На дыктант я пайшоў таксама разам з Явам. Галiна Сiдараўна адразу зразумела, чаму я прыйшоў, i сказала:
- Сядай i пiшы, гэта табе таксама карысна.
I вы ведаеце, я напiсаў горш за Яву. Ён зрабiў толькi дзве памылкi, а я тры. Недарэмна ён, чарцяка, браў з сабою 'Граматыку' на бязлюдны востраў.
I вось цяпер стаiць ён каля дошкi i ўпэўнена пiша сказы. I нi разу не памылiўся. Дарэчы, я ведаю, што ў кнiзе 'Рабiнзон Круза' ў яго ляжыць паперка з адным адрасам. Наўрад цi хто-небудзь стаў бы зберагаць адрас проста так, не думаючы яго выкарыстаць.
Адным словам, граматыка майму сябру, як кажуць, яшчэ i асабiста патрэбна. Выдатнiцы непiсьменны лiст не напiшаш. Лепей адразу ў палонку галавой.
- Малайчына, Рэнь, сядай! - кажа Галiна Сiдараўна.
I мой сябар, разамлелы ад гордасцi, павольна iдзе на месца. Сеўшы за парту, Ява некалькi хвiлiн маўчыць - пакуль не ўцiхнуць пачуццi, выклiканыя пахвалой настаўнiцы. Потым схiляецца да мяне i шэпча:
- Дык што, выпрабуем?
- Давай, - кажу я.
Мы нахiляемся i засоўваем галовы пад парту. Ява вымае з-за пазухi плоскую бляшанку з-пад цукерак, з якой тырчаць розныя вiнцiкi, шпунцiкi i дроцiкi. Гэта вынайдзенае намi механiчнае прыстасаванне для расшпiльвання гузiкаў. Афiцыйнай назвы ў яго яшчэ няма, таму называем яго проста - 'штукакенцыя' (не 'штука', не 'штукенцыя', а менавiта 'штукакенцыя', бо кожнае вынаходства абавязкова павiнна мець сваю назву). Дзеянне 'штукакенцыi' даволi простае: прыкладваеш да гузiка, нацiскаеш на кнопку - i гатова. Толькi спачатку трэба, вядома, завесцi спружыну. I вось Ява бярэ i пачынае заводзiць. Вядома, гэта не на транзiстарах, але...
- Крракк!.. - раптам звонка на ўвесь клас клацае спружына i, выскачыўшы з каробкi, б'е знiзу Сцёпу Карафольку, якi сядзiць перад намi. Карафолька ўскрыквае.
- У, расцяпа! - сiплю я на Яву.
Але позна. Як гром з неба, раздаецца над намi гнеўны голас Галiны Сiдараўны:
- Заўгародны i Рэнь, што ў вас такое?..
Чырвоныя, як мак, вылазiм мы з-пад парты.
Навучальны год пачаўся...