзіў да крыжа Рамана.

Лес злева стаяў нізкай змарнелай сцяной, насупраць ад крыжа Рамана маячыла постаць чалавека.

І тут… я проста не паверыў сваім вачам. Аднекуль раптам выраслі цені коннікаў. Яны павольна пад'язджалі да чалавека. Усё гэта рабілася ў поўным маўчанні, і мёртвая халодная зорка гарэла над іхнімі галовамі.

У наступны момант гучна пралунаў пісталетны стрэл, коні перайшлі ў намёт і змялі чалавечую постаць капытамі. Я быў уражаны. Я думаў, што пабачу сустрэчу мярзотнікаў, а пабачыў забойства чалавека.

У вачах маіх пацямнела, і калі я ачуняў, то пабачыў, што коннікаў ужо не было.

Жахлівы нялюдскі крык прагрымеў недзе над балотамі, і быў у ім жах, гнеў, адчай — чорт ведае што такое. Але я не спалохаўся. Між іншым, я ніколі з тых часоў не баяўся. Усё жахлівае, што я сустракаў пасля

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату