- Вядома. Я ж працаваў настаўнiкам танцаў. Ты забыўся?

- Забыўся... дай яму забыцца, - сказаў Фердынанд Граў. - Забыццё - тайна вечнай маладосцi. Чалавек старэе толькi праз памяць. Занадта мала забываецца.

- Не, - сказаў Ленц. - Забываецца толькi непатрэбнае.

- Ты можаш навучыць мяне?

- Танцаваць? За адзiн вечар, дзiця. I гэта ўся твая бяда?

- Няма ў мяне нiякай бяды, - сказаў я. - Галава балiць.

- Хвароба нашага часу, Робi, - сказаў Фердынанд. - Лепш за ўсё было б нараджацца без галавы.

Я зайшоў яшчэ ў кафе 'Iнтэрнацыяналь'. Алоiс якраз хацеў зачыняць аканiцы.

- Ёсць яшчэ хто-небудзь? - спытаў я.

- Роза.

- Пайшлi, вып'ем утраiх па адной.

- Згода.

Роза сядзела каля стойкi i вязала з воўны панчошкi дачцэ.

Яна паказала ўзор i сказала, што жакецiк ужо звязала.

- Як справы? - спытаў я.

- Дрэнна. У людзей няма грошай.

- Табе пазычыць? Вось... выйграў у покер.

- Дармавыя грошы - залог шчасця, - сказала Роза, плюнула на iх i забрала.

Алоiс прынёс тры чаркi. Потым яшчэ адну, Фрыцы, якая прыйшла неўзабаве.

- Канец, - сказаў ён. - Знямогся, як сабака.

Ён выключыў святло. Мы пайшлi. Роза развiталася каля дзвярэй. Фрыцы ўзяла Алоiса пад руку i пайшла побач з iм, лёгка i бадзёра. Ён шоргаў па бруку плоскiмi падэшвамi. Я застаўся адзiн, гледзячы iм услед. Я ўбачыў, як Фрыцы схiлiлася да бруднага крывога кельнера i пацалавала яго. Ён абыякава адпiхнуў яе.

I раптам - я не ведаю, як гэта атрымалася, - калi я павярнуўся i паглядзеў на пустую вулiцу, i на дамы з цёмнымi вокнамi, i на халоднае начное неба, мне ў сэрца ўдарыла такая шалёная туга па Пат, што я ледзь устаяў на нагах. Я больш нiчога не разумеў - нi самога сябе, нi сваiх паводзiн, нi ўсяго гэтага вечара, - нiчога.

Я прыхiлiўся да сцяны дома i ўтаропiўся перад сабой. Я не разумеў, навошта я ўсё гэта зрабiў. Я трапiў у нешта, што разрывала мяне на часткi, што рабiла мяне неразумным i несправядлiвым, што кiдала мяне туды-сюды i разбурыла мне ўсё тое, што з цяжкасцю парадкаваў. Я стаяў бездапаможна i не ведаў, што рабiць. Дадому мне не хацелася, там мне было б зусiм дрэнна. Нарэшце я прыпомнiў, што ў Альфонса павiнна быць яшчэ адчынена. Я пайшоў туды. Я хацеў перабыць там да ранiцы. Убачыўшы мяне, Альфонс нiчога не сказаў. Ён толькi зiрнуў i працягваў чытаць газету. Я сеў за столiк i паглыбiўся ў дрымоту. Больш нiкога не было. Я думаў пра Пат. Увесь час пра Пат. Я думаў пра тое, як я паводзiў сябе. Раптам мне прыпомнiлася кожная дробязь. Усё было супроць мяне. Вiнаваты быў я адзiн. Я звар'яцеў. Я ўтаропiўся ў стол. Кроў бiла мне ў скронi. Я адчайна злаваўся на самога сябе i не бачыў выйсця. Я, толькi я ўсё паламаў.

Раптам пачуўся трэск i звон. Я з усёй сiлы грукнуў шклянкай, якая разляцелася.

- Таксама забава, - сказаў Альфонс i ўстаў.

Ён дастаў асколкi з рукi.

- Я вельмi шкадую, - сказаў я. - Зрабiў не падумаўшы.

Ён прынёс вату i пластыр.

- Схадзi лепш у бардак, - сказаў ён. - Гэта дапаможа.

- Нiчога, - адказаў я. - Усё прайшло. Нейкi прыпадак шаленства.

- Шаленства трэба выганяць забавамi, а не злосцю, - вучыў мяне Альфонс.

- I то праўда, - сказаў я. - Але ж трэба ўмець.

- Трэнiруйся. Вам усiм хочацца прабiць сцяну галавой. Але з гадамi гэта пройдзе.

Ён паклаў на грамафон 'Злiтуйся' з 'Трубадура'. Пачало хутка свiтаць.

Я пайшоў дамоў. Перад адыходам Альфонс налiў мне вялiкую чарку 'Фэрнет-бранка'. Мне здалося, што цяпер у маiм чэрапе стукаюць мяккiя малаточкi. Вулiца стала няроўнай. Плечы налiлiся волавам. Нарэшце я дабраў.

Я паволi падняўся па лесвiцы i пачаў шукаць у кiшэнi ключ. Тут я пачуў у паўзмроку нечае дыханне. Нешта шэрае, невыразнае сядзела на верхняй прыступцы. Я зрабiў два крокi.

- Пат... - прамовiў я, разгубiўшыся. - Пат, што ты тут робiш?

Яна варухнулася.

- Мне здаецца, я задрамала...

- Але як ты трапiла сюды?

- У мяне ж ёсць твой ключ.

- Я не пра гэта. Я пра... - Хмель адступiў, я ўбачыў збiтыя прыступкi лесвiцы, аблезлую сцяну i срабрыстую сукенку, маленькiя блiскучыя туфелькi. Я пра тое, як ты ўвогуле аказалася тут...

- Вось пра гэта я пытаюся ў сябе ўвесь час...

Яна ўстала i пацягнулася, быццам гэта была самая натуральная справа ў свеце - сядзець усю ноч на лесвiцы.

Потым яна прынюхалася.

- Ленц сказаў бы: каньяк, ром, вiшнёўка, абсент.

- Нават 'Фернет-бранка', - прызнаўся я i толькi цяпер усё як след зразумеў.

- Д'ябал усё забяры, ты выдатная дзяўчына, Пат, а я - агiдны iдыёт!

Я падхапiў яе на рукi, адчынiў дзверы i панёс праз калiдор. Яна ляжала на маiх грудзях, серабрыстая чапля, змораны птах, я адвярнуў галаву ўбок, каб не дыхаць на яе перагарам, i адчуў, што яна дрыжыць, хоць на твары блукае ўсмешка.

Я пасадзiў яе ў крэсла, запалiў святло i прынёс коўдру.

- Каб я толькi здагадаўся, Пат... замест таго каб бадзяцца, сядзець у шынках, мне трэба было... варты жалю баран... я патэлефанаваў табе ад Альфонса, я свiстаў перад тваiм домам... Я падумаў, што ты не хочаш адклiкацца...

- А чаму ты не вярнуўся, калi мяне завезлi дадому?

- Вось гэта я хацеў бы ведаць сам...

- Будзе лепш, калi ты дасi мне ключ i ад кватэры, - сказала яна. - Тады мне не трэба будзе сядзець на лесвiцы.

Яна засмяялася, але вусны яе дрыжалi, i я раптам зразумеў, чаго ёй каштавала - вярнуцца, чакаць тут i гаварыць цяпер адважным бадзёрым голасам...

- Пат, - сказаў я хутка, цалкам заблытаны, - Пат, табе, напэўна, холадна, табе трэба выпiць, я бачыў знадворку, што ў Арлова гарыць святло, я схаджу да яго, у гэтых расейцаў заўсёды ёсць гарбата, я ў iмгненне вярнуся... - Я адчуў, што ўва мне ўздымаецца гарачая хваля. - Гэтага я да смерцi не забуду, - сказаў я ад дзвярэй i хутка пайшоў па калiдоры.

Арлоў яшчэ не спаў. Ён сядзеў перад абразом Багамацеры ў кутку пакоя. Перад абразом гарэла лампадка. Вочы яго пачырванелi. На стале кiпёў маленькi самавар.

- Прабачце, калi ласка, - сказаў я. - Непрадугледжанае здарэнне - цi не далi б вы мне кроплю гарачай гарбаты?

Расейцы прызвычаiлiся да непрадугледжаных здарэнняў. Ён даў мне дзве шклянкi, цукру, а на талерку паклаў пiражкоў.

- Вельмi рады быць вам карысным, - сказаў ён. - Дазвольце прапанаваць вам... сам бываў у падобных... некалькi зерняў кавы... пажаваць...

- Дзякую, - сказаў я. - Шчыра дзякую. Я ахвотна вазьму...

- Калi будзеце мець яшчэ якую патрэбу, - сказаў ён, i ў гэты момант я ўбачыў у iм сапраўды высакароднага чалавека, - я яшчэ не кладуся спаць. Буду рады...

Я яшчэ ў калiдоры разжаваў кафейныя зярняты. Яны адбiвалi пах спiртнога. Пат сядзела каля святла i пудрылася. Я на хвiлiнку спынiўся каля дзвярэй. Мяне вельмi кранула: вось яна сядзiць, уважлiва глядзiцца ў маленькае люстэрка i водзiць пушком па скронях.

- Выпi гарбаты, - сказаў я. - Гарачая.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату