неслышно входит в мою душу.
Желаний и огня полна,
она меня и мучает и сушит.
И жмется сладко в тишине,
как бы боясь попасть другому.
Я рад. Я твой. Иди ко мне
доступен я всему земному.
Але радкi гэтыя здалiся мне надуманымi, сухiмi i штучнымi. Гэта ня тое пачуцьцё, якое ў мяне цяпер. У сваёй уяве бачу Дусю больш спакусьлiвую, ня выдуманую, а рэальную, даступную мне. Гэтая рэальнасьць завалодала мной цалкам.
Пастух ужо гонiць з поля кароў, i мацi прыйшла з поля першай, загнаць i падаiць карову. Сонца ўжо зайшло i наступаюць сутункi. Я гавару мацi, што мушу ўжо куды-небудзь пайсьцi - баюся, каб мяне не застаў незнаёмец. Вырашыў, гавару мацi, не паказвацца яму. Мацi толькi: 'Як-жа ты пойдзеш ня еўшы?' Пра гэта, мацi, ня турбуйся, гавару. Вось што вам сказаць, як прыйдзе ён? Скажаце яму, што яшчэ не гатовы я да такой сустрэчы. Або, мама, i яшчэ больш ясна скажэце яму, што я не хачу бачыць яго. Што-ж тут хавацца. Я не хачу, каб ён чапляўся да вас. Я хачу ўзяць усё на сябе. Каб вы былi тут нi пры чым.
Выйшаў з хаты, перайшоў вулiцу. Ад вулiцы адразу-ж пачынаецца спад на рэчку i я ня йду, а проста качуся ўнiз, каб мяне нiхто ня прыкмецiў. Я ўжо на рэчцы, сярод утульных хмызьнякоў. Чакаю, пакуль пацямнее больш. Дый Дуся пэўна яшчэ вячэрае. Не гатова. Але мяне бярэ нясьцерп. Пераходжу па кладцы рэчку. Узыходжу на ўзлобак - Дусiн агарод. Станаўлюся пад яблыняй, што спусьцiла свае абцяжаныя галiны амаль да самае зямлi. Адсюль я пабачу, як Дуся будзе выходзiць з хаты ў клець. А калi i не пабачу, дык пачую, як яна стукне дзьвярыма, зачыняючы iх за сабою. Я буду ведаць, што яна ў клецi. Ужо, як мае быць, сьцямнела. Ужо час Дусi выходзiць. I вось - у iхнай хаце адчыняюцца дзьверы. Дуся? Не. Чую гаворку Хiмы: 'Запазьнiлася падаiць цябе, мая ты кароўка. Нацерпiлася, бедная'. У даёнку цыркнулi першыя струмкi малака. Хiма канчае даiць. Заганяе карову ў хлеў. Гаворыць: 'Ну цяпер табе, мая красулька, лягчэй. Iдзi спачываць'. Бразнула клямка. Цяпер ужо напэўна Дуся. Так i ёсьць. Хiма да яе: 'Выпiла-б кубачак малака нанач?' 'Ня хочу, мама', - гаворыць Дуся i чую, як яна ўваходзiць у клець. Шчакаў якую хвiлiну i, упэўнiўшыся, што Хiмы ўжо няма на двары, з затоеным дыханьнем, падыходжу да клецi. Стукаю цiха-цiха. Дуся, ня пытаючыся хто, адчыняе мне дзьверы, але на маё зьдзiўленьне адразу-ж адскочыла ад мяне. Пачуў, як яна бухнула ў свой ложак. Падыходжу да ложку ў кутку. Дуся сядзiць, прыцiснуўшыся да сьцяны. Хачу яе абняць. Прытулiць. Але яна не даецца, размахвае рукамi: 'Iдзi да Манькi. У яе падушкi мякчэйшыя'. I яшчэ больш цiсьнецца да сьценкi, баронячыся ад мяне. Я ў сполаху. Я ня ведаю, што сказаць. Я папаўся. Я мушу ратаваць i сябе, i яе. Кiдаюся да яе. З усёй пяшчотай ўтуляю яе на сваiх грудзёх. Цалую. Шапчу: 'Мне так добра з табой. Я люблю цябе. Я нiкуды не хачу iсьцi ад цябе. Ты навекi мая'.
I Дуся мiрыцца. Я апыняюся ў ейных руках. Спазнаю дасюль неспазнанае вялiкую пяшчоту, забыцьцё, слодыч неiснаваньня. Нам не хапае начы. Калi падкраўся дзень, мы й ня прыкмецiлi. За намi - спапялёная ноч. Сонечная ранiца грае ўсёй сваёй прыгажосьцяй. Пасьля начы мы - як новыя людзi. Глядзiм адзiн на аднаго. Усьмiхаемся. Бегчы дахаты мне позна. Дуся просiць пайсьцi з ёю да яе. I я пагаджаюся. Але баюся пераступiць парог ейнай хаты: як паглядзяць на нас. А Дуся хоць-бы што - не саромiцца.
Ейная мацi сустракае нас з усёю ветлiвасьцяй i пашанай да мяне. Хiмы я ўжо не баюся - ня першы-ж раз я ў iхнай хаце. Баюся Пiлiпа. Добра, што яго яшчэ няма цяпер у хаце - пайшоў у поле па каня. Трэба-ж брацца за працу. Дуся дае мне вышыты ёю ручнiк - умывацца. Ейная мацi б'е на патэльню яйкi. Дуся засьцiлае стол. Яешня гатова. Хлеб i малако на стале. Садзiмся сьнедаць. Толькi пачалi - уваходзiць Пiлiп. Зiрнуў на нас за сталом. Ад сораму лепш-бы правалiўся. Ён маўчыць. Пачынае закурваць.
- Ежце-ж. Ежце-ж, дзеткi, - гаворыць Хiма. - А ты, стары, што хацеў-бы? Я табе згатую куляшу. - Сьмяецца: - Яешня-ж толькi зяцям. Прывiтаўся-б хоць з дзецьмi.
Кулеш на стале. Пiлiп садзiцца побач мяне. Сiляе лыжкай кулеш. Студзiць. Дуся пытаецца, цi ён пойдзе касiць. Яна-б разьбiвала ўсьлед за iм пракосы.
- Як 'зяць' пойдзе са мною з касой.
Дуся глядзiць на мяне. Сьмяецца.
- Зяцьку-ж нашаму трэба дахаты бегчы. Ён-жа яшчэ ня зяць.
- Ды я толькi гавару так. Няхай бяжыць. Ня прывязваем яго тут.
Зiрнуў на мяне, а я i не ўлавiў - як: спагадлiва цi з дакорам. Ён-жа ведае пра ўсё. I сядзець, не саромячыся, з iм разам за сталом немагчыма. Пiлiп прыкмячае маю нязручнасьць i загаворвае пра другое:
- Партызаны разгульваюць. Немца не баяцца. Сустрэў во Мельнiчыху. Гаворыць - у Паповай Гарэ днямi палiцая з жонкаю расстралялi, а iхнае дзiця, грудное яшчэ, разадралi на дзьве палавiнкi. Прыбiлi гэтыя палавiнкi на вуглох яго хаты, каб ета ўсiм было вiдна.
- Ну што ты пужаеш дзяцей. Нашто ета? К чаму? У цябе няма пра што гаварыць? Гаворыш абы што, - прыбiраючы стол, суцяшае нас Хiма. Ты, Масеевiч, бяжы ўжо. Радзiцелi будуць беспакоiцца. А мы з Дусяй пойдзем сена сушыць, балазе пагода ўдалася.
У сенцах Дуся, абняўшы, гаворыць цiхенька, на самае вуха: 'Глядзi-ж, увечары не заблудзi мне да Манькi'.
У сваёй хаце я ўжо нiкога не застаў - нi бацькоў, нi сястры: пайшлi на працу. А я? Што раблю я? Куды я йду? Куды прыйду? У хаце ўсё прыбрана, чыста, пазалочана ранiшнiм сонцам, i ад гэтай упарадкаванасьцi мне яшчэ болей не па сабе, гэта мне як нейкi дакор, напамiнак i няўхвала. А пакiнутае для мяне на стале сьнеданьне кранула да глыбiнi. Гэта мацi. Гэта яна. Гэта ейны смутак i клопат па мне. Не магу прыняцца за сьнеданьне, не магу дакрануцца да яго.
Пайду пагляджу на двор, якiя прылады яны ўзялi з сабою, куды, на якую працу пайшлi. Грабляў i бацькавай касы няма. Значыцца, пайшлi на сенажаць. Засталася вiсець толькi мая каса. Я зьнiмаю яе, бяру брусок, трапышку, iду дапамагаць бацьку касiць. Я ведаю, на якой нашай дзялянцы яны мусяць быць. Дапамагу мацi i сястры зграбаць сена, вяршыць копы. Паабапал дарогi, якой я iду, працуюць на сваiх дзялянках жанчыны з дзецьмi, узьнiмаюцца, дзiвяцца касцу, што йдзе на працу такой позьняй парой.
Я падыходжу да сваёй дзялянкi, але ня бачу, каб бацька на ёй касiў. Разглядаюся, бачу - у канцы дзялянкi, пад разложыстым вязам, сядзяць бацькi i сястра - напрацавалiся ўжо i селi адпачыць у халадку. Побач блiшчыць на сонцы ўткнутая касьсём у зямлю бацькава каса. На воддалi вiднеюцца граблi. Пракосы раськiнутыя - сушацца. Угледзелi мяне. Ад сораму я невядома дзе дзеўся-б. Моўчкi ўтыкаю сваю касу каля бацькавай. Не магу пачаць гаворкi. Муляюся. Адчуваю сябе, як на якiм судзе. Бацькi таксама нiчога не гавораць. Выручае сястра:
- Не журыся, братуха. Сядай. Ты пайшоў з хаты i столькi бяды, а якавота нам. Дзела дрэннае. Прычапiлiся яны да цябе. Узьелiся. Учора быў-бы ты ў iх руках, каб не забавiўся. У засадцы сядзелi, цябе чакалi. Думалi, прыйдзеш-жа. А ты, як знаў, не сьпяшаўся дамоў.
- Ды ты, калi ўжо ўзялася, раскажы ўсё па парадку, - незадаволеным тонам прамовiў бацька. Хацеў нешта яшчэ сказаць, але ўстрымаўся, дастаў з-за пояса кiсет, пачаў скручваць папяроску. Мацi запыталася, цi я еў сьнеданьне.
- Знаеш, - пачала сястра, - было ўжо позна i мы думалi, што нiхто й ня прыйдзе да нас, аж тут не адзiн, а трое ўвалiлася ў хату. I ты ведаеш, хто з iмi быў? Мiкола Бугроў. Наш тут павадыр. Зацяты камсамолец. Ён адразу-ж: 'Мiколы няма? Хаваецца? Ня хоча нас бачыць? Але не схаваецца. Знойдзем!' Сказаў i замоўк. Тады пачаў той, што ўжо быў у нас: 'Сватаць больш ня будзем. Сватаньне скончылася'. I да мяне: 'А ну зьбiрайся! Жыва! Паглядзiм, наколькi ты дорага свайму брацiку'. Штурхае мяне да выхаду. Я ў плач. А тут бацька: 'Бярэце мяне! Я гатоў. А дачкi, прашу, не чапайце! Трэба я вам?' Тут уступiўся трэйцi, што з iмi быў. Я так думаю - з тых лейтэнантаў, што былi ў нас на акопах. Вiдаць, глаўны ў iх. 'Оставь ее!' - сказаў. Пачаў гаварыць да бацькi: 'Ни ты, ни твоя дочь нам не нужны. Нам нужен был, повторяю - был нужен ваш сын. Но, видно, он пошел не туда. Всякий разговор с ним прекращается. Запомните это!' I выйшлi з хаты. Я кiнулася была да вакна - куды яны пойдуць, а яны - як расталi, цi скрозь зямлю правалiлiся. Бацька хацеў выйсьцi на двор, паглядзець, цi не затаiлiся дзе, ды мацi ня пусьцiла бацьку. Знаеш, як гэта ўсё ўстрывожыла, напужала нас. Мы ўсю ноч ня спалi. На ранку мацi выйшла на двор за нейкай патрэбай, а тыя - прост перад ейным носам - як з-пад зямлi паказваюцца. I хоць-бы што. Пералезьлi праз нашае прасла, нiчога не сказаўшы, пайшлi агародамi. Iх было толькi двое. Трэцяга ня вiдаць было. Гэта-ж яны хацелi цябе падпiльнаваць.
Я маўчу. Слухаю сястру.
- Ну й што цяпер дзелаць? - зьвяртаецца як-бы да мяне бацька. - Яны не дадуць жыць. Хоць выбiрайся