яна iдзе ў сваёй срэбнай сукенцы, маладая i прыгожая, яркае полымя жыцця, я кахаў яе, i калi я гаварыў ёй: 'Iдзi да мяне!', яна прыходзiла, i нiчога нам не перашкаджала, i мы маглi быць у такой блiзкасцi, у якой могуць быць толькi людзi... I ўсё-такi часам усё неяк загадкава зацянялася i прыносiла пакуты. Я не мог вызвалiць яе з палону рэчаў, не мог вырваць з жыццёвага кола, якое было над намi i ў нас, навязваючы нам свае законы, сваё дыханне i свой тлен, сумнiцельны бляск сучаснасцi, якая ўвесь час абрынаецца ў нiкуды, ззяючыя iлюзii пачуцця, якое, уладарачы, зноў ператвараецца ў страту. I нiяк гэтага не стрымаць, нiколi! Не разарваць бразготлiвы ланцуг часу, не ператварыць няспыннасць у спакой, пошукi ў цiшыню, падзенне ў раўнавагу. Я не мог вырваць яе нават з выпадковасцi, з таго, што было раней, да нашага знаёмства, з тысяч думак, успамiнаў, з таго, што яе сфармавала, пакуль з'явiўся я, нават з гэтай кампанii я не мог вырваць яе.
Побач са мной ломкiм голасам гаварыла жанчына. Яна шукала спадарожнiка на адну ноч, кавалачак чужога жыцця, каб падсцёбнуць сябе, каб забыць сябе i занадта балючае разуменне таго, што нiчога не застаецца, нi я, нi ты i ўжо нi ў якiм разе - не мы. Цi не шукала яна, папраўдзе, тое самае, што i я? Спадарожнiка, каб забыць адзiноту жыцця, таварыша, каб выжыць у бязмэтнасцi iснавання?
- Хадзем, - сказаў я. - Вернемся да ўсiх. Гэта безнадзейна - тое, чаго хочацца вам... як i тое, чаго хочацца мне...
Яна зiрнула на мяне i, адкiнуўшы галаву, зарагатала.
Мы наведалi яшчэ некалькi рэстаранаў. Броер распалiўся, зрабiўся гаваркi, поўны надзеi. Пат прыцiхла. Яна нi пра што не пыталася ў мяне, не папракала, не спрабавала нiчога высветлiць. Яна толькi прысутнiчала, час ад часу танцавала, а потым здавалася, што плыве мiж натоўпу марыянетак i карыкатур, нiбы цiхi, прыгожы, невялiчкi карабель... Часам усмiхалася мне.
Млявасць начных рэстаранаў пафарбавала сцены i твары ў шэра-жоўты колер, быццам iх заплямiлi брудныя рукi. Музыка, здавалася, гучала з-пад шклянога каўпака. Лысы пiў каву. Жанчына з рукамi- яшчаркамi тупа ўзiралася ў адну кропку. Броер купiў у зморанай жанчыны ружы i падзялiў iх памiж Пат i тымi дзвюма. На пялёстках гарэлi маленькiя празрыстыя кропелькi вады.
- Давай патанцуем з табой хоць адзiн раз, - сказала мне Пат.
- Не, - сказаў я i падумаў пра рукi, якiя сёння ўжо дакраналiся да яе. Не, - i адчуў сябе даволi смешным i вартым жалю.
- Патанцуем, - сказала яна, i вочы ў яе пацямнелi.
- Не, - запярэчыў я, - не, Пат.
Нарэшце мы пайшлi дадому.
- Я падвязу вас, - сказаў мне Броер.
- Добра.
У яго машыне была коўдра, якую ён накiнуў Пат на ногi. Раптам я заўважыў, што яна вельмi бледная i змораная. Жанчына, з якой мы сядзелi каля стойкi бара, на развiтанне сунула мне ў рукi запiску. Я, як нiчога нiякага, сеў у машыну. Па дарозе я пазiраў у акно.
Пат сядзела ў кутку i не варушылася. Я нават не чуў яе дыхання. Броер павёз спачатку яе. Ён ведаў, дзе яна жыве, i не пытаўся. Яна вылезла. Броер пацалаваў ёй руку.
- Дабранач, - сказаў я, не гледзячы на яе.
- Дзе вас высадзiць? - спытаў мяне Броер.
- На наступным рагу, - сказаў я.
- Я завязу вас дадому, - адказаў ён занадта паспешлiва i ветлiва.
Ён баяўся, што я вярнуся. Я падумаў, цi не заехаць яму ў нюхаўку. Але ён быў мне абыякавы.
- Добра, тады падвязiце мяне да бара Фрэдзi, - сказаў я.
- Няўжо вас пусцяць у такi час? - спытаў ён.
- Дзякую, што вы хвалюецеся, - сказаў я, - але можаце быць упэўнены, мяне пусцяць усюды.
Калi я так сказаў, мне зрабiлася шкода яго. Пэўна ж, увесь вечар ён здаваўся сабе шыкоўным i вопытным гулякам. Не варта было разбураць гэты самападман.
З iм я развiтаўся больш зычлiва, чым з Пат.
У бары яшчэ было даволi шмат людзей. Ленц i Фердынанд Граў гулялi ў покер з гаспадаром крамы гатовага адзення Больвiзам i яшчэ некалькiмi мужчынамi.
- Падсаджвайся, - сказаў Готфрыд. - Сёння надвор'е покернае.
- Не, - адмовiўся я.
- Зiрнi толькi на гэта, - сказаў ён i паказаў на кучу грошай. - Без махлярства. Масць так i прэ.
- Добра, - сказаў я. - Здавай.
Я заявiў гульню пры двух каралях i ўзяў чатыры валеты.
- Вось як! - сказаў я. - Сёння, вiдаць, надвор'е для блефу.
- Як закон, - адказаў Фердынанд i даў мне цыгарэту.
Я не думаў доўга заставацца тут. Але цяпер я адчуў нейкi грунт пад нагамi. Настрой у мяне быў неважнецкi, але ж тут быў звыклы родны прытулак.
- Падай мне сюды паўбутэлькi рому, - крыкнуў я Фрэду.
- Размяшай яго з партвейнам, - сказаў Ленц.
- Не, - адмовiўся я. - Няма часу на эксперыменты. Хачу напiцца.
- Тады пi салодкiя лiкёры. Пасварылiся?
- Глупства.
- Не хлусi, дзiцятка. Не тлумi галаву твайму старому тату Ленцу, якi арыентуецца ў таямнiцах сэрца, як дома. Прызнайся i пi.
- З жанчынай нельга сварыцца. У крайнiм выпадку на яе можна раззлавацца.
- Як на тры гадзiны ночы - занадта тонкая рознiца. Я, шчыра кажучы, сварыўся з кожнай. Калi не сварышся, значыць, скора канец.
- Цудоўна, - сказаў я. - Хто раздае?
- Ты, - сказаў Фердынанд Граў. - Здаецца, у цябе сусветны боль, Робi. Не паддавайся. Жыццё стракатае, але не дасканалае. Мiж iншым, хоць у цябе i сусветны боль, блефуеш ты цудоўна. Два каралi - гэта ўжо нахабства.
- Аднойчы, калi я гуляў, супроць двух каралёў стаяла сем тысяч франкаў, сказаў Фрэд ад стойкi.
- Швайцарскiх цi французскiх? - спытаў Ленц.
- Швайцарскiх.
- Тваё шчасце, - растлумачыў Готфрыд. - Калi б французскiх, ты не меў бы права перапынiць гульню.
Мы гулялi яшчэ з гадзiну. Я выйграў даволi шмат. Больвiз увесь час прайграваў. Я пiў, але ад гэтага толькi балела галава. Хмель не прыходзiў. Усё толькi абвастрылася. У страўнiку пякло агнём.
- Ну, а цяпер перастань пiць i з'еш што-небудзь, - сказаў Ленц. - Фрэд, дай яму сандвiч i некалькi сардзiн. Схавай грошы, Робi.
- Яшчэ адну.
- Добра. Апошнюю. Дубальтовую?
- Дубальтовую, - сказалi астатнiя.
Я, зусiм не думаючы, прыкупiў да крыжовай дзесяткi i караля тры карты: валета, даму i туза. З гэтымi картамi я выйграў у Больвiза, у якога на руках былi чатыры васьмёркi, а стаўку ён узвiнцiў да неба. Кленучы ўсё на свеце, ён выдаў мне кучу грошай.
- Бачыш, - сказаў Ленц. - Вось гэта надвор'е па масцi.
Мы селi каля стойкi. Больвiз спытаў пра 'Карла'. Ён не мог забыцца, што Кёстэр перагнаў яго спартовую машыну. Яму хацелася купiць 'Карла'.
- Спытай у Ота, - сказаў Ленц. - Але мне здаецца, што хутчэй ён прадасць табе руку.
- Ну, ну, - сказаў Больвiз.
- Табе гэта незразумела, - заявiў Ленц, - бо ты - дзiця дзелавога дваццатага стагоддзя.
Фердынанд Граў засмяяўся. За iм - Фрэд. Нарэшце мы смяялiся ўсе. Калi каму не было смешна пры ўпамiнаннi дваццатага стагоддзя, то яму варта было застрэлiцца. Але i смяяцца доўга нельга было. Больш дарэчы - галасiць.
- Ты ўмееш танцаваць, Готфрыд? - спытаў я.