XIX
Я з машынай чакаў на стаянцы. Пад'ехаў Густаў i заняў чаргу за мной.
- Як пажывае сабака? - спытаў ён.
- Выдатна, - сказаў я.
- А ты?
Я незадаволена махнуў рукой.
- Я таксама жыў бы выдатна, калi б больш зарабляў. Уявi сабе: сёння дзве ездкi - па пяцьдзесят пфенiгаў.
Ён кiўнуў.
- Справы iдуць усё горш. Куды нi кiнь. А што яшчэ будзе!
- А мне так трэба зарабiць! - сказаў я. - Менавiта цяпер! Шмат грошай!
Густаў паскроб скiвiцу.
- Шмат грошай! - Ён зiрнуў на мяне. - Шмат нiдзе не заграбеш, Роберт. Толькi спекуляцыяй. А можа, паспрабаваць на таталiзатары? Сёння - конныя скачкi. Я нядаўна паставiў на Аiду i выйграў у дваццаць восем разоў больш, чым паставiў.
- Дзе б нi зарабiць. Галоўнае, што ёсць шанец.
- Ты гуляў калi-небудзь?
- Не.
- Тады ў цябе шчаслiвая рука. Трэба паспрабаваць. - Ён глянуў на гадзiннiк. - Паехалi? Яшчэ паспеем.
- Добра. - Пасля таго як я набыў сабаку, я пачаў давяраць Густаву.
Бюро для закладаў знаходзiлася ў даволi прасторным памяшканнi. Справа стаяў рабочы кiёск, злева - таталiзатар. Уся вiтрына была ўвешана зялёнымi i ружовымi спартовымi газетамi i аб'явамi пра скачкi, надрукаванымi на машынцы. Уздоўж адной сцяны цягнулася стойка з двума пiсьмовымi прыборамi. За стойкай гаспадарылi тры мужчыны. Адзiн увесь час нешта крычаў у слухаўку, другi бегаў туды-сюды з паперкамi ў руках, а трэцi, без пiнжака, у сарочцы з закасанымi рукавамi i капелюшы на самай патылiцы, запiсваў стаўкi, трымаючы ў зубах тоўстую чорную цыгару.
Яго кашуля бiла ў вочы фiялетавым агнём.
На маё здзiўленне, жыццё тут бурлiла ваўсю. Тут былi толькi 'дробныя наведнiкi' - рамеснiкi, рабочыя, чыноўнiкi, некалькi прастытутак i сутэнёраў. Як толькi за намi зачынiлiся дзверы, да нас падскочыў чалавек у брудных шэрых гамашах, шэрым капелюшы i парваным шэрым сурдуце.
- Фон Бiлiнг. Даю парады! Без промаху!
- На тым свеце параiш! - адказаў Густаў, твар якога тут раптам перамянiўся.
- Толькi пяцьдзесят пфенiгаў, - не здаваўся Бiлiнг. - Асабiста знаёмы з трэнерамi. З даўнiх часоў, - дадаў ён, злавiўшы мой позiрк.
Густаў ужо чытаў спiсы коней.
- Калi выходзiць Атэйль? - крыкнуў ён у бок стойкi.
- У пяць гадзiн, - праквакаў памочнiк.
- Фiламена, няўклюда, - прабурчаў Густаў. - Казённая кляча... - Ён ад хвалявання пакрыўся потам. - Хто наступны?
- Хопэргартэн, - сказаў нехта каля яго.
Густаў працягваў вывучаць спiс.
- Для пачатку мы з табой паставiм па дзве маркi на Трыстана. Ён пераможа, - заявiў ён мне.
- А ты хоць штосьцi петрыш у гэтым? - спытаў я.
- Петру? - перапытаў Густаў. - Тут я ведаю кожны капыт.
- I вы ставiце на Трыстана? - спытаў нехта побач. - Старанная Лiзхен, сябра, вось адзiны шанец. Я ведаю Джонi Бэрнса асабiста.
- А я, - агрызнуўся Густаў, - сам гаспадар стайнi, адкуль Старанная Лiзхен. Я лепей ведаю.
Ён крыкнуў чалавеку за стойкай нашы стаўкi. Мы атрымалi квiток i селi ў кавярнi, дзе стаяла некалькi сталоў i крэслаў. Мiма нас у паветры лёталi розныя iмёны. Некалькi рабочых абмяркоўвалi коней у Нiцы, два паштовыя чыноўнiкi вывучалi прагноз надвор'я ў Парыжы, а нейкi фурман пахваляўся, што i ён калiсьцi быў наезднiкам. Толькi таўстун з прычоскай-'вожыкам' сядзеў моўчкi за сваiм столiкам i паглынаў булачкi. А яшчэ два стаялi, прыхiлiўшыся да сцяны, i прагна глядзелi на яго. У руках у iх былi бiлеты, але твары былi такiя запалыя, быццам некалькi дзён яны нiчога не елi.
Зазвiнеў тэлефон. Усе прыслухалiся. Памочнiк выкрыкнуў мянушкi коней. Пра Трыстана нiчога не было чуваць.
- Лiха яго забяры! - сказаў Густаў, зачырванеўшыся. - Саламон прыйшоў першы! I хто б мог падумаць? Можа, вы? - злосна спытаў ён прыхiльнiка Стараннай Лiзхен.
- Вы таксама аказалiся сярод тых, што 'затым прыйшлi'...
Каля нас з'явiўся фон Бiлiнг.
- Панове, каб паслухалiся мяне... я вам сказаў бы: Саламон! Толькi Саламон! Можа, на наступны забег...
Густаў нават слухаць не захацеў. Ён ужо супакоiўся i распачаў са 'Стараннай Лiзхен' дзелавую размову.
- Вы разбiраецеся ў конях? - спытаў мяне Бiлiнг.
- Анi ў зуб, - сказаў я.
- Тады стаўце. Стаўце! Але - толькi сёння! - дадаў ён шэптам. - I больш нiколi. Паслухайце мяне. Пастаўце... усё роўна на каго... на Караля Лiра цi на Срэбную Моль, магчыма, на Сiнюю Гадзiну. Мне нiчога не трэба. Дасцё мне толькi, калi выйграеце. - Ён аж трос барадой ад азарту. Я ведаў заканамернасць з покера: навiчкi часта выйграюць.
- Добра, - сказаў я. - На каго?
- Як хочаце... як хочаце...
- Сiняя Гадзiна... гучыць нядрэнна, - сказаў я. - Што ж... дзесяць марак на Сiнюю Гадзiну.
- Цi не звар'яцеў ты? - спытаў Густаў.
- Не.
- Дзесяць марак на гэтую здыхляцiну. Яе ўжо даўно варта пусцiць на каўбасу.
'Старанная Лiзхен', якi толькi што абазваў Густава жывадзёрам, цяпер падтрымаў яго:
- Во дае! Ставiць на Сiнюю Гадзiну! Чалавек! Гэта ж карова, а не конь! Майскi Сон абгонiць яе на дзвюх нагах, толькi так! Ставiце на першае месца?
Бiлiнг заклiнальным позiркам глянуў на мяне. Ён рабiў мне знакi.
- На першае, - сказаў я.
- Заказвай труну, - з пагардай параiў 'Старанная Лiзхен'.
- Дзiвак! - Густаў таксама глядзеў на мяне, як на нейкага гатэнтота. - На Гiрсi стаў... тут ясна i немаўляцi.
- Як сказаў, так i будзе: стаўлю на Сiнюю Гадзiну.
Цяпер я ўжо не мог змянiць рашэння - гэта было б супроць усякiх правiлаў.
Мужчына ў фiялетавай сарочцы перадаў мне квiток. Густаў i 'Старанная Лiзхен' разглядалi мяне як хворага на чуму. Яны вiдавочна адсунулiся ад мяне i падалiся да стойкi, каб там, гучна смеючыся адзiн з аднаго, але i не хаваючы ўзаемапавагi спецыялiстаў, паставiць на Гiрсi i Майскi Сон.
У гэты час з ног звалiўся адзiн са зняможаных дваiх, што стаялi каля пярэднiх сталоў. Ён ссунуўся па сцяне i гулка стукнуўся аб дол. Два паштовыя чыноўнiкi паставiлi яго на ногi, а потым пасадзiлi на крэсла. Яго твар зрабiўся бледна-шэры. Рот разявiўся.
- А божа! - сказала адна з прастытутак, поўная смуглявая жанчына з гладкай прычоскай i нiзкiм iлбом. - Прынясiце хто-небудзь кубак вады.
Я здзiвiўся, што мала хто звярнуў увагу на непрытомнага. Большасць прысутных толькi зiрнулi на яго i зноў засяродзiлiся на скачках.
- Гэта здараецца часта, - сказаў Густаў. - Беспрацоўныя. Прайграюць апошнi пфенiг. Спадзяюцца на буйныя выйгрышы, ставяць дзесяць, чакаюць тысячу.
Фурман прынёс з кiёска шклянку вады. Чарнявая прастытутка памачыла ў ёй сваю хусцiнку i стала церцi чалавеку лоб i скронi. Ён уздыхнуў i раптам расплюшчыў вочы. У гэтым было штосьцi жудаснае: зусiм