Дусi, што прыйду да яе ўвечары.

Калi я вярнуўся дахаты, сястра сказала мне, што пасьля таго, як партызаны пакiнулi вёску, да нас заходзiў нейкi чалавек, хацеў пагаварыць са мною, пытаўся, дзе я. Сказаў, што зойдзе пазьней, увечары, але не сказаў, хто ён i якая ў яго да мяне справа. Сястра думае, што гэта нехта ад партызанаў.

Адведзiны незнаёмага чалавека ўстрывожылi бацькоў. Устрывожыла гэта й мяне, хоць вярнуўшыся дахаты, з першага дня я зразумеў, што спакойна ў Мокрым я ня пражыву. Праiснаваць мiж немцамi i партызанамi немагчыма. Мая нейтральная пазыцыя можа аказацца самай небясьпечнай, але паколькi я заняў яе, я мушу i стаяць на ёй. Я хачу жыць. Я ня жыў яшчэ. Я толькi пакутваў, хоць пакуты тое-ж жыцьцё, можа найвышэйшая форма яго праяўленьня. Ды я не хачу пакутваць. Мне дваццаць сем год, а цi жыў я? Не, я толькi рыхтаваўся жыць, жыць для нечага высокага, прыгожага. Дзеля гэтага высокага я бярогся ад спакусы нiжэйшым. Я, напрыклад, не кахаў, як кахалi iншыя. Я кахаў употайку, саромячыся прадмета майго каханьня. Мае равесьнiкi кахалi iнакш - яны зьбiралi ўраджай з свайго каханьня. Я жыў у мройнасьцi, яны - у дзеяньнi. На подступах да свайго iдэальнага, дзеля якога я ахвяраваў сабой, я зазнаў паражэньне, самае вялiкае ў маiм жыцьцi. Я нiкога ня вiню за маё паражэньне. У мяне няма нянавiсьцi - яе пагасiлi мае пакуты. Я мусiў-бы ненавiдзець партызанаў, але я не магу iх ненавiдзець - я толькi баюся iх. У мяне ёсьць падстава ненавiдзець савецкую ўладу, але яна пагасiла ў мяне сiлу супрацiўленьня ёй. Я хачу жыць. Настаў мой час жыць. Я не зважаю на тое, што дзеецца вакол мяне. Дый я ня ведаю, што дзеецца. Забралi немцы Маскву, цi не - мне ўсё роўна. Я ня прагны да навiнаў. Я паглынуты адным - сабою. Я нават ня ведаю, што робiцца ў мяне пад носам - у Мокрым. Я ахутаны ўласнай глухатою. Адраблю на полi з бацькам дзень, i ўсё. Я не магу дачакацца вечару, калi я магу нырнуць у сьцiшнасьць i патаёмнасьць начы. Выйду - навокал нi душы, усё цiха, нiхто нiдзе ня шамнiць. Толькi ты сунешся, паглынуты цемрай. Iдзеш - куды хочаш, нiхто табе не перашкодзiць. Ты ня думаеш, што нехта, стаiўшыся, можа сочыць за табою - з вакна, з-за вугла, з-за дрэва. Ты думаеш, што вёска сьпiць. А яна ня сьпiць. У ёй iдзе начное жыцьцё. У нейкай хаце вось цяпер, калi ты йдзеш, патаёмна шэпчуцца, вядуць нараду, рыхтуюцца да нейкага дзеяньня, можа нат адлiваюць на цябе кулю, а ты пра гэта й ня ведаеш - iдзеш, снуючы ў душы найлепшыя спадзяваньнi.

Я iду да Дусi. Наўпрасткi. Праз рэчку. Я думаю, што Дуся ўжо ў клецi. Чакае мяне. Уяўляю яе. Уяўляю нават, якая ў яе ночная кашуля. Цiхенька стукаю ў дзьверы. Яна адчыняе. Абняўшыся, iдзём да ложку.

- Я чакала цябе.

- I я цябе.

Лажымся. I няма грэху ўвайсьцi ў яе i любiць яе, узяць ад яе i даць ёй, замерцi з ёй i зноў нарадзiцца - iншым, чымся ты быў. I ты ляжыш, i ты ня хочаш адклейвацца ад яе, як i яна ад цябе. I, прасьветленыя, сьвецiмся - два ў плоць адзiну.

Дуся мне прызнаецца, што там, у мiжрэччы, на астраўку, яна напачатку не хацела паддавацца мне. Пытаюся - чаму? Адказвае - каб не падумаў пра яе дрэнна. Ня чулi - калi заснулi. Прахапiлiся, калi праз шчылiны дзьвярэй дабiралася ўжо да нас дзённае сьвятло. Дуся адчынiўшы дзьверы, зiрнула на бакi - цi няма каго. Я магу выходзiць. Цалуе, i я бягу праз агарод, на рэчку, дахаты. Увечары я буду зноў у Дусi.

Прыйшоўшы ад Дусi, я лёг спаць у сенцах. Прачнуўся позна, калi бацькi былi ўжо пайшоўшы на працу. У хаце заставалася толькi сястра, каб сказаць мне, што незнаёмы чалавек заходзiў учора да нас яшчэ раз. Я папрасiў сястру перадаць мне як найбольш дакладна ўсё, што гаварыў незнаёмы чалавек - чаго ён хацеў, хто ён, як ён выглядае. Сястра i пачала:

'Мы доўга чакалi цябе, не садзiлiся вячэраць, думалi - прыйдзеш. А цябе ўсё ня было. Мы й падумалi, што ты ня хочаш бачыцца з iм. Не дачакаўшыся цябе, селi вячэраць, а ён - на парог! I адразу: дзе ты? Бачыць, што цябе няма, пачаў насядаць на нас: вы сказалi яму, што я хачу пабачыцца з iм, што ў мяне ёсьць да яго справа? Вы сказалi яму ўсё гэта? Сказалi, што я прыйду ўвечары, во цяпер, значыцца? Бацька сьпярша ня ведаў, што яму адказаць. Сказаць, што мы сказалi гэта было-б нядобра для цябе: выглядала-б, што ня хочаш з iм бачыцца. Сказаць, што нiчога пра гэта мы табе не гаварылi - нам было-б нядобра. I бацька, замест, каб адказаць яму на ягонае пытаньне, узяў дый сам у яго спытаўся: а якая ў вас справа да яго? Незнаёмец раззлаваўся i зноў пачаў пытацца: дзе ты, прасiў нас знайсьцi цябе, сказаць, каб ты не хаваўся. А бацька на гэта яму - ты не хаваешся, нашто? Сказаў толькi, што ты пайшоў гуляць i недзе забавiўся. Незнаёмец не паверыў бацьку: 'Ты мне ня хiтры, сказаў. - Бачу цябе наскрозь. А свайму сыну перадай: мы хочам бачыць яго, гаварыць з iм i што для яго няма нiякай апаснасьцi. Калi-ж ён падвядзе нас i яшчэ раз, пусьць на сябе пiняець. Буду ў вас зноў заўтра. Увечары'. Сказаў i выйшаў, стукнуўшы дзьвярыма. Вось, братка ты мой, i чакай вечару. Гэта-ж сёньня ўжо. I што дзелаць? Бацька ня верыць яму, кажа, што яны хочуць згубiць цябе. Як так можа быць, казаў, у турму пасадзiлi, а цяпер ты iм спатрэбiўся. Маняць! Я пайду цяпер мацi дапамагаць лён палоць, а ты заставайся, братка, у хаце - думай, што рабiць, як з гэтага дзела вычапiцца. Наставiў ты многа людзей процi нас сваёю дзяльбою. Во йду палоць лён, а людзi будуць праходзiць мiма i скоса глядзець на нас: 'Каму як, а сабе нябось выразаў дзе найлепш'. Зайздросьцяць, што ў нас лён удаўся, зацьвiў усiма колерамi на дзялянцы, дзеля якой, ты ведаеш, спор быў - каму яе аддаць? Бацька падбiў цябе, каб гэтая дзялянка нам засталася. I ты так зрабiў. А трэба было аддаць яе каму iншаму. Ня было-б злабы. Жалаба на цябе пайшла i ў лес - даносяць i туды. Дык во й прыходзяць цяпер з лесу. Я думаю, што чалавек, што быў у нас i прыйдзе сёньня яшчэ - з лесу. Цяпер - ты пытаўся, як ён выглядае. Ды малады яшчэ. Крэпкi. Прысадзiсты. У штацкiм. Зброi ў яго ня прыкмецiла. Ды па ўсiм вiдаць - ваенны. Вось усё, братка, што я магу сказаць пра незнакомца. Думай цяпер сам, што рабiць - цi сядзець табе цяпер у хаце i чакаць незнаёмца, цi не паяўляцца. А калi не паяўляцца, дык дзе дзецца.

Сястра пайшла на працу i я застаўся ў хаце адзiн. Застаўшыся сам-на-сам, я вярнуўся да сябе самога - хто я? што я? У турме, на этапах, у Сiбiры, на Калыме - усюды я быў 'я'. Я быў сьвядомым сябе, сваiх пакутаў. Яны ўзвышалi мяне, дадавалi мне моцы пераадольваць гэтыя пакуты. Яны гартавалi мой дух. У душы я нават быў горды за свае пакуты. Я ўсьведамляў адкуль яны былi пасланыя мне. Я ведаў, што пакутваю ня толькi я, а й цэлыя мiльёны. Усьведамленьне далучанасьцi да пакутаў iншых дадавала мне мужнасьцi. Свае пакуты ты ня лiчыў дарэмнымi, яны будзiлi ў табе надзею, што калi-небудзь яны дадуць свой плён. Якi - гэта было для мяне туманна, але дзесьцi, у падсьведамасьцi, ты цешыў сябе, што й ты належыш да той катэгорыi пакутнiкаў, да тых людзей, што нясуць свой крыж, спаўняюць сваю мiсiю, у прыватнасьцi - пясьнярскую. Ты рыхтаваў сябе да нейкай будычынi, што - ты моцна верыў - усё-ж некалi наступiць. Мiльёны такiх як ты, што iдуць разам з табою пад канвоем, што дзяўбуць, як i ты, скалу, што мёрзнуць i галадаюць, што, сiгануўшы ўначы з сваiх верхнiх нараў, павiсаюць на вяроўчыне, iмi самiмi зьвiтай - мiльёны такiх людзей, думаў я, не загiнуць дарэмна, падрыхтуюць iншае заўтра. У душы тлеў, ня сьцiхаў боль за бацькоў, што пакутваюць ня менш, а можа яшчэ й больш, чымся я. Туга па iх, нейкая вiна перад iмi, былi другой, асобнай пакутай майго пакутнiцтва. Думаў, калi вярнуся - вярнуся iншым чалавекам, дасьведчаным, мудрым, здольным жыць па- новаму. А прыйшоў - дзе дзеўся гэты чалавек? Ён той самы, якi й быў - падуладны свайму хаценьню. Застаўшыся ў хаце сам-на-сам, думаю пра пасланца. Вырашыў не чакаць незнаёмца. Чым-бы ён мяне нi заманьваў, як-бы нi пагражаў, я не хачу бачыць яго. Не для таго я пакутваў, каб сустракацца твар у твар з чалавекам, што можа дапытваў мяне, гнаў мяне пад канвоем, чынiў мне пакуты. У мяне iншае на ўме. Я хачу акунуцца ў маё прыватнае, якога ў мяне ня было дасюль. Я чакаю вечару, я чакаю начы, калi ў ейных лагодных, суцяшальных абдымках я знайду сабе забыцьцё ад маiх пакутаў.

Бацькi й сястра на абед ня прыйдуць. Яны працуюць на самых аддаленых нашых дзялянках, за тры вярсты ад хаты, i каб ня бiць ног, магчы адпачыць на месцы працы, узялi з сабою полудзень. Мне прыкра, што не пайшоў на працу, сяджу ў хаце, што я ўсё-ткi ўгоднiк. Прыгадаўся брат, якога, прыйшоўшы дамоў, я не застаў i якi невядома дзе цяпер - на вайне? Жыў цi ўжо няма на белым сьвеце? Бацькi сказалi мне - пакiнуў хату, пайшоў i не падаў аб сабе нiякай весткi. Забалела сэрца па iм. Гэты боль хацеў выказаць у вершы, але далей радка 'Адзавiся мне, родны мой брат' не пайшло: занадта гэта тэма квялiла мяне, была занадта датклiвай, горкай. Колькi я нi хадзiў па хаце, шукаючы патрэбных словаў, не знаходзiў iх, i, стомлены гэтымi пошукамi, абясьсiлены, пакiнуў свае патугi. Спрабаваў чытаць, але й на чытаньнi ня мог засяродзiць свае ўвагi - лезла нешта iншае. Сяджу, з хаты нiкуды ня выходжу, не хачу нiкому паказвацца на вочы. Адчуваньне такое, быццам я абложаны ў сваёй роднай хаце. Калi гляджу ў вакно, што на вулiцу, бачу Пiлiпаву хату, цiхую, як-бы стоеную ў сваiм нейкiм чаканьнi. У думках, у сваiм адчуваньнi я ўжо там. Цi яна цяпер у хаце? Мусiць, не. Пэўна, цяпер з мацi на полi. Чакае яна начы, як i я?

У выгнаньнi, побач беларускiх, я, бывала, складаў у памяцi i вершы парасейску, асаблiва, калi нехта прасiў мяне аб гэтым. Маўляў, пабеларуску ня так зразумела. Бяруся за алавiк i сьхiляюся над паперай. Зрадзiлiся хутка i лёгка радкi:

Она мне нравится. Она

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату