быў парваны. З кутка рота ў яго цякла кроў. Яго бойка, здаецца, закончылася ўнiчыю, бо хоць яго Фогт таксама быў у крывi, але ён стаяў на нагах. Паражэнне старэйшага брата вырашыла ўсё. Нiхто не адважваўся вымавiць хоць адно слова. Яны дапамаглi старэйшаму падняцца i пайшлi да сваёй машыны. Непаранены брат яшчэ раз вярнуўся i забраў дамкрат. Ён скасавурыўся на Кёстэра, як на нячыстую сiлу. Потым 'мерседэс' паехаў.

Аднекуль раптам з'явiўся каваль.

- Хапiла iм, - сказаў ён. - Даўно яны такога не каштавалi. Старэйшы ўжо сядзеў за забойства.

Нiхто яму не адказаў. Кёстэр раптам здрыгануўся.

- Свiнства! - сказаў ён i павярнуўся. - Давайце!

- Я тут, - адклiкнуўся Юп, падцягваючы прычэп для буксiроўкi.

- Падыдзi сюды, - сказаў я. - З сённяшняга дня ты - унтэр-афiцэр. Можаш палiць цыгары.

Мы паднялi перад машыны на прычэп i прымацавалi яго ззаду да 'Карла'.

- Думаеш, што яму не пашкодзiць? - спытаў я Кёстэра. - Наш 'Карл' iмклiвы стаеннiк, а не ўючны асёл.

Ён пахiтаў галавой.

- Тут недалёка. Дарога роўная.

Ленц сеў у пабiтую машыну, i мы пацiху паехалi. Я прыцiскаў хусцiнку да носа, гледзячы ў вечаровыя палi i на сонца перад заходам. Вакол панаваў надзвычайны спакой, нiчым не патрывожаны, i адчувалася, што прыродзе было ўсё роўна, што тварыў у свеце гэты злосны мурашнiк, якi называў сябе чалавецтвам. Шмат важней было, што аблокi паступова ператваралiся ў залатыя горы, што фiялетавыя ценi змяркання бясшумна наплывалi ад гарызонту, што жаўранкi вярталiся з бязмежнай прасторы неба ў свае барозны i што паступова на зямлю апускалася ноч.

Мы прыехалi ў свой двор. Ленц вылез з разбiтай машыны i ўрачыста зняў перад ёй капялюш.

- Вiтаем цябе, дабраславёная! Ты трапiла сюды з сумнай прычыны, але ты прынясеш нам, калi кiнуць на цябе пяшчотны, няхай i павярхоўны позiрк, трыста - трыста пяцьдзесят марак. А цяпер дайце мне шклянку вiшнёвай настойкi i кавалак мыла - хачу адмыцца ад сям'i Фогтаў.

Мы выпiлi па шклянцы, а потым узялiся адразу за разборку машыны. Не заўсёды было дастаткова таго, што гаспадар машыны заключаў з намi дагавор на рамонт. Часта прадстаўнiкi страхавых кампанiй патрабавалi перадаць заказ у адну з майстэрань, з якiмi ў iх былi кантракты. Таму мы i старалiся - чым большая была разборка, тым лепш нам. Цана зборкi аказвалася потым настолькi высокай, што дзешавей было пакiнуць машыну ў нас. Мы кiнулi работу, калi ўжо сцямнела.

- Ты паедзеш сёння на таксi? - спытаў я Ленца.

- Не, - адказаў Готфрыд. - Iмкнучыся зарабiць больш, нельга перастарацца. На сёння хопiць i гэтага.

- А мне - не, - сказаў я. - Калi ты не едзеш, то я з адзiнаццацi да дзвюх пашчыпаю начныя рэстараны.

- Я не раю, - усмiхнуўся Готфрыд. - Лепш паглядзiся ў люстэрка. У апошнi час твайму носу не шанцуе. З такiм чырвоным бураком да цябе не сядзе нiводзiн пасажыр. Iдзi спакойна дадому i пакладзi на нос кампрэс.

Ён меў рацыю. З носам сапраўды не ўсё было ў парадку. Вось чаму я развiтаўся i пайшоў дадому. Па дарозе я сустрэў Хасэ, i мы пратопалi астатак разам. Выгляд у яго быў змарнелы.

- Вы пахудзелi, - сказаў я.

Ён згодна кiўнуў галавой i расказаў мне, што ён вечарам амаль нiчога не есць. Жонка ледзь не кожны вечар ходзiць да знаёмых, якiя з'явiлiся няведама адкуль. Дамоў яна прыходзiць позна. Ён рады, што яна знайшла сабе забаву, але ў яго няма жадання ў адзiноце гатаваць сабе ежу. Ён i есцi не вельмi хоча, бо бывае занадта змораны. Я глянуў на яго збоку. Ён iшоў побач з абвiслымi плячыма, ён сапраўды верыў у тое, што казаў, але слухаць яго было жахлiва. Гэтая сям'я i цiхае сцiплае жыццё рушылiся: iм не хапала нi ўпэўненасцi, нi грошай. Я падумаў, што ёсць мiльёны такiх людзей i што iм заўсёды не хапае крыху пэўнасцi i крыху грошай. Быццё нейкiм жудасным чынам сцiснулася ў дробязную барацьбу толькi за iснаванне. Я падумаў пра сённяшнюю бойку, я ўспомнiў убачанае за апошнiя два тыднi, я ўспомнiў усё, што я ўжо зрабiў... Потым я падумаў пра Пат. У мяне раптам з'явiлася пачуццё, што ўсё гэта не можа суiснаваць. Я зрабiў завялiкi скачок, жыццё стала занадта бруднае, каб быць шчаслiвым. Гэтае шчасце не можа працягвацца, у яго больш не верылася, гэта быў толькi перадых, але не прыстанiшча...

Мы паднялiся па лесвiцы i адчынiлi дзверы. Хасэ спынiўся ў прыхожай.

- Што ж, да пабачэння...

- З'ешце сёння што-небудзь, - сказаў я.

Ён пахiтаў галавой са слабай усмешкай, быццам хацеў папрасiць прабачэння, i падаўся ў свой пусты цёмны пакой. Я паглядзеў яму ўслед. Потым я пайшоў па калiдоры, падобным на рукаў. Раптам я пачуў, што нехта цiха спявае. Я спынiўся i прыслухаўся. Гэта быў не патэфон Эрны Бёнiг, як мне спачатку здалося. Гэта быў голас Пат. Яна была адна ў пакоi i спявала. Я глянуў на дзверы, за якiмi знiк Хасэ, я зноў нахiлiўся i прыслухаўся. Раптам я сцiснуў кулакi. Лiха забяры! Няхай гэта тысячу разоў будзе перадых, а не прыстанiшча, няхай гэта ўсё тысячу разоў будзе настолькi чужое i не сумяшчальнае, што паверыць нельга - менавiта, што нельга паверыць, менавiта таму заўсёды шчасце было такое нечакана новае i ўладарнае...

Пат не чула, як я прыйшоў. Яна сядзела на падлозе перад люстэркам, так i сяк прымяраючы чорны капялюшык. Побач з ёй на дыване стаяла лямпа. Пакой быў запоўнены цёплым карычнева-залацiстым змрокам. Толькi яе твар быў ярка асветлены. Яна прысунула да сябе крэсла, са спiнкi якога звiсаў кавалак шаўковай тканiны. На крэсле ляжалi блiскучыя нажнiцы.

Я цiха спынiўся каля дзвярэй, гледзячы, як сур'ёзна яна была занятая капялюшыкам. Яна любiла сядзець на падлозе. Часта вечарам я знаходзiў яе ў якiм-небудзь куточку на падлозе, дзе яна засынала з кнiжкай у руках i сабакам пры боку.

Сабака i цяпер ляжаў каля яе. Ён завурчаў. Пат падняла вочы i ўбачыла мяне ў люстэрку. Яна заўсмiхалася, i мне здалося, быццам дзякуючы гэтаму ўсё на свеце пасвятлела. Я пайшоў праз пакой, стаў за яе спiной на каленi i, забываючы ўвесь дзённы бруд, дакрануўся вуснамi да цёплай, мяккай скуры яе галавы.

Яна паказала мне чорны капялюшык.

- Я перарабiла яго, мiлы. Табе так падабаецца?

- Шыкоўны капялюшык, - сказаў я.

- Але ж ты нават не глянуў на яго! Я абрэзала ззаду поле, а спераду заламала ўверх.

- Я ўсё добра бачу, - сказаў я, схаваўшы твар у яе валасы, - глянуўшы на твой капялюшык, парыжскiя мадэльеры збялелi б ад зайздрасцi.

- Ну, Робi! - Яна са смехам адштурхнула мяне. - Ты нiчога ў гэтым не разумееш. Цi заўважаеш ты ўвогуле, што на мне?

- Я бачу самую маленькую дробязь, - заявiў я, падсаджваючыся да яе на падлозе, але стараючыся трымаць нос у ценi.

- Няўжо? У чым жа я была ўчора ўвечары?

- Учора? - Я задумаўся. Я сапраўды не памятаў.

- Так я i ведала, мiлы! Ты ўвогуле амаль нiчога не ведаеш пра мяне.

- Сапраўды, - сказаў я. - Але менавiта ў гэтым i соль. Чым больш ведаеш адзiн пра аднаго, тым больш непаразуменняў. I чым блiжэй знаёмiшся, тым больш адчужаешся. Вазьмi, напрыклад, сям'ю Хасэ: яны ўсё ведаюць адзiн пра аднаго i спрыкралi адзiн аднаму горш, чым чужыя.

Яна надзела маленькi чорны капялюшык на галаву i стала прымяраць перад люстэркам.

- Тое, што ты кажаш, толькi напалову праўда, Робi.

- Так бывае з усiмi праўдамi, - адказаў я. - I з гэтым нiчога не зробiш. На тое мы - людзi. I сваiмi паўпраўдамi мы робiм даволi шмат глупстваў. А з праўдай мы i жыць не змаглi б.

Яна зняла капялюш i адклала яго ўбок. Потым павярнулася да мяне i заўважыла мой нос.

- Што гэта? - са страхам спытала яна.

- Нiчога асаблiвага. Толькi глядзiцца непрыгожа. Я працаваў пад машынай, i на мяне звалiлася жалязяка.

Яна з недаверам зiрнула на мяне.

- Бог ведае дзе ты пабываў зноў! Ты мне нiколi нiчога не кажаш. Я ведаю пра цябе гэтаксама мала, як i

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату