супрацьтанкавыя канавы-валы. Загад Сталiна усё на абарону! Усё на выратаваньне радзiмы. Усё на зламаньне гiтлераўскага карку. Таварыш Сталiн выказаў цьвёрдую ўпэўненасьць - перамога будзе за намi! Але для гэтага патрэбна, каб нiводная душа не заставалася ў баку, каб кожны ўзяў на сябе як найбольшы цяжар, калi трэба - ахвяраваў сабою ў iмя перамогi над акупантам. Вораг зьнiшчае на сваiм шляху ўсё жывое - палiць, забiвае, вешае, гвалцiць.

Цяжкая доля выпала нам, дарагiя браты i сёстры, найбольшае ў гiсторыi выпрабаваньне. Пакуль у нас ёсьць яшчэ час, бярэмся за работу. Мы знаходзiмся ў стане вайны i мусiць таму быць закон вайны - нiчога не шкадаваць для перамогi. Няма такой цаны, якую-б мы не заплацiлi ў iмя радзiмы. Вораг пасягнуў на нашае сьвятое сьвятых - на самое нашае жыцьцё. Быць нам, або ня быць. Гэтак, дарагiя мае, стаiць пытаньне. Нашым баявым лёзунгам мусiць быць: Сьмерць акупантам! За радзiму! За Сталiна!

Пiлiп, стоячы ў натоўпе, спадзяваўся пачуць пра ўсё, што хочаш, толькi не пра войну. Вайна для яго была нечым немагчымым. Стаяў. I ня верыў. Чуткi хадзiлi пра вайну, але што яна будзе, ня верылi. I вось табе вайна. Напалi. Зьдзiўлена i з страхам слухалi прамоўцу. Пад канец прамовы прывалiла столькi народу, што ўжо яго ня мог зьмясьцiць 'Цэнтр'. Дзiўна - калi i хто iх сюды паклiкаў? Гэтак рана. Адкуль яны дачулiся?

Сакратара партарганiзацыi зьмянiў на ганку прадстаўнiк з ваенкамату:

- Я, таварышы, па сваёй часьцi. Нам навязана вайна, i каб баранiцца, нам патрэбна зброя i людзi. Патрэбны сродкi вайны. Гэтым сродкам у першую чаргу зьяўляюцца людзi. Мы мусiм мець людзей, здольных карыстацца зброяй. У нас ёсьць добра абвучная i ўзброеная армiя. Але ў умовах вайны, якой-бы вялiкай нi была наша армiя, яе недастаткова. Таму паўстае патрэба агульнай, пагалоўнай мабiлiзацыi насельнiцтва. Гэта ваенны закон. Ён няўхiльны, абавязкавы i татальны. Гэтым загадваю правесьцi ў Макранскiм сельсавеце агульную абавязкавую пагалоўную мабiлiзацыю, як яна ўжо праводзiцца па ўсiм Савецкiм Саюзе. Правiльна сказаў таварыш сакратар партарганiзацыi - нiякай панiкi! Але i нiякага адвалыньваньня! Перамога за намi, але яна будзе дарагой i крывавай. Хаваць гэта было-б недарэчна. Плачу, роспачы, сьлязам няма мейсца. Мы сабралiся тут, каб як найлепей i як найхутчэй правесьцi пагалоўную мабiлiзацыю ўсяго мужчынскага насельнiцтва адпаведных гадоў. Фронт чакае салдат.

Напалоханыя, зьнямелыя, жанчыны стаялi моўчкi, няздольныя яшчэ поўнасьцяй уяснiць пачутае: настолькi яно было для iх неспадзяваным.

- Я сказаў - фронту патрэбны людзi, салдаты. Але людзей патрабуе i тыл. Вось-жа салдатамi тылу, яго працаўнiкамi i абаронцамi будзе жаночае насельнiцтва. Перад намi, таварышы, татальная мабiлiзацыя. На кiраўнiцтва вашага сельсавету, на партыйцаў i ўвесь актыў ускладваецца заданьне - у трохдзённы тэрмiн закончыць адпраўку мужчынскага насельнiцтва на станцыю ў Касьцюковiчы. Фронт крычыць, фронт чакае людзей. Насколькi пасьпяхова i ў тэрмiн вы справiцеся з гэтым заданьнем, настолькi будзе забясьпечанае нашае процiвастаяньне ворагу. Усякае ўхiленьне караецца паводля ваенных законаў. На падмогу вам - людзi ўжо ў дарозе з раёну. Спадзяюся, ўсё ясна. Я скончыў.

Старшыня сельсавету паклiкаў да сябе ў канцылярыю старшыняў калгасаў, iхных рахункаводаў, брыгадзiраў, настаўнiкаў, актыў. За зачыненымi дзьвярыма, з удзелам прадстаўнiкоў раёна, пачалася нарада, распрацоўка канкрэтных мерапрыемстваў па ажыцьцяўленьню суцэльнай мабiлiзацыi.

Мокрае Першае i Мокрае Другое, як-бы перасталi iснаваць - з iх забралi галоўную сiлу - мужчын. Засталiся жанчыны, дзецi i нямоглыя старыя. Хаты стаяць, як абрабаваныя. Iх пакiнулi людзi, гартам якiх яны трымалiся. З кожнай з iх як-бы вылецела душа - птушка, што кармiла птушанят. Дамы-гнёзды засталiся пакiнутымi i асiрацелымi, стаяць няўпэўненыя ў павароце тых, хто iх пакiнуў. Мабiлiзацыя, быццам якая чума, прайшлася па вёсках, апустошыла, зьнявечыла iх, пакiнуўшы толькi тых, хто ёй непатрэбен - у сьлёзах, у роспачы, у чаканьнi Божай мiласьцi. З нядзелi пад панядзелак, калi з абодвых Мокрых мусiлi новабранцы ад'ехаць, у хатах-гнёздах ня спалi, або калi й спалi, дык вельмi мала i трывожна: гэта была апошняя ноч, ноч разьвiтаньня, ноч болесьцi, ноч спачуцьця, ноч любасьцi i страху перад будучыняй. Вулiцы замёрлi, хаты стаiлiся, пад iхнымi стрэхамi варушылася неразгаданае ў сваёй iснасьцi жыцьцё, найбольш у гэтую ноч глыбокае ў сваiм выяўленьнi. У гэтую ноч вусны шэптам сказалi тое, чаго яны яшчэ нiколi ня гаварылi. Неба высока стаяла ў гэтую ноч, у iм гаварылi-радзiлiся зоры, лiлi з вышынi спагаду людзям пад стрэхамi. Мiгцелi, быццам варажылi пра лёс, што напаткаў гэтых людзей.

Сельсавет ператварыўся ў сваеасаблiвы штаб - адсюль выходзiлi загады i распараджаньнi. У гэтым штабе ўлада фактычна належыла ўжо не старшынi сельсавету, а ваенным, што сядзелi ў гэтым штабе. Функцыi старшынi зводзiлiся ўсяго да выкананьня загадаў ваенных: накiраваньня ў раённы цэнтр прыгодных павозак з коньмi, калгаснага статку - кароў, авечак, сьвiньней, эвакуацыя маслазаводу, адпраўка на станцыю насеннага фонду. Але для ўсяго гэтага ў старшынi не хапала ўжо людзей - паслугоўвацца трэба было толькi старыкамi, калекамi i жанчынамi. Да таго-ж ня было ўжо цягла - лепшыя, прыгодныя для працы конi i валы былi забраныя. Калгасы засталiся абяззброенымi, разгромленымi, паралiзаванымi. На старшыняў калгасаў старшыня сельсавету насядаў, як толькi мог, за невыкананьне ягоных распараджаньняў пагражаў ваеннымi законамi, хоць добра ня ведаў i сам, якая палiтыка вышэйшых уладаў адносна гаспадарчай дзейнасцi калгасаў: абрабляць зямлю, сеяць, цi таптаць, палiць ужо пасеенае i вырашчанае. Адносна загаду Сталiна - пакiдаць ворагу спаленую зямлю, старшынi калгасаў вагаюцца: а што-ж будуць есьцi тыя, што засталiся ў калгасе - жанчыны, дзецi i ўсе нямоглыя старыя? Што iм памiраць з голаду? Праўда, былi i такiя старшынi калгасаў, што выконвалi загад Сталiна: тапталi, палiлi жыта, што пайшло ўжо было ў колас. Жанчыны- салдаткi ўсяляк змагалiся з такiмi старшынямi - проста выходзiлi з дзецьмi на поле: тапчы i нас, палi, калi ты такi бязьлiтасны i крыважэрны.

Да штабу належылi, апрача старшынi сельсавету, упаўнаважанага, людзей з ваенкамату, таксама некалькi актывiстаў, сярод iх Вяркееў i Мiкола Бугроў. Гэта ўсё так званая 'бронь', незмабiлiзаваная, пакiнутая на мясцох для наладжаньня гаспадарчай, хоць i вельмi абмежаванай, дзейнасьцi калгасаў, а галоўнае - для мацаваньня грамадзянскай абароны супраць ворага. У дадатак бронь як-бы ўвасабляла сабой савецкую ўладу, што застанецца тут у падпольлi нат i тады, калi ворагу ўдасца заняць гэтую тэрыторыю. На выпадак акупацыi, ў раёне Макранскага сельсавету мяркуецца стварыць ядро першай партызанскай групы, якое складзецца з раённага начальства, у тым лiку першага сакратара райкому партыi. Для падпольля ўмовы ў Макранскiм сельсавеце як найлепшыя непраходныя балоцiстыя лясы, аддаленасьць мясцовасьцi ад шляхоў зносiн: чыгункi, шасэйных дарог, дарог наогул. Немец ня здолее ўстанавiць тут свайго кантролю. Штаб ужо мае i такую-сякую зброю. Старшыню сельсавету можна было бачыць на вулiцы з вiнтоўкай. Зброя як-бы падмацоўвала ягоны аўтарытэт, сьведчыла, што ён не абы якi чалавек, а носьбiт улады, якая не папусьцiцца нiчым. Жаночае апалчэньне, як цяпер называлi жанчын, глядзела на старшыню з вiнтоўкай з зьдзiўленьнем i пагардай. Але старшыня - улада i нiчога не папiшаш. Штаб дае яму загады i ён iх выконвае: гонiць гэтае апалчэньне на акопы, часам далёка, за некалькi кiлямэтраў, аж на раку Бесядзь, там капаюць даўгую - на цэлыя кiлямэтры - глыбокую канаву, у якой застрануць фашысцкiя танкi. На рэчцы Бесядзь ваенныя стратэгi мяркуюць затрымаць немцаў i даць iм бой, калi яны надыйдуць сюды. На гэты стратэгiчна важны пункт сагналi жанчын i хлопчыкаў-падлеткаў з розных вёсак сумежных сельсаветаў. Камандуюць гэтай апэрацыяй ваенныя. Жанчыны iх называюць лейтэнантамi. Адзiн з такiх лейтэнантаў стаiць на кватэры ў Пiлiпа. Гэта, як потым выявiлася, той самы малады чалавек, якога прывёў быў Пiлiпу старшыня сельсавету i якi, праспаўшы колькi гадзiн у сенцах, невядома куды зьнiк. Цяпер-жа ён атабарыўся ў Пiлiпа, як належыцца. Сьпiць позна, мыецца, холiцца, сьнедае не сьпяшаючыся, падцягвае сваю партупею, гаворачы Хiме 'спасiба, мамаша' i выходзiць. Едзе, разам з палiтруком, на Бесядзь. Што яму вайна? Яму добра на акопах, у жаночым тыле. Ён бронь. Прозьвiшча ягонае - Сьмiрноў. Iмя - Сашок. Гэтак яго называе палiтрук. Пiлiп чамусьцi ня ўмее правiльна вымавiць ягонае iмя, i замест 'Сашок', у яго выходзiць 'Шашок'. Прыехаў Сьмiрноў Сашок у Касьцюковiчы з Каломны толькi нядаўна. Раён i прыслаў яго ў Мокрае, як ваеннага спэцыялiста. Ён таксама належыць да макранскага штабу, Стаўкi, як жартлiва называе гэты штаб Вусаты Якаў, старэйшы чалавек, iнвалiд Першай сусьветнай вайны.

З Дусяй Шашок не ўваходзiць у гутарку, як-бы не прыкмячае яе. Толькi калi падчас сьнеданьня яна падасьць што-небудзь на стол, гаворыць ёй 'спасiба, барышня'. Аднак пасьнедаўшы, вылазячы з-за стала, заўсёды гаворыць 'спасiба' ня ёй, а ейнай мацi. Гэта ён робiць знарок, каб не рабiць выгляду, што ён цiкавiцца дачкой. Але ў сваёй душы Шашок пастанавiў 'састрэлiць барышню'. Яна яму вельмi падабаецца, такая спакусьлiвая козка. Калi ранiцою Дуся йдзе з клецi праз сенцы ў хату, Шашок, лежачы на ложку, сваёй выцягнутай рукою хапае яе за сукенку, цягне да сябе. Дуся аднак вырываецца, хаваецца ад яго ў хаце. Лейтэнант пасьля гэтага ня можа ўжо заснуць: 'Ничего, никуда не денешься'. Пачынае зьбiрацца - мыцца,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату