вулiцы, гарэлi зялёным. Антон устаў. Ён захiстаўся i раптам заплакаў.
- Мой сабачка... цяпер i ты пакiнеш мяне... усе мяне пакiдаюць... Цiльда памерла... Мiны няма... Скажыце вы мне, навошта мне жыць такому?
Гэтага мне яшчэ не хапала! Гэтай маленькай бязрадаснай лямпачкi, якую ён уключыў, цiхага шоргату чарапах i птушак i гэтага нiзкарослага азызлага чалавека з яго крамай!
- Таўстуны... тыя-та ведаюць... але скажыце мне, навошта ўвогуле жыве наш брат? Навошта жыць нам, бедалагам? Скажыце, пан...
Малпа ўскрыкнула, нiбы паскардзiлася, i шалёна забегала на сваёй жэрдзi. Яе вялiзны цень заскакаў па сцяне.
- Кока, - усхлiпнуў гаспадар, якi ўжо напiўся, седзячы без святла, адзiны ты мой, iдзi да мяне! - Ён падставiў малпе бутэльку.
Малпа ўхапiлася за яе.
- Загубiце жывёлу, поячы гарэлкай, - сказаў я.
- Ну i няхай, - завiшчаў ён. - На ланцугу на год болей, на год меней... якая рознiца... якая рознiца... пан...
Я ўзяў сабаку, якi цёплым камяком цёрся каля мяне, i пайшоў. Жвавы сабачка, перабiраючы мяккiмi шпаркiмi лапкамi, бег каля мяне да машыны.
Я прыехаў дадому. Трымаючы сабаку на павадку, я падняўся па лесвiцы. У калiдоры я спынiўся i зiрнуў у люстэрка. Твар быў як заўсёды. Я пастукаўся ў дзверы да Пат, прыадчынiў iх i ўпусцiў сабаку. Застаўшыся стаяць за дзвярыма, я чакаў з павадком у руцэ. Але замест годасу Пат я нечакана пачуў бас фраў Залеўскi:
- О божа нябесны!
З палёгкай уздыхнуўшы, я зазiрнуў у пакой. Я баяўся першай хвiлiны сустрэчы з Пат. Цяпер усё стала лёгка. Фраў Залеўскi была надзейны амартызатар. Яна сядзела за сталом велiчна, нiбы на троне. У яе пад рукой стаяў кубачак з кавай, а побач у мiстычным парадку была раскладзена калода карт. Пат з бляскам у вачах сядзела каля яе i слухала варажбу, што будзе.
- Добры вечар, - сказаў я, адразу вельмi ўзрадаваўшыся.
- Вось i ён, - з годнасцю сказала фраў Залеўскi. - Па кароткай дарожцы ў вячэрнi час, побач чорны кароль на самым даху...
Сабака вырваўся i з брэхам пабег памiж маiх ног у пакой.
- О божа! - крыкнула Пат. - Гэта ж iрландскi тэр'ер!
- Малайцом! - сказаў я. - Некалькi гадзiн назад я гэтага яшчэ не ведаў.
Яна нахiлiлася, i сабака радасна падскочыў да яе.
- Як жа яго завуць, Робi?
- А хто яго ведае... Магчыма, Каньяк, цi Вiскi, цi нешта такое падобнае, калi меркаваць па яго апошнiм гаспадары.
- Ён цяпер наш?
- Наколькi адна жывая iстота можа належаць iншай...
Яна аж задыхалася ад радасцi.
- Мы назавём яго Бiлi, добра, Робi? Калi мама была дзяўчынкай, у яе быў сабака. Яна мне часта расказвала пра яго. Яго звалi таксама Бiлi.
- Тады я ўсё зрабiў як трэба, - сказаў я.
- Ён не брудзiць у пакоi? - спытала фраў Залеўскi.
- У яго радаслоўная як у караля, - заявiў я. - А каралi не брудзяць у пакоях.
- Але пакуль яны малыя... Колькi яму год?
- Восем месяцаў. Гэта адпавядае шаснаццацi чалавечым гадам.
- Ён не падобны да таго, хто не брудзiць, - заявiла фраў Залеўскi.
- Яго проста трэба памыць - i ўсё.
Пат устала i абняла фраў Залеўскi за плечы. Я знямеў ад здзiўлення.
- Я ўсё жыццё марыла пра сабаку, - сказала яна. - Нам можна пакiнуць яго тут, праўда ж? Вы не супроць?
Матухна Залеўскi ўпершыню, колькi я яе ведаў, засаромелася.
- Ну, што ж... няхай сабе, -дазволiла яна. - I карты паказвалi. Нечаканая навiна праз караля ў доме.
- Карты не паказалi, што мы сёння вечарам iдзём на шпацыр? - спытаў я.
Пат засмяялася.
- Да гэтага мы яшчэ не дайшлi, Робi. Карты паказвалi цябе аднаго.
Фраў Залеўскi ўстала i забрала карты.
- Можна верыць, можна не верыць, i можна верыць наадварот, як мой Залеўскi. У таго пiковая дзевятка заўсёды паказвала на няшчасце ад вадкасцi. Таму яму i здавалася, што трэба асцерагацца вады. А карты паказвалi не ваду а гарэлку i пiва...
- Пат, - сказаў я, моцна яе абдымаючы, калi тая выйшла. - Як цудоўна: прыходзiш дамоў, i ты тут. Для мяне гэта заўсёды як сюрпрыз. Калi я прабягаю апошнiя сходкi i адчыняю дзверы, сэрца ў мяне заўсёды калоцiцца: няўжо гэта праўда?
Яна з усмешкай зiрнула на мяне. Яна амаль нiколi не адказвала на такiя мае прызнаннi. Я i не мог уявiць сабе ды i не вытрываў бы, калi б яна адказала мне чымсьцi падобным. Я лiчыў, што жанчына не павiнна гаварыць мужчыне пра сваё каханне. У яе ад шчасця загаралiся вочы, i яны гаварылi больш, чым словы.
Я доўга трымаў яе ў абдымках, я адчуваў цеплыню яе скуры i лёгкi пах яе валасоў... Я абдымаў яе, i, акрамя яе, нiкога не было... Змрок адступiў, яна была са мной, яна жыла, яна дыхала... нiчога не было страчана.
- Мы сапраўды некуды пойдзем, Робi? - спытала яна на самае вуха.
- Нават усе разам, - адказаў я. - I Кёстэр, i Ленц... 'Карл' ужо чакае каля парога.
- А Бiлi?
- Вядома, i Бiлi з намi. Без яго куды мы падзелi б рэшткi вячэры? Цi ты ўжо павячэрала?
- Не яшчэ. Я чакала цябе.
- Але не трэба мяне чакаць. Нiколi. Гэта жудасна - чакаць чаго-небудзь.
Яна пахiтала галавой.
- Ты не разумееш, Робi. Жудасна бывае толькi тады, калi няма чаго чакаць.
Яна ўключыла святло каля люстэрка.
- Цяпер я пачынаю апранацца, а то не паспею. Ты таксама пераапранешся?
- Потым, - сказаў я. - Я хутка спраўлюся. Дазволь мне пабыць тут...
Я падазваў сабаку i сеў у крэсла каля акна. Я любiў сядзець вось так моўчкi i глядзець на Пат, калi яна апраналася. Нiколi я не адчуваў так востра таямнiчасцi неспазнанага адвеку ў жанчыне, як у гэтых рухах каля люстэрка, гэтым раздумлiвым назiраннi за сабой, гэтым паглыбленнi ў самую сябе, гэтым непрыкметным вяртаннi ў падсвядомае самаадчуванне жаноцкасцi. Я не мог сабе ўявiць, каб жанчына апраналася, бесклапотна размаўляючы i смеючыся. А калi такое i здаралася, то ёй не хапала таямнiчасцi i няўлоўнай чароўнасцi, якая, здаецца, увесь час знiкае. Я любiў у Пат яе мяккiя i ўсё-такi гнуткiя рухi перад люстэркам. Як цудоўна было назiраць за ёй, калi яна падбiрала валасы цi далiкатна i асцярожна падносiла аловак, як стралу, да броваў. Тады яна ў нечым была падобная да казулi, i да танклявай пантэры, i да амазонкi перад боем. Яна забывала пра ўсё на свеце, яе твар быў сур'ёзны i засяроджаны, яна ўважлiва i спакойна трымалася перад сваiм адлюстраваннем, i калi зусiм блiзка нахiлялася да яго, здавалася, што гэта ўжо не адлюстраванне, а быццам са змроку рэчаiснасцi i тысячагоддзяў дзве жанчыны смела i пранiзлiва глядзяць адна адной у вочы адвечным мудрым позiркам.
Свежы подых вечара з могiлак наплыў праз адчыненае акно ў пакой. Я сядзеў цiха, я нiчога не забыў з таго, што было пасля полудня, я ўсё добра памятаў. Але калi я паглядзеў на Пат, я адчуў тупую жалобу, якая была ўва мне, нiбы апушчаны камень, як яна ўвесь час мяняецца на дзiкую надзею i дзiўна змешваецца з ёю, як адно пераходзiць у другое - жалоба, надзея, вецер, вечар i прыгожая дзяўчына памiж асветленымi люстэркамi i лямпамi; у нейкi момант у мяне з'явiлася дзiўнае пачуццё, быццам гэта i ёсць жыццё ў самым глыбокiм сэнсе слова, а магчыма, i шчасце: каханне з такiм болем, страхам i маўклiвым веданнем.