разбяромся.
- Ды што вы, дзядуля!.. Ды што вы, далiбог! - замармытаў Кныш, вылазячы з вады. - Вось жартуюць! Гы-гы! Вось жартуюць!
- Давай-давай! - падвёў голас дзед.
- Ды ну, чэснае слова! Ды ну, што вы такое кажаце!
- Лезь, кажу, у човен сам! Бо звяжу!
- Ды пастойце, дзед! Я ўсё раскажу! Усё чыста! Невiнаваты я... Далiбог! Гэта ўсё яна! Турма народаў! Гэта ж як пачула пра той лябулiс, ну, як смала прычапiлася: 'Дастань ды дастань, яно пойдзе на рынку'. Як з нажом да горла прыстала. Што ты зробiш! Няхай ужо, думаю, каб адчапiлася, дастану трошкi. Паехаў. А атрымлiваецца, па-першае, яно яшчэ не ўзнiкла, а, па-другое, мiкраскапiчнае. Як ты тым, мiкраскапiчным, таргаваць будзеш? Ну хоць дамоў не вяртайся! Вы ж не ведаеце маю бабу... Вырашыў я ёй нацягаць з вады якой iншай дрэнi, каб толькi не чапiлася (хiба яна разбярэ?). Падмануў яе, сам свядома падмануў. Не хацеў жа чапаць, калi ўжо вучнi такую добрую справу робяць. Думаў, усё. Абышлося! I гандаль iдзе, i я спакойны. Але няшчасны мой лёс. Учора вось дазналася яна пра ўсё. Божа, што было! Хоць перахрысцiся ды ўцякай. 'Ты, крычыць, злачынец, ты, крычыць, падсудны! Я ж, можа, людзям якой шкоды нарабiла. Калi мне сапраўднай не прынясеш - са свету зжыву!' Ну што мне рабiць? Ну, зразумейце, дзед, хiба ж я хацеў? Далiбог! Адпусцiце, калi ласка.
Кныш замаўчаў, хлiпаючы.
Мабыць, дзед расчулiўся - засапеў i захекаў.
- Ой, дзед, выкручваецца ён! Як вужака! - крыкнуў Кукуруза. - Яны тут з Бурмiлам... у акваланзе для падводнага плавання... цэлае лета...
- Спецыяльна ў Кiеве купiлi. Мы самi бачылi, - падхапiў я. - Заданне ў iх нейкае... ад вермахту... Мабыць, фашысцкi архiў з дна дастаюць. Як у Чэхаславакii.
Кныш ажно сцiснуўся ўвесь.
- Ды што вы, хлопцы! Што вы! Ды баранi божа! Якое там заданне! Такое прыдумалi, далiбог!
- А што ж? - запытаў дзед.
Кныш трошкi памаўчаў, потым раптам горача загаварыў:
- Ды знаеце, ды мы якраз, дзед, i пра вас думалi. Хацелi падаруначак вам зрабiць. Хоць вы i не п'еце, але ж на свята чарачку можаце... Хi-хi! Гэта ж, знаеце, даведаўся я, што ў вайну немцы тут спiрт патапiлi. Дваццаць, кажуць, канiстр ляжыць. Герметычныя, што iм зробiцца. Дык вось думаем падняць. Толькi ж вы, дзед, калi ласка, нiкому-нiкому. Мы вам па дружбе дадзiм. Нават i не думайце адмаўляцца. Гэта ж такая справа! Во якая! Хi-хi!..
Кныш засмяяўся дробненькiм подлым смехам. Але смех адразу i абарваўся. Па дзедавым настроi Кныш зразумеў, што смяяцца няма як.
- Зразумела, - сурова сказаў дзед. - А ломiк гэты навошта ўзяў?
- Ды проста так... проста... - замяўся Кныш.
- Хацеў усё зруйнаваць? Каб сляды замесцi? Каб усё сплыло? Маўляў, стыхiйная бяда? Так? - у голасе дзеда звiнела металiчная нянавiсць.
- Вось баба праклятая... - пачаў Кныш, але дзед перапынiў яго:
- Годзе ўжо! Сядай! Паехалi!
- Ды, дзед, - плаксiва пачаў прасiцца Кныш. - Ды мы ж з вамi суседзi. Што вам - больш за ўсiх трэба? Я ж нiчога не зрабiў, не паспеў жа! Адпусцiце!
- Якiя мы суседзi! - як адсек дзед. - Ты зусiм на iншай планеце жывеш! I не пнiся суседзiцца з людзьмi. Паехалi!
Кныш згорбiўся i, як пабiты сабака, паслухмяна пайшоў да чоўна.
А калi ўжо мы адплывалi, дзед Варава, нi да кога не звяртаючыся, цiха сказаў:
- А той спiрт партызаны яшчэ ў сорак трэцiм вылавiлi. Для шпiталя. Трэба было ў старэйшых распытацца, перад тым як у ваду лезцi.
РАЗДЗЕЛ
апошнi, заключны
Так i закончылiся прыгоды Рабiнзона Кукурузы на бязлюдным востраве каля вёскi Васюкоўкi.
Наступны пасля той ночы дзень быў спаўна насычаны выключнымi падзеямi.
З ранiцы прыехаў прафесар Дудка, кiраўнiк кiеўскiх юннатаў, а разам з прафесарам карэспандэнт пiянерскай газеты.
Прафесарам Дудкай аказалася маладая прогожая жанчына ў моднай сукенцы з кароткiмi рукавамi i модных басаножках.
Прафесар Дудка паглядзела на глабулус i сказала, што гэта 'цудоўны штамб хларэлы' (менавiта так яна i сказала), што яна абавязкова скажа пра яго ў дакладзе ў сваiм iнстытуце, што гэта вялiкi поспех, i горача пацiснула руку спачатку Фарадзеевiчу, а потым усiм юннатам.
Фарадзеевiч ажно свяцiўся ад радасцi (дарэчы, у гэты дзень выпiсалася з бальнiцы яго жонка). Юннаты таксама свяцiлiся (карэспандэнт абяцаў напiсаць пра iх у газеце). Потым Фарадзеевiч пры ўсiх абняў нас з Явам, пацалаваў i сказаў:
- Калi б не вы - усё б загiнула. Дзякую, сябры мае, дзякую!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А неўзабаве ў клубе адбыўся таварыскi суд. На сцэне стаяў засланы чырвонай тканiнай стол, за якiм сядзелi старшыня калгаса Iван Iванавiч Шапка, члены праўлення, Явава мама-дэпутат, дзед Варава, дзед Салiвон i Галiна Сiдараўна.
Збоку на лаве падсудных разам сядзелi насупленыя Кныш з Кнышыхаю i трохi ў баку ад iх ашаломлены Бурмiла.
Мы выступалi як галоўныя сведкi абвiнавачання. I ўся зала дружна смяялася, калi Ява расказваў, як ён утапiў човен...
Палова вёскi выступiла на гэтым таварыскiм судзе. I ўсе гаварылi пра тое, што той, хто дбае толькi пра ўласную скуру i сваю кiшэню, не варты добрага слова (гэта сказала Галiна Сiдараўна).
...Што ён 'унутраны дыверсант' (гэта сказаў дзед Салiвон).
...I калi ён можа прадаць за капейку сваё сумленне, гандлюючы iм на рынку, то за добрую цану ён i бацькаўшчыну не пашкадуе (гэта сказаў камсамолец Рыгор Кучарэнка).
...Але нiчога, цяпер яны будуць ведаць, што думае пра iх уся вёска (гэта сказаў Iван Iванавiч Шапка).
Шумны быў сход.
А пасля сходу да нас падышоў Грышка Бардадзiм i сказаў:
- Малайцы, хлопцы.
I ляпнуў сваiмi граблямi па патылiцы спачатку мяне, потым Яву.
I вось ужо за плячамi лета, бесклапотныя вакацыi. Зноў парта, зноў у кожную сорак пятую хвiлiну званок, зноў: 'Хто не выканаў дамашняе заданне, паднiмiце руку!', 'Iдзi да дошкi!'. Будзённае жыццё колiшняга пятага, цяпер шостага 'Б'.
Я сяджу на сваiм звычайным месцы каля акна, гляджу, як гойсае па падворку наш Сабакевiч, i думаю...
Я думаю пра Кнышоў - кажуць, яны прадаюць сваю новую хату i едуць некуды на Харкаўшчыну. Напэўна, загаварыла ў iх сумленне пасля суда. Можа, там, на Харкаўшчыне, i людзьмi стануць.
Вунь Бурмiла нават пiць перастаў i браканьерскае прычындалле паламаў i павыкiдваў.
I яшчэ я думаю (не ў першы раз): 'Чаму ўсё ж Кукуруза высадзiўся на той востраў, што знаходзiцца каля Высокага? Выпадкова? Збег абставiн? Цi, можа, спецыяльна?'
Я ўжо задаваў яму гэтыя пытаннi.
Маўчыць. Толькi ўсмiхаецца...
Раптам думкi мае перапыняе голас Галiны Сiдараўны:
- Рэнь, да дошкi.
I я адчуваю, як мой правы локаць падскоквае ўгару - гэта ўстае, падымаючы века парты, мой сусед. Мой сусед i сябар Ява (колiшнi Кукуруза). А як жа, ён напiсаў дыктант i таксама перайшоў у шосты клас.
Цэлы жнiвень мы рыхтавалiся ўдвух. Не скажу, што гэта было цiкава, цiкавей, напрыклад, чым гуляць у футбол, у цуркi-палкi цi лавiць рыбу... Але хто сказаў, што для сяброў трэба рабiць толькi тое, што цiкава?