- У мяне ёсць чалавек, - працягваў я, - плацiць наяўнымi з рук у рукi.
- Наяўнымi... - паўтарыў Блюменталь, хвiлiнку падумаўшы, - сёння гэта слова гучыць як высокая паэзiя.
- I я так думаю, - сказаў я i раптам павесялеў. - Дык як, абмяркуем гэтую справу?
- Абмеркаваць заўсёды можна, - адказаў Блюменталь.
- Цудоўна. Калi я магу бачыць вас?
- Сёння аполуднi ў мяне будзе час. Скажам, у дзве гадзiны тут, у канторы.
- Добра.
Я павесiў слухаўку.
- Ота, - усхвалявана звярнуўся я да Кёстэра, - нiколi не падумаў бы, але, здаецца, 'кадзiлак' вяртаецца да нас.
Кёстэр адарваўся ад папер.
- Праўда? Ён згодны прадаць?
Я кiўнуў i глянуў праз акно туды, дзе Ленц нешта энергiчна даводзiў булачнiку.
- Ён сапсуе справу, - сказаў я заклапочана. - Ён замнога гаворыць. Булачнiк вельмi недаверлiвы. Яго трэба пераконваць маўчаннем. Я пайду змяню Готфрыда.
Кёстэр засмяяўся.
- З богам, Робi.
Я падмiргнуў яму i выйшаў. Але я не паверыў сваiм вушам: Готфрыд i не думаў загадзя ўслаўляць 'кадзiлак' - ён з вялiкай стараннасцю тлумачыў булачнiку, як iндзейцы ў Паўднёвай Амерыцы пякуць кукурузны хлеб. Я пахвальна зiрнуў на яго i звярнуўся да булачнiка:
- На жаль, той чалавек не хоча прадаваць.
- Я так i думаў, - падхапiў Ленц, быццам мы згаварылiся.
Я пацiснуў плячыма.
- Шкада... але i яго можна зразумець...
Булачнiк стаяў у нерашучасцi. Я зiрнуў на Ленца.
- Можа, ты зробiш яшчэ адну спробу? - адразу спытаў ён.
- Абавязкова! - адказаў я. - Мне ўдалося дамовiцца з iм на сустрэчу днём. Як з вамi потым звязацца? - спытаў я булачнiка.
- У чатыры я тут буду недалёка. Тады заскочу...
- Добра... тады я ўжо буду ведаць дакладна. Спадзяюся, што нам пашанцуе.
Булачнiк кiўнуў. Потым ён сеў у 'форд' i даў газу.
- Ты зусiм з глузду з'ехаў, - узарваўся Ленц, калi той выехаў. - Спачатку я з усiх сiл утрымлiваю хлапца, а ты яго адпускаеш як нiчога нiякага...
- Логiка i псiхалогiя, мой мiлы Готфрыд! - адказаў я i паляпаў яго па плячы. - Ты ў гэтым яшчэ не разбiраешся так...
Ён адкiнуў маю руку.
- Псiхалогiя... - прамовiў ён з пагардай. - Найлепшая псiхалогiя - удалы выпадак! А ён быў! Тып цяпер павек не вернецца!
- У чатыры ён будзе тут.
Готфрыд зiрнуў на мяне з жалем.
- На заклад? - прапанаваў ён.
- З радасцю, - згадзiўся я. - Але ты прайграеш. Я гэтага чалавека ведаю лепей, чым ты. Ён з першага разу не клюе. Акрамя таго, я ж не магу прадаць яму тое, чаго ў нас самiх яшчэ няма...
- Ах ты, божа мой, калi толькi ў гэтым справа, - сказаў Готфрыд, трасучы галавою, - тады з цябе не будзе толку, дзiця! Толькi так справы i робяцца! Хадзем, я прачытаю табе кароткi курс па сучаснай камерцыi...
Удзень я пайшоў да Блюменталя. Па дарозе я адчуваў сябе маладзенькiм козлiкам, якi iдзе да старога ваўка. Сонца распалiла асфальт, i з кожным крокам мне ўсё менш хацелася, каб Блюменталь смажыў мяне, як шашлык. Трэба было правесцi аперацыю хутка.
- Пан Блюменталь, - паспешлiва сказаў я, як толькi ўвайшоў у кабiнет, перахоплiваючы ў яго iнiцыятыву, - такая прапанова... барыш сам у руку лезе. Вы заплацiлi за 'кадзiлак' 5 500 марак - я забiраю яго за шэсць, каб зноў збыць... Гэта павiнна вырашыцца да вечара...
Блюменталь сядзеў за пiсьмовым сталом, як на троне, i еў яблык. Ён перастаў есцi i кiнуў на мяне беглы позiрк.
- Добра, - прасоп ён i зноў пачаў есцi.
Я пачакаў, пакуль ён выкiне агрызак у кош для папер.
- Дык вы згодныя? - спытаў я.
- Хвiлiнку! - Ён дастаў з шуфляды стала яшчэ адзiн яблык.
- Хочаце?
- Дзякую, але цяпер - не...
Ён упiўся зубамi ў яго.
- Трэба есцi яблыкi, пан Локамп! Шмат! Яблыкi падоўжваюць жыццё. Кожны дзень па некалькi яблыкаў - i не патрэбны нiякiя дактары!
- А калi зламаю руку?
Ён ухмыльнуўся, выкiнуў другi агрызак i ўстаў.
- Вось менавiта тады вы i не зламаеце рукi.
- Гэта - практычна, - сказаў я i пачакаў, што будзе далей.
Размова наконт яблыкаў здалася мне падазронай.
Блюменталь дастаў з шафы карабок з цыгарамi, прапанаваў запалiць. Гэта была знаёмая ўжо 'Карона'.
- I яны падаўжаюць жыццё? - спытаў я.
- Не, гэтыя скарачаюць. Выходзiць тое на тое.
Ён выпусцiў воблака дыму i, нахiлiўшы галаву, паглядаў на мяне знiзу ўверх, як задумлiвая птушка.
- Тое на тое, пан Локамп. Заўсёды павiнна выходзiць тое на тое - вось вам таямнiца жыцця.
- Як атрымлiваецца...
Ён падмiргнуў.
- Так, уменне - таксама сакрэт. Мы ведаем шмат, а ўмеем - мала. Бо занадта шмат ведаем.
Ён засмяяўся.
- Прабачце... пасля яды я люблю пафiласофнiчаць.
- Самы час на фiласофiю, - сказаў я. - Дык з 'кадзiлакам'... выходзiць у нас тое на тое... праўда?
Ён падняў руку.
- Секунду...
Я апусцiў галаву, падпарадкоўваючыся. Блюменталь убачыў маю пакорлiвасць i засмяяўся.
- Не тое, што вы думаеце. Я хацеў вам спачатку зрабiць камплiмент. Атака з ходу, з адкрытымi картамi! Гэта было выдатна разлiчана, з веданнем старога Блюменталя. Ведаеце, чаго я чакаў?
- Што я пачну таргавацца з чатырох тысяч пяцiсот...
- Менавiта! Але тады вам дрэнна прыйшлося б. Вы хочаце прадаць за сем?
Я асцярожна пацiснуў плячыма.
- Чаму менавiта за сем?
- Бо гэта ж была ваша першая цана ў нас.
- У вас блiскучая памяць, - сказаў я.
- На лiчбы. Толькi на лiчбы. На жаль. Але закончым: можаце забраць машыну за цану, якую вы назвалi.
Мы ўдарылi па руках.
- Дзякуй богу, - сказаў я з палёгкай. - Першая здзелка за даволi працяглы час. 'Кадзiлак' прынёс нам удачу.
- I мне таксама, - сказаў Блюменталь. - Я ж таксама зарабiў на iм пяцьсот марак.
- I праўда. Але чаму, прызнайцеся, вы прадаяце яго так хутка? Не спадабаўся?
- Проста забабоны, - растлумачыў Блюменталь. - Я iду на любую здзелку, на якой магу зарабiць.