нежывы твар i гэтыя шырока раскрытыя вочы, як быццам праз дзiркi застылай шэрай маскi з халоднай цiкавасцю пазiрала нейкая iншая невядомая iстота.
Дзяўчына ўзяла шклянку вады i дала яму пiць. Пры гэтым яна трымала яго, як малога, за руку. Потым узяла булачку са стала флегматычнага абжоры з прычоскай, як у вожыка...
- На, еш... але памалу, памалу... Не адкусi мне палец... Так, а цяпер папi зноў...
Мужчына за сталом скоса прасачыў за сваёй булачкай, але нiчога не сказаў. Хворы паступова ачуняў. Ён яшчэ нейкi час жаваў, потым з цяжкасцю ўзняўся. Дзяўчына падвяла яго да дзвярэй. Потым яна хуценька азiрнулася i адчынiла сумачку.
- Вось, вазьмi... i валi адсюль. Лепей пад'еш... а не гуляй на скачках...
Адзiн з сутэнёраў, якi ўвесь час стаяў спiнай да яе, павярнуўся. У яго быў твар птушкi-драпежнiка. На галаве з вялiкiмi вушамi была надзета спартовая шапачка, на нагах - лакiраваныя туфлi.
- Што ты яму дала?
- Дзесяць пфенiгаў.
Ён штурхнуў яе локцем у грудзi.
- Вiдаць, больш... Iншы раз спытаеш у мяне...
- Кiнь, Эдэ, - сказаў другi.
Прастытутка падфарбавала вусны.
- Я ж маю рацыю, - сказаў Эдэ.
Прастытутка нiчога не адказала.
Зазванiў тэлефон. Я назiраў за Эдэ i не звярнуў увагi на званок.
- Вось гэта шанцуе! - раптам пачуў я гучны голас Густава. - Гэта ўжо не проста падвязло, гэта - падвалiла! - Ён ляпнуў мяне па плячы. - Ты адхапiў сто восемдзесят марак, шчаслiвы! Твой конiк са смешнай мянушкай перамог!
- Ды няўжо? - спытаў я.
Мужчына з разжаванай цыгарай у зубах i ў шыкоўнай яркай сарочцы кiсла кiўнуў i забраў у мяне квiток.
- Хто вам параiў?
- Я, - з жудасна пакорлiвай усмешкай, гатовы на ўсё, паспешлiва сказаў Бiлiнг i з паклонамi прабiўся наперад. - Я, калi дазволiце... мае сувязi...
- Ну, цi ведаеш... - Шэф нават не зiрнуў на яго i выплацiў мне грошы. На нейкi момант ва ўсiм памяшканнi ўсталявалася мёртвая цiшыня. Усе глядзелi на мяне. Нават той, хто абыякава жаваў увесь час, падняў галаву.
Я схаваў грошы.
- Спынiцца! - шаптаў Бiлiнг. - Спынiцца! - Твар яго пакрыўся чырвонымi плямамi. Я ўторкнуў яму ў руку дзесяць марак.
Густаў усмiхаўся, штурхаючы мяне кулаком пад скабы.
- Вось бачыш! Што я табе казаў! Трэба толькi слухаць Густава, i будзеш заграбаць грошы лапатай.
Я не стаў напамiнаць былому яфрэйтару санiтарнай службы пра Гiрсi. Ён, вiдаць, неўзабаве i сам успомнiў пра яе.
- Пайшлi, - сказаў ён. - Сёння не наш дзень.
Каля дзвярэй мяне нехта таргануў за рукаў. Я ўбачыў 'Старанную Лiзхен'.
- На каго вы паставiлi б на скачках памяцi Маслоўскага? - спытаў ён з прагнай павагай.
- Толькi на 'О, таннэнбаўм', - сказаў я i пайшоў з Густавам у пiўную, каб выпiць чарку за здароўе Сiняй Гадзiны. Праз гадзiну я зноў прайграў трыццаць марак. Я ўсё-такi не мог спынiцца. Але потым перастаў. На выхадзе Бiлiнг сунуў мне паперку.
- Калi вам штосьцi спатрэбiцца... альбо вашым знаёмым. Я - прадстаўнiк фiрмы. - Гэта была рэклама фiльмаў для паказу дома. - Пасрэднiчаю таксама пры продажы ношанага адзення, - крыкнуў ён мне ўслед. - За наяўны разлiк!
У сем гадзiн я вярнуўся ў майстэрню. 'Карл', заведзены, стаяў у двары.
- Добра, што ты прыйшоў, Робi, - усклiкнуў Кёстэр. - Мы якраз хочам праверыць яго. Сядай!
Уся фiрма стаяла, чакаючы. Ота сёе-тое змянiў i палепшыў у машыне - праз чатырнаццаць дзён ён хацеў прыняць удзел у гонках. Цяпер праводзiлася першая проба.
Мы селi ў машыну. Юп сеў каля Кёстэра, закрыўшы ўвесь твар магутнымi гоначнымi акулярамi. У яго сэрца разарвалася б, калi б яго не ўзялi з сабой. Мы з Ленцам селi ззаду.
'Карл' iрвануў. Мы выехалi з горада на шашу i пагналi з хуткасцю сто сорак кiламетраў. Ленц i я нахiлiлiся да спiнак пярэднiх сядзенняў. Вецер дзьмуў з такой сiлай, што здавалася, адарве галовы.
Паабапал шашы мiльгалi таполi, шыны свiсталi, а чароўны гук матора, нiбы дзiкi ўскрык трапiўшага на волю, прабiраў нас наскрозь. Праз чвэрць гадзiны мы ўбачылi наперадзе кропку, якая рухалася з хуткасцю 80-100 кiламетраў. Яна была няўстойлiвая i вiхляла туды-сюды. Дарога была даволi вузкая. Кёстэр збавiў хуткасць. Калi нас аддзялялi сто метраў i мы хацелi пасiгналiць, раптам убачылi, што па бакавой дарозе справа наблiжаецца матацыклiст, якi адразу ж схаваўся за кустамi каля скрыжавання.
- Лiха яго забяры! - крыкнуў Ленц. - Зараз нешта будзе!
У той самы момант мы ўбачылi матацыклiста, якi выскачыў на шашу перад самай машынай. Ён, вiдаць, не разлiчыў хуткасцi i таму спрабаваў яшчэ размiнуцца на завароце. Машына рэзка дала налева, каб такiм чынам пазбегнуць сутыкнення, але i матацыкл завярнуў налева. Машыну зноў кiнула ўправа, i яна крылом зачапiла матацыкл. Ён перавярнуўся. Матацыклiста кiнула праз руль на шашу. Машыну занесла, шафёр не справiўся з кiраваннем. Машына знесла дарожны знак, сагнула лiхтарны слуп i з шумам i трэскам урэзалася ў дрэва.
Усё гэта здарылася за некалькi секунд. У наступны момант мы падляцелi на высокай хуткасцi, колы заскрыгаталi, Кёстэр правёў 'Карла', нiбы каня, памiж матацыклiстам, матацыклам i машынай, якая стаяла ўпоперак дарогi. Ад яе валiла пара. Злева ён ледзь не зачапiў руку пацярпелага, а справа - заднi бампер чорнай машыны. Потым матор зароў, i 'Карл' зноў выйшаў на прамую. Завiшчалi тармазы, i ўсё замоўкла.
- Выдатна, Ота, - сказаў Ленц.
Мы пабеглi назад i адчынiлi дзверцы машыны. Матор яшчэ працаваў. Кёстэр выцягнуў ключ запальвання. Пыхканне матора замерла, i да нас данеслiся стогны.
Усе шыбы цяжкага лiмузiна былi пабiты. У паўзмроку машыны мы ўбачылi залiты крывёй твар жанчыны. Побач з ёю быў мужчына, зацiснуты памiж рулём i сядзеннем. Мы спачатку выцягнулi жанчыну i паклалi яе на зямлю. Яе твар быў парэзаны, некалькi асколкаў тырчалi яшчэ, але кроў iшла бесперастанку. Горш было з правай рукой. Рукаў белага касцюмнага жакета быў ярка-чырвоны. З яго сачылася кроў. Ленц разрэзаў яго. Кроў хлынула струменем i ўвесь час не пераставала iсцi. Была перарэзана вена. Ленц скруцiў жгутам насавую хусцiнку.
-- Вызваляйце мужчыну, а я тут спраўлюся адзiн, - сказаў ён. - Трэба хутчэй даставiць iх у бальнiцу.
Каб вызвалiць мужчыну, трэба было зняць спiнку сядзення. На шчасце, у нас было з сабой дастаткова iнструментаў, i справа пайшла хутка. Чалавек таксама быў увесь у крывi. У яго, вiдаць, былi паламаны скабы. Калi мы дапамаглi яму вызвалiцца, ён з крыкам павалiўся на зямлю. Было пашкоджана i калена. Але мы пакуль што нiчым дапамагчы не маглi. Кёстэр задам падагнаў 'Карла' да самага месца здарэння. Жанчына, убачыўшы яго так блiзка каля сябе, закрычала ад страху, хоць машына i рухалася вельмi павольна. Мы адкiнулi спiнку пярэдняга сядзення i паклалi мужчыну. Жанчыну мы пасадзiлi на задняе сядзенне. Я стаў побач з ёй на падножку, а Ленц з другога боку падтрымлiваў мужчыну.
- Застанься тут i прыгледзь за машынай, Юп, - сказаў Ленц.
- А дзе ж матацыклiст? - спытаў я.
- Зматаўся, пакуль мы былi занятыя, - заявiў Юп.
Мы паволi паехалi. Недадёка ад вёскi быў маленькi санаторый. Мы часта бачылi яго, праязджаючы мiма. На ўзгорку стаяў нiзкi белы будынак. Наколькi нам было вядома, тут размяшчалася прыватная псiхiятрычная бальнiца для багатых. Вядома ж, там павiнен быць лекар i кабiнет для перавязак. Мы ўз'ехалi на пагорак i пазванiлi. Выйшла вельмi сiмпатычная медсястра. Убачыўшы кроў, яна аж пабялела i пабегла назад. Адразу ж выйшла другая, старэйшая.
- Спачуваю, - сказала яна, - мы не маем абсталявання для аказання першай дапамогi пры няшчасных