Яна ўзяла кубачак. Я глядзеў, як яна п'е.

- Чорт ведае, што сёння здарылася, Пат.

- I я ведаю, - адказала яна.

- Праўда? А я - не.

- I не трэба, Робi. Ты i так ведаеш зашмат. Таму i не можаш быць як след шчаслiвым.

- Магчыма, - сказаў я. - Але ж гэта нядобра, што з таго часу, як мы знаёмыя, я ўсё больш дурнею.

- Добра! Было б яшчэ горш, калi б ты ўвесь час разумнеў.

- Мудра, - сказаў я. - Ты па-майстэрску дапамагаеш выбрацца з тупiка. Але мне здаецца, што тут накапiлася шмат усяго...

Яна паставiла кубачак на стол. Я адлёгся на ложку. У мяне было адчуванне, быццам я вярнуўся дадому з далёкай цяжкай дарогi.

Заспявалi птушкi. Грукнулi нечыя дзверы, пайшла на працу фраў Бэндэр, сястра з дома дзiцяцi. Я глянуў на гадзiннiк. Праз паўгадзiны на кухнi з'явiцца Фрыда, тады нам непрыкметна не выбрацца адсюль. Пат яшчэ спала. Яна дыхала глыбока i роўна. Грэх было будзiць яе. Але трэба.

- Пат...

Яна, сонная, штось прамармытала.

- Пат... - я праклiнаў усе мэбляваныя пакоi свету. - Пат, пара. Табе трэба апранацца, я дапамагу.

Яна расплюшчыла вочы i засмяялася, яшчэ сонная, як дзiця.

Я, прачнуўшыся, нiколi не бываў вясёлы.

- Пат... фраў Залеўскi ўжо чысцiць зубы.

- Я сёння застануся ў цябе...

- Тут?

- Тут.

Я ўстаў.

- Блiскучая iдэя... але твае рэчы... вячэрняя сукенка i туфлi...

- Вось я i застануся да вечара.

- А дома?

- Што ж, патэлефануем, што я дзе-небудзь заначавала.

- Так i зробiм. Есцi хочаш?

- Пакуль што не.

- На ўсякi выпадак я сцiбру некалькi свежых булачак. Падносчык падвесiў кошык каля дзвярэй. Пайду, пакуль не позна.

Калi я вярнуўся, Пат стаяла каля акна. Яна была абута ў серабрыстыя туфелькi. Мяккае ранiшняе святло, як фата, накрывала ёй плечы.

- Забудзем, што было ўчора, добра, Пат?

Яна згодна кiўнула, не паварочваючы галавы.

- Мы проста больш не пойдзем у кампанiю. Сапраўднае каханне не трывае сведак. Тады ў нас не будзе сварак i прыпадкаў рэўнасцi. Няхай iх лiха забярэ - Броера i ўсiх астатнiх разам з iм. Праўда?

- Праўда, - сказала яна. - I тую Маркавiц таксама.

- Маркавiц? Пра каго ты гаворыш?

- А пра тую, з якой ты сядзеў у 'Каскадзе' ў бары.

- А-а, - сказаў я, раптам чамусьцi ўзрадаваны, - ты пра гэну...

Я пакорпаўся ў кiшэнях.

- Зiрнi на гэта. Хоць якая ды карысць ёсць ад учарашняга. Я выйграў у покер кучу грошай. Можна вечарам пайсцi куды-небудзь, га? Толькi без кампанii. Мы пра iх забылiся, праўда?

Яна кiўнула.

Сонца выходзiла з-за даху Дома прафсаюзаў. Шыбы загарэлiся. Валасы Пат напоўнiлiся святлом, сонца пазалацiла ёй плечы.

- Я забыўся, чым займаецца гэты Броер? Хто ён па прафесii?

- Архiтэктар.

- Архiтэктар, - сказаў я, крыху збянтэжаны. Куды прыемней было б пачуць, што ён нiхто... - Архiтэктар - невялiкая шышка, праўда, Пат?

- Праўда, дарагi.

- Нiчога асаблiвага, праўда?

- Абсалютна нiчога, - пераканана сказала яна, павярнулася да мяне i засмяялася. - Архiтэктар - гэта нiшто, нуль. Дрэнь!

- А гэта каморка... яна не вельмi ўбогая, га, Пат? У iншых, вядома, лепшыя...

- Яна шыкоўная, гэтая каморка, - перабiла мяне Пат. - Гэта цудоўная каморка, дальбог, я не бачыла лепшай, дарагi!

- А я, Пат, у мяне ёсць недахопы, я ўсяго толькi таксiст, але...

- Ты - мой каханы, аматар булачак i рому, ты мой дарагi.

Яна абхапiла мяне за шыю.

- Ах, дурненькi! Як цудоўна жыць на свеце!

- Толькi з табой, Пат! Шчыра!

Быў цудоўны праменны ранак. Унiзе над магiльнымi плiтамi плаваў празрысты туман. Кароны дрэваў ужо былi цалкам асветлены. Над комiнамi дамоў вiўся дым. Чулiся воклiчы першых разносчыкаў газет. Мы прылеглi падрамаць, гэта быў не сон i не ява, становiшча на мяжы летуцення. Мы абнялiся i плылi, дыханне наша злiлося ў адно. Потым, у дзевяць гадзiн я спачатку патэлефанаваў ад iмя тайнага саветнiка Буркгарда падпалкоўнiку Эгберту фон Хакэ асабiста, а потым Ленцу, каб ён выехаў ранiцай замест мяне.

- Ён адразу перабiў мяне:

- Не трэба, дзiцятка, твой Готфрыд недарма знаўца варыяцый людскога сэрца. Я сам здагадаўся. Поспехаў, золатка.

- Заткнiся! - радасна сказаў я i аб'явiў на кухнi, што я хворы i да полудня буду ў пасцелi. Тройчы мне давялося адбiваць клапатлiвыя атакi фраў Залеўскi, якая прапанавала рамонкавы настой, аспiрын i кампрэсы. Потым мне ўдалося кантрабандай правесцi Пат у ванну. Нарэшце нам быў дараваны спакой.

XIV

Праз тыдзень у нашым двары нечакана з'явiўся булачнiк на сваiм 'фордзе'.

- Выйдзi, Робi, - сказаў Ленц, з'едлiва гледзячы ў акно, - кухонны Казанова, вiдаць, з'явiўся з рэкламацыяй.

Булачнiк выглядаў крыху зморана.

- Нешта не ў парадку з машынай? - спытаў я.

Ён пахiтаў галавой.

- Наадварот. Бегае выдатна. Амаль як новая.

- Дык яна новая i ёсць, - пацвердзiў я i з цiкаўнасцю паглядзеў на яго.

- Справа ў тым... - сказаў ён. - Як вам сказаць... Я хачу купiць iншую машыну... большую. - Ён азiрнуўся па баках. - У вас, здаецца, быў 'кадзiлак'.

Я адразу ўцямiў, у чым справа. Чарнявая, з якой ён жыў, даканала яго.

- Так, быў 'кадзiлак', - летуценна сказаў я, - трэба было хутчэй браць яго тады! Цацачка! Сплыў за сем тысяч марак. Як задарма!

- Гм, задарма...

- Задарма! - паўтарыў я настойлiва, а сам думаў, што можна зрабiць.

- Я даведаюся, - сказаў я. - Магчыма, чалавеку, якi купiў яго, спатрэбiлiся грошы. Сёння такое - звычайная справа! Пачакайце хвiлiнку. - Я пайшоў у майстэрню i хутка расказаў пра ўсё. Готфрыд аж падскочыў.

- Хлопцы, дзе ж нам тэрмiнова дастаць стары 'кадзiлак'?

- Пакiнь гэта мне, - сказаў я. - Лепш прыгледзь, каб тым часам булачнiк не ўцёк.

- Згода! - Готфрыд знiк.

Я патэлефанаваў Блюменталю. Я не вельмi спадзяваўся, але ж за спрос не б'юць у нос. Ён быў у канторы.

- Цi не хочаце вы прадаць 'кадзiлак'? - спытаў я без хiтрыкаў.

Блюменталь засмяяўся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату