вушы. Мне пашанцавала. Патрыцыя Хольман была дома.
- Вы даўно вярнулiся са сваёй таямнiчай нарады? - спытаў я.
- Амаль гадзiну назад.
- Шкада. Каб я ведаў...
Яна засмяялася.
- Не, нiчога не выйшла б. Я ляжу ў пасцелi, у мяне зноў паднялася тэмпература. Вельмi добра, што я ў час прыйшла дахаты.
- Тэмпература? Што гэта за тэмпература?
- А, нiчога страшнага. А што вы рабiлi сёння?
- Абмяркоўваў з гаспадыняй мiжнароднае становiшча. А вы? Уладкавалi свае справы?
- Здаецца, усё ў парадку.
Пад маiм покрывам стала горача, як у тропiках. Таму, як толькi пачынала гаварыць дзяўчына, я рабiў вентыляцыю, паспешлiва ўдыхаў свежае паветра i зноў накрываўся, калi трэба было гаварыць самому.
- У вас няма знаёмага, якога завуць Роберт? - спытаў я.
Яна засмяялася.
- Здаецца, няма.
- Шкада. Мне вельмi хацелася б пачуць, як вы вымаўляеце гэтае iмя. А можа, усё ж такi паспрабуеце?
Яна зноў засмяялася.
- Так проста, для смеху, - сказаў я. - Напрыклад: Роберт - асёл.
- Роберт - малое дзiця...
- У вас выдатнае вымаўленне, - сказаў я. - А цяпер паспрабуем: Робi. Давайце: Робi...
- Робi - п'янiца... - вымавiў далёкi голас павольна. - А цяпер мне трэба спаць. Я прыняла снатворнае, галава ўжо гудзiць.
- Добра, дабранач, спакойнага сну.
Я паклаў слухаўку i скiнуў палiто i коўдру. Потым я ўстаў на ногi i аслупянеў. На крок ад мяне за спiной, як прывiд, стаяў пенсiянер-скарбнiк, якi жыў у пакоi каля кухнi. Я нешта злосна прамармытаў.
- Тсс! - зашыпеў ён i выскалiўся.
- Тсс! - зрабiў я ў адказ, узычыўшы яму пекла.
Ён узняў палец.
- Я не выдам... палiтыка, так?
- Што? - здзiвiўся я.
Ён падмiргнуў.
- Не бойцеся: я сам - крайне правы. Сакрэтная палiтычная размова, праўда?
Я зразумеў.
- Самая найпалiтычнейшая, - сказаў я i выскалiўся таксама.
Ён кiўнуў i прашаптаў:
- Няхай жыве Яго Вялiкасць!
- Ура! Ура! Ура! - адказаў я. - А цяпер iншае пытанне: вы ведаеце, хто вынаходнiк тэлефона?
Ён у здзiўленнi пахiтаў лысым чэрапам.
- I я не ведаю, - сказаў я. - Але гэта быў, напэўна, цудоўны хлопец...
IX
Нядзеля. Дзень гонак. Апошнi тыдзень Кёстэр трэнiраваўся кожны дзень. Вечарамi мы да позняй ночы правяралi i змазвалi 'Карла' да апошняга вiнцiка, прывялi яго ў парадак. Цяпер мы сядзелi каля склада запасных частак i чакалi Кёстэра, якi пайшоў на месца старту.
Сабралiся ўсе: Граў, Валянцiн, Ленц, Патрыцыя Хольман, а перш за ўсiх Юп у камбiнезоне i ў гоначным шлеме з акулярамi. Ён ехаў з Кёстэрам асiстэнтам, бо быў найлягчэйшы. Праўда, Ленц сумняваўся. Ён сцвярджаў, што Юпавы вялiзныя вушы, якiя стаялi тарчаком, будуць рабiць занадта вялiкае супрацiўленне, таму адно з двух: або машына страцiць дваццаць кiламетраў хуткасцi, альбо яна ператворыцца ў самалёт.
- Дарэчы, як вы атрымалi ангельскае iмя? - спытаў Готфрыд у Патрыцыi Хольман, якая сядзела побач з iм.
- Мая мацi была ангелька. Яе звалi, як i мяне, - Пат.
- А-а, Пат, гэта зусiм iншая справа. Гэта вымаўляецца куды лягчэй.
Ён прынёс шклянку i бутэльку.
- Ну, тады за добрую дружбу, Пат. Мяне завуць Готфрыд.
Я ўтаропiўся на яго. У той час, калi я ўсё яшчэ пакутаваў, не ведаючы, як да яе звяртацца, ён бесцырымонна вырашыў гэтую задачу тут, сярод белага дня. I яна засмяялася i сапраўды пачала называць яго Готфрыдам.
Але гэта яшчэ нiчога ў параўнаннi з паводзiнамi Граў. Ён быццам зусiм з'ехаў з глузду i не адрываў ад яе вачэй. Ён грымотна дэкламаваў ёй вершы, а потым заявiў, што павiнен намаляваць яе. I сапраўды, ён прысеў на скрынку i пачаў маляваць.
- Слухай, Фердынанд, старое пудзiла, - сказаў я i забраў у яго блакнот. Не траць свой талент на жывых. Малюй нябожчыкаў. I больш размаўляй на агульныя тэмы. Я за дзяўчыну перажываю.
- Вы прап'яце потым са мной рэшткi багатай цёткi майго гаспадара?
- Наконт усiх рэшткаў - не ведаю. Але нагу - абавязкова.
- Добра. Тады я цябе пашкадую, хлопчык.
Ляск матораў, нiбы кулямётная стралянiна, разнёсся ўздоўж шашы. Пахла паленым маслам, бензiнам i рыцынай. Цудоўны ўзбуджальны пах, цудоўны ўзбуджальны вiхор матораў! Побач, у добра абсталяваных боксах, шумелi механiкi. Мы былi аснашчаны даволi сцiпла. Такiя-сякiя iнструменты, свечы запальвання, два колы з запаснымi кiхамi, якiя мы задарма атрымалi ад нейкай фабрыкi, некалькi дробных запасных частак - вось i ўсё. Завод не фiнансаваў Кёстэра. Мы мусiлi ўсё аплачваць самi. Таму i мелi не шмат.
Прыйшоў Ота, за iм Браўмюлер, ужо апрануты для гонкi.
- Ну, Ота, - сказаў ён, - калi сёння мае свечы вытрымаюць, ты прапаў. Але яны не вытрымаюць.
- Паглядзiм, - адказаў Кёстэр.
Браўмюлер пагразiў 'Карлу'.
- Сцеражыся майго 'Шчаўкунчыка'!
'Шчаўкунчыкам' Браўмюлер называў сваю новую, вельмi цяжкую машыну. Яна лiчылася фаварытам.
- 'Карл' уставiць табе ногi, Тэа! - крыкнуў яму Ленц. Браўмюлер хацеў адказаць на салдацкай мове гонару, але прыкусiў язык, калi заўважыў памiж нас Патрыцыю Хольман. Ён вылупiў вочы, няёмка ўсмiхнуўся няведама чаму i падаўся прэч.
- Поўны поспех, - з задавальненнем сказаў Ленц.
Над шашой разнёсся брэх матораў. Кёстэру пара было рыхтавацца. 'Карл' быў заяўлены ў класе спартовых машын.
- Шмат мы табе не дапаможам, Ота, - сказаў я i паглядзеў на iнструменты.
Ён адмахнуўся.
- I не трэба. Калi 'Карл' паламаецца, тады не дапаможа нават цэлая майстэрня.
- Цi выставiць табе шыльды, каб ты бачыў, як iдзеш?
Кёстэр пахiтаў галавой.
- Старт будзе агульны. Сам убачу. Ды i Юп будзе сачыць.
Юп старанна закiваў галавой. Ад хвалявання яго бiла лiхаманка. Ён бесперапынна жаваў шакалад. Але гэта пакуль што. Як толькi прагучыць стрэл на старт, ён зробiцца спакойны, як чарапаха.
- Што ж, наперад, з богам!
Мы выпiхнулi 'Карла'.
- Толькi не затрымайся на старце, любая мая здыхляцiна, - сказаў Ленц, гладзячы радыятар. - Не расчаруй свайго старога тату, 'Карл'!
'Карл' сарваўся з месца. Мы глядзелi яму ўслед.
- Зiрнi на смешную ламачыну, - раптам сказаў нехта побач з намi. - Ззаду цюцелька ў цюцельку страўс.